Зімовае загартоўванне

326

Зімовае загартоўваннеМЫ часта чуем, што пачынаць загартоўвацца патрэбна ў цёплую пару года. Маўляў, тады нагрузка на арганізм меншая, і невялікае ўзрушэнне яму не пашкодзіць. Так гэта ці не? Тут якраз і хаваецца псіхалагічная памылка. Мы прывыклі лічыць, што загартоўванне — гэта стрэс. А яго, па магчымасці, як вядома, трэба пазбягаць. Што мы і робім. Пры такім падыходзе, канечне, карысці для здароўя не будзе.

Здаровыя думкі — аснова ўмацавання чалавека, таму, для пачатку, паверце ва ўласны арганізм: што не падчэпіце насмарку літаральна ад кожнага скразняку, не захварэеце, калі выпадкова выбежыце з дому без рукавіц, не пацерпіце ад моцнага марозу… І абавязкова паверце ў арганізм свайго дзіцяці! У яго цудоўны запас здароўя ад нара¬джэння, і вам неабходна толькі падтрымліваць яго, развіваць.Спосабаў умацавання шмат. І не варта рабіць тое, што непрыемна вам альбо дзіцяці. Не лю¬біце халодную ваду — не аблівайцеся. Гэта ж не прычына, каб не займацца загартоўваннем ўвогуле! Пагуляйце, напрыклад, у снежкі голымі рукамі. Не прыходзьце на каток захутанымі па вушы, паспрабуйце ў наступны раз замест рукавіц надзець пальчаткі. Захлюпала дзіця носам пасля катання? Падумайце, а можа гэта проста арганізм разагрэўся і ачышчаецца і яму толькі трэба дапамагчы адпаведнымі траўкамі! Дазваляйце бегаць босым па халоднай падлозе напачатку хаця б пяць мінут у дзень.

Дарэчы, аб травах. Калі ёсць магчымасць сушыць іх летам — цудоўна! У іншым выпадку трэба набываць у аптэцы. Можна кожны год сушыць лісты чорных парэчак, ажыны, а яшчэ — перцавую мяту, светаяннік, мелісу, крываўнік. Лісты абляпіхі не менш карысныя, чым іх плады. Вельмі карысны Іван-чай. Звярніце ўвагу, якія расліны “пасяляюцца” ў вашым доме. Не забывайце аб тых, якія ачышчаюць паветра, робяць яго больш вільготным. Няхай гэта будуць хаця б хларафітум, цыперус, спацыфілум.

Займайцеся спортам. Рабіце зарадку, пажадана з адкрытай форткай. Часцей будзьце на свежым паветры, лавіце сонейка. Аб здаровай ежы таксама не забывайце, бо зімой і так не хапае вітамінаў.

І самае галоўнае — не губляйце аптымізму, радуйцеся кожнаму пражытаму дню!

С. НАДТАЧЭЕВА.

Урач-педыятр ЦРБ.