52-гі асобны пошукавы батальён працуе непадалёку ад вёскі Ніўкі

1039

У ЛЕСЕ непадалёку ад вёскі Ніўкі, што ў Княгінінскім сельсавеце, працуе 52-гі асобны пошукавы батальён. Тут жа сустракаю супрацоўнікаў Следчага камітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Пракурор раёна Віталій АФАНАСЕНКА расказвае:

52-гі асобны пошукавы батальён працуе непадалёку ад вёскі Ніўкі

— У рамках крымінальнай справы, узбуджанай Генеральнай пракуратурай краіны па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд, праводзяцца праверачныя мерапрыемствы па выяўленні месцаў забойства і пахавання мірных ахвяр на Мядзельшчыне. Жыхар вёскі Ніўкі паведаміў, што ад старэйшых сваякоў чуў пра забойства фашыстамі мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці і паказаў меркаванае месца пахавання. Ён расказаў, што адразу ворагі забілі частку яўрэйскага насельніцтва Нівак. Праз нейкі час з’явіліся зноў, каб знішчыць астатніх. Людзі не паспелі схавацца ці штосьці прыхапіць з сабой — уцякалі, у чым былі. Па іх стралялі з кулямётаў, а потым загадалі вясковым мужчынам збіраць трупы і на фурманках звозіць сюды (мяркуецца, тут быў кар’ер). 52-гі асобны пошукавы батальён пачаў раскопкі — і інфармацыя пацвердзілася. Знойдзеныя астанкі ачышчаюцца і накіроўваюцца на экспертызу. На асобных чарапах — меркаваныя кулявыя адтуліны. Ускосна пацвярджае інфармацыю і характар пахавання: у яме дыяметрам каля двух метраў людзі ляжалі ўпокат. Наколькі можна меркаваць, сярод іх былі і жанчыны, і дзеці… Ужо знойдзены астанкі больш як сарака чалавек. Удзень на раскопках працуе пошукавы батальён. А ўначы месца пошуку ахоўвае міліцыя, каб дзікія жывёлы не парушылі захаванасць улік. …У сувязі з далейшым расследаваннем крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны час прашу жыхароў Мядзель­шчыны накіроў­ваць у Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, або пра­куратуру Мінскай вобласці, або Мядзельскага раёна дакументы, матэрыялы, заявы, іншыя звесткі аб дзеяннях нямецкіх акупацыйных улад і іх памагатых, банд­фар­міраванняў па зні­шчэнні цывільнага насельніцтва Беларусі і іншых фактах генацыду.

                                                          * * *

Уладзімір ЮРЭВІЧ нара­дзіўся праз 12 год пасля вайны, але гісторыю забойства тутэйшых яўрэяў ведае.

52-гі асобны пошукавы батальён працуе непадалёку ад вёскі Ніўкі Ён і ёсць той самы жыхар вёскі Ніўкі, які паказаў меркаванае месца пахавання. Факт знішчэння яўрэяў не быў сакрэтам у пасляваенныя гады, а пра месца пахавання Ула­дзімір Уладзіміравіч хлап­чуком даведаўся ад сваёй бабулі, калі разам былі ў грыбах. Мужчына цікавіцца гісторыяй роднага краю, мае карту тутэйшых мясцін 1933 года. На ёй побач з вёскай Ніўкі пазначана аднайменная яўрэйская калонія на 18 двароў. “Быў і цагляны заводзік, — расказвае Уладзімір Уладзі­міравіч. — Хат яўрэйскіх даўно няма, толькі ад некаторых падмуркі засталіся. А іх жыхары, мабыць, усе тады і палеглі. Каб жывы хто застаўся, пасля вайны шукаў бы, напэўна, дзе родныя пахаваны. Але ніхто сюды не прыязджаў”. Ад старэйшых вяскоўцаў мужчына чуў, што ворагі награнулі ў яўрэйскую калонію знянацку. Людзі кінуліся ўцякаць па жыце, а па іх стралялі з кулямётаў. А потым загадалі сялянам збіраць целы па збажыне і на фурманках звозіць дзесьці за кі­ламетр ад Нівак у ямы (пра паходжанне апошніх Ула­дзімір Уладзі­міравіч добра не ведае: можа, пясок бралі, а можа — бульбу захоўвалі). “Немцы, пэўна, паліцаям сказалі гэта зрабіць, а тыя ўжо вяскоўцаў прымусілі, — выказвае здагадку Уладзімір Юрэвіч. А потым пытаецца: — Як здарылася цяпер, што ў некаторых краінах ушаноўваюць памяць фашысцкіх памагатых?”

52-гі асобны пошукавы батальён працуе непадалёку ад вёскі Ніўкі

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Фота аўтара.