Ужо не для каранавірусных хворых: аддзяленні Мядзельскай ЦРБ аднаўляюць сваю спецыялізацыю

998

Беларускія ўстановы аховы здароўя пакрысе вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы: бальніцы, аддзяленні, перапрафіляваныя ў свой час пад лячэнне пнеўманій і прыём хворых на каранавірус, аднаўляюць сваю спецыялізацыю.

— У рэжыме інфекцыйнага шпіталя наша ўстанова аховы здароўя працуе з 21 красавіка, — расказвае галоўны ўрач Мядзельскай ЦРБ Генадзій Русак. — Акрамя інфекцыйнага аддзялення, былі перапрафіляваны тэрапеўтычнае, хірургічнае і гінекалагічнае. Пад шпіталь было адведзена 125 ложкаў. І вось нарэшце сітуацыя дазваляе паступова выводзіць гэты фонд ложкаў. З 1 ліпеня ўжо не прымаюць пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй хірургічнае аддзяленне, а з аўторка — гінекалагічнае. Там праведзена дасканалая санітарная апрацоўка: дэзсродкамі апрацаваны сцены, падлога, усе паверхні, вымыты ўручную мэбля і абсталяванне, праведзена абеззаражванне паветра. Такім чынам, пакуль у рабоце застаецца 85 ложкаў інфекцыйнага стацыянара, з якіх занята на сёння каля паловы.

Але, як паведаміў галоўны ўрач, паляпшэнне эпідэміялагічнай сітуацыі не прычына губляць пільнасць. І абмежавальныя меры ва ўстанове аховы здароўя ніхто не адмяняў. Па-ранейшаму забаронена наведваць пацыентаў, абмежавана іх перамяшчэнне. Патрабуецца абавязковае нашэнне масак ці рэспіратараў, захаванне дыстанцыі. Пры­звычаіліся ўсе і да антысептыкаў, якімі карыстаюцца ўжо аўтаматычна.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары «Нарачанскай зары» за 11.07