Цукровы дыябет — гэта «салодкая» хвароба

328

Цукровы дыябет -- гэта "салодкая" хваробаЯШЧЭ за паўтары тысячы год да нашай эры старажытныя егіпцяне ў сваім медыцынскім трактаце “Папірус Эберса” апісвалі цукровы дыябет як самастойнае захворванне. Знакамітыя ўрачы Старажытнай Грэцыі і Рыма разважалі пра гэту хваробу. А прыдумаў ёй назву лекар Арэтаіус. Слова “дыябет” па-грэчаску значыць “працякаць, праходзіць скрозь”. Вучоны Цэльс даказваў, што цукровы дыябет узнікае ад дрэннай працы страўніка, а Гіпакрат вызначаў дыягназ, спрабуючы мачу пацыента на смак. Дарэчы, старажытныя кітайцы таксама ведалі, што пры наяўнасці цукровага дыябету мача робіцца салодкай. Яны вынайшлі арыгінальны метад дыягностыкі з дапамогай мух. Калі мухі садзяцца на сподачак з мачой — мача салодкая, а пацыент — хворы.

Цукровы дыябет — гэта эндакрыннае захворванне, выкліканае недастатковасцю інсуліну (гармону падстраўнікавай залозы). Недастатковасць інсуліну падчас цукровага дыябету выклікае павышанае ўтрыманне глюкозы ў крыві, ці гіперглікемію, з мноствам наступстваў. Дэфіцыт інсуліну можа быць звязаны з недастатковай яго выпрацоўкай падстраўнікавай залозай (так званымі “астраўкамі Лангерганса”). У гэтым выпадку мае месца абсалютная недастатковасць інсуліну і ставіцца дыягназ — дыябет 1-га тыпу, інсуліназалежны. Адносны дэфіцыт інсуліну ўзнікае як вынік парушэння яго ўспрыняцця арганізмам. У гэтым выпадку мае месца цукровы дыябет 2-га тыпу. Гэта захворванне ўсё больш маладзее і ўсё часцей выяўляецца не толькі ў дарослых, але і ў дзяцей.

Пра глабальнае значэнне гэтай праблемы сведчыць той факт, што рэзалюцыяй ААН 14 лістапада было аб’яўлена Сусветным днём барацьбы з дыябетам.

Пры цукровым дыябеце 1-га тыпу існуе абсалютны дэфіцыт інсуліну, які абумоўліваецца парушэннем работы падстраўнікавай залозы. Пры цукровым дыябеце 2-га тыпу адзначаецца адносны дэфіцыт інсуліну. Клеткі падстраўнікавай залозы пры гэтым выпрацоўваюць дастаткова інсуліну (часам нават павышаную колькасць). Аднак на паверхні клетак заблакіравана ці паменшана колькасць структур, якія забяспечваюць яго кантакт з клеткай і дапамагаюць глюкозе з крыві паступаць унутр клеткі. Дэфіцыт глюкозы ў клетках з’яўляецца сігналам для яшчэ большай выпрацоўкі інсуліну, але гэта не дае эфекту, і з цягам часу выпрацоўка інсуліну значна змяншаецца.

Асноўнай прычынай цукровага дыябету 1-га тыпу з’яўляецца аўтаімунны працэс, абумоўлены збоем імуннай сістэмы, калі ў арганізме выпрацоўваюцца антыцелы супраць клетак падстраўнікавай залозы, разбураючы іх. Галоўны фактар, які правакуе ўзнікненне гэтага захворвання — вірусная інфекцыя (краснуха, ветраная воспа, гепатыт, эндэмічны паратыт (свінка) і г. д.) на фоне генетычнай схільнасці. Асноўных фактараў, якія правакуюць развіццё цукровага дыябету 2-га тыпу, два: атлусценне і спадчынная схільнасць. Пры наяўнасці атлусцення першай ступені рызыка развіцця цукровага дыябету павялічваецца ў 2 разы, пры другой ступені — у 5 разоў, пры трэцяй — больш чым у 10 разоў. З развіццём захворвання больш звязана абдамінальная форма атлусцення — калі тлушч размяркоўваецца ў вобласці жывата. Пры наяўнасці цукровага дыябету ў бацькоў ці бліжэйшых родных рызыка развіцця захворвання ўзрастае ў 2-6 разоў.

Прычынамі так званага другаснага дыябету могуць быць:

— захворванне падстраўнікавай залозы (панкрэатыт, пухліны, рэзэкцыя і г. д.);

— захворванне гарманальнай прыроды (сіндром Іцэнка-Кушынга, акрамегалія, дыфузны таксічны зоб, феахромацытома);

— уздзеянне лекавых прэпаратаў ці хімічных рэчываў;

— змена рэцэптараў інсуліну;

— пэўныя генетычныя сіндромы і г. д.

Асобна вылучаюць цукровы дыябет цяжарных і дыябет, абумоўлены недастатковым харчаваннем. Якой бы ні была прычына ўзнікнення дыябету, вынік адзін: арганізм не можа ў поўнай меры выкарыстоўваць глюкозу (цукар), які трапляе з ежай, і назапашваць яе лішкі ў печані і мышцах. Нявыкарыстаная глюкоза ў лішняй колькасці цыркуліруе ў крыві (часткова выводзіцца з мачой), што неспрыяльна ўплывае на ўсе органы і тканкі. У выніку ў павышанай колькасці ўтвараюцца таксічныя для арганізма і, асабліва для галаўнога мозгу, рэчывы, так званыя кетонавыя целы, парушаецца тлушчавы, бялковы і мінеральны абмены.

Сімптомы цукровага дыябету:

— смага (хворыя могуць выпіваць 3-5 літраў і больш вадкасці ў суткі);

— частае мочаспусканне (як днём, так і ноччу);

— сухасць у роце;

— агульная і мышачная слабасць;

— павышаны апетыт;

— сверб скуры (асабліва ў вобласці геніталій у жанчын);

— санлівасць;

— павышаная стамляемасць;

— раны, якія дрэнна зажываюць;

— рэзкае пахуданне ў хворых на цукровы дыябет 1-га тыпу;

— атлусценне ў хворых на цукровы дыябет 2-га тыпу.

Як правіла, цукровы дыябет 1-га тыпу (інсуліназалежны) развіваецца хутка, часам раптоўна. Інсулінанезалежны дыябет развіваецца паступова і адрозніваецца ўмеранай праяўленасцю сімптомаў.

Лячэнне цукровага дыябету ўключае:

— спецыяльную дыету: неабходна пазбягаць цукру, спіртных напояў, сіропаў, печыва, салодкай садавіны. Ежу неабходна прымаць невялікімі порцыямі, лепш 4-5 разоў на дзень;

— кожны дзень прымяняць інсулін (інсулінатэрапія) неабходна хворым на цукровы дыябет 1-га тыпу і падчас прагрэсіравання дыябету 2-га тыпу. Прэпарат выпускаецца ў спецыяльных шпрыц-ручках, з дапамогай якіх лёгка рабіць укол. Пры лячэнні інсулінам неабходна самастойна кантраляваць узровень глюкозы ў крыві і ў мачы (з дапамогай спецыяльных палосак);

— прымяненне таблетак, якія садзейнічаюць зніжэнню ўзроўню цукру ў крыві. Як правіла, з такіх прэпаратаў пачынаюць лячэнне цукровага дыябету 2-а тыпу. Але калі захворванне прагрэсіруе — неабходна прызначэнне інсуліну.

Людзям, якія пакутуюць на цукровы дыябет, карысныя фізічныя практыкаванні. Лячэбную ролю аказвае і зніжэнне вагі ў пацыентаў з атлусценнем. Лячэнне цукровага дыябету праводзіцца пажыццёва. Самакантроль і дакладнае выкананне рэкамендацый урача дазваляе пазбегнуць ці значна запаволіць развіццё ўскладненняў захворвання. Галоўнае ў лячэнні цукровага дыябету — своечасовая і правільная дыягностыка!

К. САБУК.

Урач-эндакрынолаг Мядзельскай ЦРБ.