Якія меры перасцярогі ад каранавіруса прымаюцца ў гімназіі-інтэрнаце Мядзела

536

Дырэктар гімназіі-інтэрната горада Мядзела Ірына Азарка расказала, якія меры перасцярогі прымаюцца ва ўстанове адукацыі:

— На аснове рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя мы распрацавалі свой план арганізацыйных і супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.

У пачатку і ў канцы працоўнага дня вымяраецца тэмпература цела ў работнікаў, звесткі заносяцца ў спецыяльны журнал і завяраюцца подпісам. Вучням тэмпературу вымяраем бескантактным тэрмометрам і таксама фіксуем у спецыяльным журнале. Туды ж заносім кароткія звесткі пра іх самаадчуванне. Вучні карыстаюцца маскамі па жаданні, а ўсе работнікі гімназіі — абавязкова. Набываюць іх пераважна самі. Але ёсць і пашытыя работнікамі (тканіну набылі за пазабюджэтныя сродкі, швейныя машыны маем). На перапынках нагадваем дзецям пра неабходнасць мыць рукі. У санвузлах ёсць вадкае мыла — для выкарыстання дзецьмі рэкамендавана толькі яно. А для дарослых на першым паверсе маецца бескантактны лакцявы дазатар са спіртавым растворам. Прынцыпу фізічнага дыстанцыявання таксама стараемся прытрымлівацца. Парты расстаўлены на патрэбнай адлегласці, памеры абедзеннай залы дазваляюць тэрытарыяльна размежаваць класы.

У класах цёпла, таму вокны заўсёды знаходзяцца ў рэжыме праветрывання. На перапынках дзеці выходзяць у калідор і праводзім скразное праветрыванне. Без крайняй патрэбы не пераводзім вучняў з класа ў клас — толькі тады, калі для ўрока патрэбна спецыяльнае абсталяванне. У такім выпадку адны дзеці выхо¬дзяць з класа, тэхработнік праводзіць экстраную дэзынфекцыю — і толькі тады іншыя захо¬дзяць. Падчас урокаў тэхперсанал пра¬цірае дзвярныя ручкі і парэнчы дэзынфекцыйным сродкам. Маем яго вялікі запас: набылі і за пазабюджэтныя сродкі, і за сродкі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, і за спонсарскія (дапамогу аказала асацыяцыя “Для будучыні”). Адна з уборак на дзень праводзіцца з выкарыстаннем дэзынфекцыйных сродкаў.

Спецыяльна абсталяванага медыцынскага ізалятара не маем. Але падрыхтавалі памяшканне, дзе дзіця пры з’яўленні сімптомаў захворвання можа пабыць, пакуль не забяруць бацькі. Там ёсць дэзынфекцыйныя сродкі, вада.

У фае маецца стэнд з прафілактычнай інфармацыяй для дзяцей і дарослых, размяшчаецца яна і ў бацькоўскіх чатах, актуалізуецца на інфармацыйных і класных гадзінах.

Робім усё, каб не дапусціць распаўсюджання COVID-19. Наша ўстанова адна з першых у гора¬дзе прыняла на сябе гэты ўдар. Былі выпадкі захворвання вучняў і педагогаў. Лічу, што мы ўжо ў канцы гэтага шляху, але прагназаваць, вядома, складана.

Падрыхтавала Наталля Лісіцкая.