ААТ «Будслаўскае» — срэбра па ўраджайнасці кукурузы

130

ААТ "Будслаўскае" - срэбра па ўраджайнасці кукурузыПА ўраджайнасці кукурузы ААТ “Будслаўскае” займае другое месца па раёне, саступаючы толькі “Занарачанскаму”. Па стане на раніцу 21 верасня ў гаспадарцы царыца палёў убрана на плошчы 148 га (53,8%), сабрана 4530 т зялёнай масы, закладзена 3760 т кукурузнага сіласу; ураджайнасць — 306 ц/га.
***
На ўскрайку поля ля станцыі “Будслаў”, дзе якраз і ўбіраюць царыцу палёў, гутарым з аграномам гаспадаркі Францам Томкавічам. “Уборачная плошча складае 275 гектараў, з іх 40 плануем пакінуць на зерне, — распавядае ён. — Ураджайнасцю хваліцца не вельмі выпадае — яна крыху перавышае 300 цэнтнераў з гектара. Працоўны дзень у нас пачынаецца з сямі раніцы. Камбайнам КВК-800 “Палессе” ўбірае кукурузу Вячаслаў Аўгусціновіч. На адвозцы працуе пяць адзінак тэхнікі: “Беларус-3022” з паўпрычэпам “ПМФ-18” (Уладзімір Нарэйка), “Беларус-1221” з паўпрычэпам “ПС-45”(Аляксандр Сташкевіч), “МАЗ”-дзесяцітоннік (Алег Кратовіч), “ЗіЛ-131” (Фелікс Сіняўскі) і “МАЗ”-пяцітоннік (Вікенцій Канопскі). Работнікі надзейныя, ва ўсіх, акрамя Аляксандра Сташкевіча, за плячыма не адзін дзясятак год працы ў гаспадарцы”.
…Уладзімір Нарэйка за дзень паспявае зрабіць рэйсаў 10-12. Сёлетні ўраджай царыцы палёў ветэран будслаўскіх палеткаў ацэньвае як сярэдні: маўляў, няхай сабе, але і значна лепшыя здараліся. А вось надвор’е, па словах Уладзіміра Сідаравіча, палявым работам пакуль спрыяе — не тое, што летась.
ААТ "Будслаўскае" - срэбра па ўраджайнасці кукурузыКаб сфатаграфавацца, па нашай просьбе ненадоўга пакідае кабіну новенькага КВК-800 “Палессе” Вячаслаў Аўгусціновіч. Вось у каго працоўны дзень праходзіць, як кажуць, у рэжыме “нон-стоп”. Бо калі занятыя на адвозцы ўсё ж могуць крыху перавесці дух у чаканні сваёй чаргі, дык Вячаслаў Іванавіч спыняе камбайн хіба што каб паабедаць. Разумее: ад яго руплівасці залежаць тэмпы корманарыхтоўкі. А таксама заробкі — як уласны, так і занятых на адвозцы вадзіцеляў ды механізатараў.
Людзі, працоўны стаж якіх у “Будслаўскім” вымяраецца дзесяцігоддзямі, не скардзяцца на цяжкасці. І калі наракаюць — дык толькі на тое, што механізатарскі калектыў старэе, а выпускнікі прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў не спяшаюцца ўладкоўвацца ў гаспадарку. Моладзь не дужа вабяць нялёгкая праца ад рання да змяркання і не самыя высокія заробкі.
…На сіласнай траншэі каля малочнатаварнай фермы “Палессе” знаёмімся з Аляксеем Фірагам. Хлопцу 24 гады, ён — самы малады механізатар таварыства. Ураджэнца Будслава не палохаюць няпростыя рэаліі сельскай гаспадаркі. Пасля заканчэння Вілейскага прафесійна-тэхнічнага каледжа ўладкаваўся ў Мядзельскае ПМС, а ў сельгаставарыства прыйшоў, ужо адслужыўшы ў войску. Працуе на трактары “Фэндт”, цяпер заняты на трамбоўцы сіласнай масы. “Аляксей — годная замена старэйшым механізатарам”, — хваліць хлопца аграном.
…Пэўныя надзеі ўскладаюць у гаспадарцы і на Аляксандра Сташкевіча. Ён мясцовы, у Мар’інагорскім каледжы атрымлівае адукацыю па спецыяльнасці “тэхнічнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі”. Бацькі Аляксандра — не аграрыі: тата працуе на чыгунцы, а матуля — сацыяльным работнікам. Так што хлопца ў сельскагаспадарчую навучальную ўстанову прывяла не сямейная традыцыя, а, паводле яго слоў, любоў да тэхнікі. Цяпер Аляксандр на практыцы, выказаў жаданне папрацаваць на адвозцы кармоў. “А ўлетку сеў за руль камбайна, — распавядае Франц Томкавіч, — і, хай у лідары не выйшаў, але зрабіў годны ўнёсак”.
***
ААТ "Будслаўскае" - срэбра па ўраджайнасці кукурузыВядома, не толькі ад нялёгкай працы механізатараў і вадзіцеляў залежыць агульны вынік. На тую ж ураджайнасць ой як уплываюць капрызы надвор’я, наяўнасць (ці адсутнасць) дастатковай колькасці ўгнаенняў, сродкаў аховы раслін, паліва… А працаваць у “Будслаўскім” умеюць. Нездарма ж работнік гэтай гаспадаркі не аднойчы быў удзельнікам рэспубліканскіх
Дажынак. Па выніках корманарыхтоўкі, дарэчы…

Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.