З інфекцыяй можна дамовіцца — уражаннямі пра прышчэпкі супраць каранавіруса дзеліцца Валянцін Бабровіч

340

МУЖ і жонка Бабровічы з Мядзела прайшлі ўжо два этапы вакцынацыі супраць СOVID-19. Сваімі ўражаннямі пра прышчэпкі дзеліцца з чытачамі раёнкі галава сям’і Валянцін БАБРОВІЧ:

З інфекцыяй можна дамовіцца - уражаннямі пра прышчэпкі супраць каранавіруса дзеліцца Валянцін Бабровіч— Мы з жонкай мэтанакіравана ішлі на вакцынацыю. Больш за тое, з нецярпеннем чакалі, калі яна пачнецца. Спадабаліся ўмовы, у якіх праводзілася вакцынацыя. Усе пацыенты праходзілі спачатку агляд урача. У кожнага правяралі тэмпературу цела, насычанасць кіслародам крыві. Пасля атрымання дазволу на прышчэпку мы падпісалі адпаведныя дакументы і прайшлі гэту працэдуру.

Я асабіста за вакцынацыю, але баяўся яе рабіць, бо адношуся да групы рызыкі па некаторых захворваннях. Аднак урач пераканала, што прышчэпка, наадварот, умацуе імунітэт, і мой арганізм у выпадку сутыкнення з інфекцыяй зможа яе лёгка пераадолець.

Ампула з вакцынай разлічана на пяць ін’екцый. Пакуль яна размарожвалася, медсястра расказала нам пра прызначэнне прэпарата і яго дзеянне. Назвала і пабочныя сімптомы, якія можа выклікаць прышчэпка, і толькі пасля гэтага ўсім пяці зрабіла ўколы. Яшчэ на працягу 30 хвілін мы знаходзіліся пад назіраннем медыкаў. Як яны патлумачылі, на ўсялякі выпадак.

Пад вечар я адчуў ламату ў суставах. Так у мяне пастаянна бывае, калі пачынаецца грып. Праз дзень-другі ўсё прайшло. Ні тэмпературы, ні насмарку, ні кашлю, ні галаўнога болю не было. Дарэчы, пра ламату ў целе расказваў у інтэрв’ю пасля першай фазы прышчэпкі і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін. А вось мая жонка, Соф’я Міхайлаўна, перанесла вакцынацыю добра, без сімптомаў. Толькі крышку балела рука на месцы ўкола.

Праз 21 дзень мы ўдваіх зноў разам накіраваліся ў паліклініку. Тэрапеўт, як і першы раз, правяла медыцынскі агляд. Пасля прышчэпкі мы зноў паўгадзіны знаходзіліся пад назіраннем медыкаў, і толькі калі яны пераканаліся, што з намі ўсё нармальна, адпусцілі.

Пасля другога ўкола і я, і жонка адчувалі сябе нармальна. Ніякіх пабочных сімптомаў не было. А самае галоўнае, што пасля прышчэпкі ўсё наша жыццё памянялася. Хочацца займацца справамі, быць патрэбнымі. Увогуле адчуваем сябе больш спакойна і ўпэўнена, а гэта вельмі важна. Часцей выбіраемся ў магазін, а не так, як раней, толькі пры неабходнасці. Праўда, дагэтуль выконваем неабходныя санітарна-медыцынскія патрабаванні, якія ў грамадскіх месцах ніхто не адмяняў.
Шмат чытаў, чуў па тэлебачанні, што спецыялісты хваляць расійскую вакцыну “Спутник V”. А таксама тое, што яна дае магчымасць захавання імунітэту супраць каранавіруса на год, а магчыма, і на большы перыяд. А гэта — гарантыя нашай бяспекі і бяспекі родных, блізкіх, суседзяў, знаёмых.

Запісала
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

Соф’я Міхайлаўна поўнасцю падзяляе погляды мужа наконт важнасці прышчэпак супраць СOVID-19. Жанчына пераканана, што толькі масавая вакцынацыя можа спыніць распаўсюджванне гэтай хваробы. Яна лічыць, што чым больш людзей будзе прышчэплена, тым меншай стане верагоднасць падхапіць гэту каварную інфекцыю. А значыць, спакой за сябе, за сваіх родных і блізкіх вернецца ў нашы сэрцы.