Аб тым, што сёння турбуе …

83

Аб тым, што сёння турбуе …НАДЗЁННЫЯ пытанні нашага турботнага жыцця пастаянна хвалююць людзей. Акрамя ўсяго, разам з рэальнымі праблемамі ўзнікаюць часам розныя чуткі, здагадкі, якія патрабуюць тлумачэння кампетэнтных асоб. На гэту вось актуальную тэму наша размова са старшынёй раённага Савета дэпутатаў А. А. БАРОЎКАМ.

— Алег Алегавіч, на чым найперш хацелі б сёння засяродзіць увагу?

— Традыцыйна адной з важнейшых тэм з’яўляецца закуп малака ад насельніцтва. Гэтыя пытанні ў раёне паспяхова вырашаюцца. Малако закупляецца на працягу года і бярэцца ад усіх гаспадароў, якія пажадалі прадаць лішкі сваёй прадукцыі дзяржаве. Нават, калі ў вёсцы ўтрымліваецца адна карова. Не спыніўся працэс і сёлетняй складанай зімой, калі паўсюдна замятала дарогі. Станоўчую ролю адыгрывае тое, што закупам займаюцца цяпер індывідуальныя прадпрымальнікі, якія, зразумела, маюць непасрэдную зацікаўленасць. Своечасова праводзяцца і разлікі. Дарэчы, сёлета з 1-га жніўня ўзняты закупачныя цэны, яны складаюць 2820 рублёў за літр. Нагадаю, што цэны на малако вызначаюцца адпаведнай пастановай Міністэрства сельскай гаспадаркі і іх узровень з’яўляецца агульным для ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. На Міншчыне за кожны здадзены літр малака дадаткова з абласнога бюджэту даплачваецца зараз 110 рублёў. Па-ранейшаму застаецца злабадзённым пытанне якасці, хаця сёлета такая, да прыкладу, прычына, як антыбіётыкі, паўставала значна радзей. Але трэба памятаць, што, калі здаць малако ад каровы, якая знаходзіцца на лячэнні, можна тым самым сапсаваць усю закупляемую партыю. Што немінуча закране інтарэсы іншых гаспадароў.

— Адна з актуальных у летне-асенні перыяд тэм — прыдарожны гандаль. Наколькі ведаю, у гэтай сферы адбыліся пэўныя змены.

— Сапраўды, цяпер да такога віду гандлю патрабаванні ўзмоцнены. Па-першае, забаронена рэалізацыя на вуліцы прадукцыі з уласнага падворка: хатніх каўбас, сала, малака. Па-другое, любы гандаль павінен быць упарадкаваны. Нашы мясціны багатыя на грыбы і ягады, таму натуральна, што насельніцтва займаецца іх зборам. Тым больш ёсць нядрэнны рынак збыту: шматлікія госці Нарачанскага краю, турысты з ахвотай набываюць дары лесу. І калі гандаль адбываецца ў прыдарожных палосах, трэба памятаць, што на першы план павінна выходзіць захаванне бяспекі дарожнага руху, жыцця людзей. У гэтым сезоне былі вызначаны спецыяльнымі рашэннямі Мядзельскага і Сваткаўскага сельсаветаў гандлёвыя кропкі, дзе можна займацца такой дзейнасцю. Яны абсталяваны адпаведнымі навесамі, якія і адыгрываюць функцыю абазначэння дазволенага месца. Пры выбары мы імкнуліся максімальна ўлічыць “гістарычныя” месцы прыдарожнага гандлю. Вядома ж, з умовай, што ёсць з’езд для машын, створаны прыдарожныя “карманы”. Сёння, лічу, такіх кропак дастаткова. Пры неабходнасці будуць абсталяваны дадатковыя. Любы гандаль пры дарогах у іншых месцах з’яўляецца ўжо несанкцыянаваным, за яго прадугледжана адміністрацыйнае спагнанне.

— І апошняе пытанне, Алег Алегавіч. Па-ранейшаму на слыху такая нашумелая праблема, як афрыканская чума свіней…

— У сродках масавай інфармацыя гэта тэма падрабязна асветлена. Але мушу яшчэ раз нагадаць тым, хто ўтрымлівае свіней на ўласным падворку: строга захоўвайце меры перасцярогі! Некаторыя з іх зусім простыя. Ваша свінапагалоўе павінна ўтрымлівацца толькі ў хляве, яго неабходна надзейна ізаляваць ад іншай хатняй жывёлы. Абавязкова рабіце тэрмічную апрацоўку кармоў. Патрэбна таксама прыняць меры па барацьбе з мухамі, грызунамі, зрабіць дэзінфекцыйныя бар’еры. Калі вы наведалі лес, пасля абавязкова павесьце свой абутак на сонца, а не ідзіце ў ім у хлеў. Выканаць гэтыя патрабаванні ўсім па сілах. І, канечне, надалей пастаянна сачыце за паступаючай інфармацыяй, каб быць, як кажуць, у курсе спраў. Бо гэта бяда можа прыйсці нечакана.

Гутарыў Аляксандр БЫКАЎ.