У Мядзельскай ЦРБ скарацілі ложкі для лячэння пацыентаў з каранавірусам. Але заспакойвацца рана

268

У сувязі з паляпшэннем эпідэміялагічнай сітуацыі ў Мінскай вобласці пачалі паэтапна скарачаць ложкавы фонд, які раней быў перапрафіляваны для аказання медыцынскай дапамогі пацыентам з інфекцыяй COVID-19. Так, за першыя дні лістапада ў розных гарадах вобласці вярнуліся ў звычайны рэжым для аказання планавай  спецыялізаванай дапамогі 395 ложкаў.

Такая тэндэнцыя характэрна і для Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы, паведаміў выконваючы абавязкі галоўнага ўрача ўстановы Андрэй Палягошка.

— У Мядзельскай ЦРБ на гэтым тыдні скарацілі 20 ложкаў на базе інфекцыйнага аддзялення №2, выдзеленых для лячэння пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, бо ў пачатку тыдня мы мелі больш за 30 свабодных месцаў. Зроблена гэта для аптымізацыі працоўнага працэсу. У выпадку з’яўлення неабходнасці мы зноў іх адкрыем.

Хочацца нагадаць, што пераважная большасць хворых у стацыянары з цяжкім цячэннем COVID-19 — непрышчэпленыя. Рэанімацыйныя ложкі, нягледзячы на скарачэнне інфекцыйных, занятыя цалкам пацыентамі з цяжкім цячэннем інфекцыі. Па даных эпідэміёлагаў зараз назіраецца адноснае «зацішша». Аднак ужо праз месяц-два прагназуюць пятую «хвалю» каранавіруснай інфекцыі — яна будзе характарызавацца вялікай колькасцю хворых, якія маюць патрэбу ў кіслароднай падтрымцы, і больш цяжкім цячэннем.

Частка насельніцтва раёна да гэтага часу скептычна настроена ў адносінах да вакцынацыі — да таго часу, пакуль інфекцыя не закране іх блізкіх. Таму па адказы на пытанні, звязаныя з вакцынацыяй, параіў бы звяртацца да ўрача, а не верыць чуткам і здагадкам. Тым, хто яшчэ не прышчэплены — настойліва раім гэта зрабіць у хуткім часе. Лепш невялікая рэакцыя на прышчэпку, чым лячэнне ў інфекцыйным аддзяленні ці ў рэанімацыі. Адчуваць сябе ў бяспецы ў найбліжэйшай будучыні змогуць толькі прышчэпленыя.