АЧС: прафілактыка – на першым плане

75

АЧС: прафілактыка – на першым планеТэма афрыканскай чумы свіней зараз у рэспубліцы ва ўсіх на слыху. Шмат разнастайнай інфармацыі даносяць насельніцтву тэлебачанне і радыё, газеты, інтэрнэт. Хапае, як нярэдка здараецца, і чутак. Сітуацыя, сапраўды, не ардынарная, закранае многія сферы жыцця: сельгасвытворчасць, гандаль, вясковыя падворкі ў рэшце рэшт. У сувязі з гэтым мы і запрасілі да размовы  галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна С. Ч. ЕРМАКОВІЧА.

— Станіслаў Часлававіч, наколькі нечаканай стала АЧС для ветэрынарнай службы? Бо, як вядома, любую хваробу лепш папярэдзіць …

— Адразу заўважу: знянацку гэта навала нас не застала. Пачалі рыхтавацца яшчэ з 2011 года ў рамках рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па папярэджанні і ліквідацыі афрыканскай чумы. Было вядома ўжо, што чума пачала распаўсюджвацца з паўднёвых раёнаў Расіі і паступова набліжаецца да нашай мяжы. У апошні час гэты працэс набыў масавы характар. Але яшчэ раз паўтаруся, мы аказаліся гатовымі да вырашэння ўзнікшай праблемы.— І якая задача ставіцца зараз?

— Найперш трэба захаваць комплексы, бо з іх атрымліваем найбольшую колькасць свініны. Ды і абаронена там жывёла ад розных інфекцый, як правіла, лепш, чым на звычайных фермах. Шмат чаго зроблена па пытаннях біялагічнай абароны за апошні год і на комплексе “Брусы”. А цяпер, у сувязі з пагрозай АЧС, вакол яго ствараецца так названая буферная зона. Гэта значыць, што ў радыусе не менш пяці кіламетраў людзі не павінны ўтрымліваць свіней. У тым ліку, і работнікі комплексу на сваіх падворках. Дадам, што асноўнай крыніцай заражэння свіней з’яўляюцца на сёння дзікі. У нашым раёне пакуль не зарэгістраваны масавыя захворванні гэтай жывёлы. Тым не менш, расслабляцца не даво¬дзіцца. У раёне створана камісія па барацьбе з АЧС. У выпадку ўзнікнення ачага, ён будзе неадкладна ізаляваны. Вызначаны канкрэтныя спецыялісты для гэтай мэты. Адначасова Нацыянальнаму парку “Нарачанскі” даручана ў радыусе 20 кіламетраў ад комплексу “Брусы” правесці адстрэл дзікоў. Толькі неабходна гэтым займацца больш актыўна.

— Скажыце, акрамя дзікоў, якія яшчэ крыніцы заражэння?

— Вірус можа быць занесены ў раён і праз санаторныя установы. Адпачываючыя туды прыбываюць, як вядома, з самых розных месцаў, у тым ліку і рэгіёнаў, дзе рэгіструецца чума. Вядома, прывозяць і свой харч… У сувязі з пагрозай АЧС запатрабавана таксама ад кіраўнікоў здраўніц забараніць рэалізацыю харчовых адыходаў насельніцтву.

— Станіслаў Часлававіч, давайце звернемся да прыватнага сектара. Як і што рабіць гаспадару, які выгадаваў на законнай падставе парсючка і хоча яго сам з’есці альбо прадаць?

— Пытанне слушнае. Пасля таго, як свіння заколатая, абавязкова трэба паклікаць ветэрынарнага спецыяліста, каб паглядзеў ці ёсць прыкметы захворвання. Так, да прыкладу, селязёнка будзе павялічана ў два-чатыры разы, адбудуцца масавыя кровазліцці ва ўнутраных органах і г. д. Галоўнае тут — не ўтойваць гэту праблему! Цяпер што тычыцца продажу мяса. На тэрыторыі раёна дазваляецца рэалізоўваць свініну толькі комплексу “Брусы”, забойнаму цэху ААТ “Занарацкі”, арганізацыям райспажыўсаюза і мясакамбінатам вобласці. Канечне, пад строгім кант¬ролем адпаведных службаў. А вось перад прадпрымальнікамі пастаўлены, вобразна кажучы, шлагбаум. Чаму? Справа ў тым, што мяса яны бяруць у прыватнікаў і вельмі цяжка прасачыць наколькі ўсё яно якаснае, не выключана фальсіфікацыя. Да таго ж, не хапае халадзільнага абсталявання (асабліва летам), каб захоўваць як след. Вядома ж, уведзенае абмежаванне выклікае незадавальненне, але сітуацыя з АЧС вымагае паступаць менавіта так. Афрыканская чума свіней хоць і бясшкодная для чалавека, але ж дзеля таго і існуюць санітарныя нормы, каб мяса з паталогіяй альбо інфіцыраванае не трапляла да нас на стол!

— І наколькі працягнецца забарона?

— Да таго часу, пакуль на тэрыторыі Мінскай вобласці не будуць зняты абмежаванні з раёнаў так названай першай пагражальнай зоны, дзе масава забіваюць свіней у прыватным сектары.

— Ці адбылася такая вось вымушаная акцыя на падворках нашых вяскоўцаў?

— З мэтай прафілактыкі АЧС у ліпені мы правялі на тэрыторыі Будслаўскага сельсавета планавую работу па зніжэнні колькасці свінапагалоўя ў насельніцтва, аб чым людзі былі загадзе папярэ¬джаны. Тое ж тычыцца і іншых сельсаветаў. Адначасова і мясцовыя таварыствы павінны ўстрымацца пэўны час (хаця б год) ад рэалізацыі парасят насельніцтву. Гэта не значыць, што людзям забароняць увогуле трымаць свіней. Ва ўсялякім разе, на сёння так пытанне не стаіць. І на заканчэнне хачу ўсіх супакоіць: у любым выпадку без мяса на прылаўках крамаў мы не застанемся!

Гутарыў

Аляксандр БЫКАЎ.