Як прышчапіцца на ФАПе?

48

Як прышчапіцца на ФАПе? Падрабязнасці расказвае загадчыца Старагабскага фельчарска-акушэрскага пункта Наталля БУДЗЬКО:

— Роля ФАПа ў вакцынацыі сціплая — мы толькі падбіраем кантынгент: гутарым з насельніцтвам, расказваем пра карысць прышчэпак, дамаўляемся, у які дзень і час людзям прыйсці. Уласна ж вакцынацыю ажыццяўляе Слабадская амбулаторыя, структурным падраздзяленнем якой з’яўляецца наш ФАП. Спачатку чалавека аглядае ўрач — Ірэна Казіміраўна Вайтулянец: слухае, вымярае тэмпературу, ціск, сатурацыю. І калі супрацьпаказанняў няма, медсястра робіць прышчэпку.

Насельніцтва, якое знаходзіцца ў зоне абслугоўвання нашага ФАПа, вакцынуецца па-рознаму. Маладзейшыя, хто мае аўтамабілі, звычайна едуць у Слабаду. Тыя ж, хто хоча прышчапіцца ў Габах, маюць такую магчымасць. Мы запрашаем людзей, пытаемся, якой вакцынай чалавек хоча прышчапіцца, і паведамляем, калі яму прыйсці на ФАП. Да нас прыязджаюць урач і медсястра, прывозяць патрэбную колькасць вакцын. Ірэна Казіміраўна абавязкова аглядае кожнага, хто хоча прышчапіцца. Былі выпадкі, калі пасля агляду яна рэкамендавала адкласці вакцынацыю. Можна прышчапіцца і дома — трэба толькі паведаміць пра такое сваё жаданне.

У час восеньскага пад’ёму захваральнасці Ірэна Казіміраўна вяла прыём у “чырвонай зоне” ў Мядзеле. Але і тады жыхары нашай мясцовасці маглі вакцынавацца: мы звярнуліся ў адміністрацыю цэнтральнай раённай бальніцы з просьбай выдзеліць перасоўны медыцынскі комплекс. Нам пайшлі насустрач. Перасоўны медыцынскі комплекс працаваў у Старых Габах, спыняўся і ў Баярах.

…Калі толькі з’явілася магчымасць вакцынавацца, людзі паставіліся насцярожана. Бо, па-першае, новае заўсёды крыху палохае. Ну а па-другое, некаторыя больш вераць таму, што прачыталі ў інтэрнэце. Першымі ў нас прышчапіліся медыкі і сацыяльныя работнікі. Высокі працэнт вакцынацыі ў працоўным калектыве вучэбна-педагагічнага комплексу, на мехдвары. Пакуль некалькі горшая сітуацыя з работнікамі ферм.

Тлумачальную работу праводзім не толькі мы — з працоўнымі калектывамі сустракаўся галоўны санітарны ўрач раёна Мікалай Уладзіміравіч Паршута.

Колькасць ахвотных вакцынавацца значна павялічылася ў кастрычніку-лістападзе, калі вырас узровень захваральнасці. Сур’ёзных рэакцый на прышчэпку ні ў кога не было.

Што вакцыны дапамагаюць, відаць нават па нашай мясцовасці. Так, хварэлі і прышчэпленыя, але ніхто з іх не памёр. Але нават вакцынаваным неабходна захоўваць сацыяльную дыстанцыю, часцей мыць рукі, карыстацца маскай і пальчаткамі. Калі купілі нешта смачнае, не трэба есці адразу — прынясіце дадому, добра вымыйце рукі і толькі тады частуйцеся. Меры перасцярогі рэальна дапамагаюць. Магу сказаць пра сябе: кантактуючы з пацыентамі, карысталася маскай, пальчаткамі, ахоўным экранам — і не захварэла. А заразілася відавочна дома. На выхадныя ў нас гасцявалі дачка з зяцем, мы блізка і працяглы час кантактавалі. У іх адразу не было сімптомаў, а ноччу перад ад’ездам у зяця паднялася тэмпература. А неўзабаве захварэлі на пнеўманію мы з мужам — хоць і былі вакцынаваны двума кампанентамі. Але абое паправіліся.

Лячыліся дома: шпіталізацыя, а тым больш кіслародная падтрымка не спатрэбіліся. Каб не былі прышчэплены, усё магло б быць куды горш.

Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ.