Сёння нашы размовы ці пачынаюцца, ці заканчваюцца тэмай каранавіруса. Мала хто яе абмінае. Вырашылі абмеркаваць гэту тэму з жыхарамі аграгарадка Княгінін. Як яны ацэньваюць сітуацыю з COVID-19, як засцерагаюцца ад каварнай інфекцыі? Гэтыя пытанні сталі асноўнымі падчас сустрэч.
… У мясцовую амбулаторыю зазірнулі пасля адзінаццаці гадзін. Фельчар Іна Антановіч разам з медсястрой Таццянай Паслед афармляла дакументацыю.
— Да абеду ў нас прыём хворых, а пасля паедзем на выклікі, — знаёміць з распарадкам дня Іна Рамуальдаўна. — Сёння хто хацеў, той ужо прыйшоў.
— А колькі хворых з тэмпературай прынялі сёння? — цікаўлюся.
— З тэмпературай сёння не было. А бывае, і пяць прыйдзе, і сем. Дзень на дзень не выходзіць. Але мы даносім людзям інфармацыю, што, калі ёсць тэмпература, іншыя прастудныя сімптомы, лепш выклікаць урача дадому. Выклікаў таксама бывае пяць-сем, як калі. Гэта абсалютна не крытычна для нас, магу нават сказаць, што такая сітуацыя звычайная ў зімовы перыяд. Прычым людзі ж не толькі хварэюць на каранавірус, ёсць і звычайныя прастуды.
Для наведвальнікаў з тэмпературай у амбулаторыі асобны ўваход, з тыльнага боку. Папярэджанне аб гэтым вісіць на галоўных дзвярах, ды і медсястра з тэмпературай у “чыстую” зону не пусціць. Пад так званую “брудную” зону выдзелена асобнае крыло. Тут на прыёме Іна Рамуальдаўна знаходзіцца ў спецыяльным касцюме, у масцы, пальчатках. Прыняўшы прастудных пацыентаў, пераапранаецца і ідзе да іншых.
— А калі раптам нехта з тэмпературай прыйшоў?
— Заканчваю працу ў “чыстай” зоне і, зноў пераапрануўшыся, іду на прыём. Дарэчы, у сераду прыём вядзе ўрач агульнай практыкі Алена Кулёнак. Выпісвае бальнічныя, рэцэпты, праводзіць агляды і гэтак далей.
— З якім настроем ідзяце ў “брудную” зону? Страху заразіцца няма?
— Прывыкла ўжо да такіх умоў працы. Ды і сродкі індывідуальнай аховы выкарыстоўваю. Некаторыя звяртаюцца, маўляў, раскажы свой сакрэт, як застаешся здаровай. А мой сакрэт просты — больш быць на свежым паветры, трымаць сацыяльную дыстанцыю, карыстацца сродкамі індывідуальнай аховы, прымаць вітаміны, хоць бы і ўсім вядомую “аскарбінку”, не пераахалоджвацца, піць чай з лімонам.
— Як, па вашых назіраннях, памяняліся апошнім часам паводзіны жыхароў вашага ўчастка?
— Людзі прыходзяць да нас у масках, і ім не трэба пра гэта нагадваць. Некаторыя нават пальчаткі выкарыстоўваюць. Асабліва гэта тычыцца тых, хто на самаізаляцыі наведвае, напрыклад, аптэку. Людзі сталі ўсведамляць сур’ёзнасць сітуацыі і больш адказна ставіцца да свайго здароўя. Гляджу, што і дыстанцыю стараюцца вытрымліваць.
Працэдурны кабінет, кабінет урача і стаматалагічны — усе знаходзяцца ў чыстай зоне. Тут у калідоры сустракаем двух чалавек. Адзін з іх, Мар’ян Дземашкевіч, у амбулаторыю прыйшоў на працэдуру, каб падлячыць спіну. У масцы, канечне.
— Я ўжо перахварэў на каранавірус, — дзеліцца Мар’ян Мікалаевіч. — Няпроста гэта, скажу вам. Дыхаць цяжка. Ляжаў у бальніцы, толькі дзякуючы медыкам і вылечыўся. Цяжка сказаць, дзе падчапіў інфекцыю. Здаецца, і меры перасцярогі выконваў, асабліва на працы ў нас з гэтым строга. Але ж не пашанцавала…
Мар’ян Мікалаевіч працуе на вытворчым участку Вілейскага камбікормавага завода. Чаму б туды не зазірнуць?
— Калі ласка, апрацуйце рукі, — указвае адразу на прахадной на дазатар з антысептыкам майстар Княгінінскага вытворчага ўчастка Вайцех Падгол.
А далей Вайцех Васільевіч расказвае, што ў калектыве праведзена добрая інфармацыйная работа. Не аднойчы работнікам расказвалася пра меры перасцярогі ад каранавіруснай інфекцыі, пра сітуацыю ў краіне і свеце. Таму зараз не трэба прымушаць насіць маскі: людзі разумеюць неабходнасць гэтай меры. Ідзём у склад, дзе застаём двух рабочых. І сапраўды — мужчыны ў масках ладзілі электраабсталяванне…
Іна Ярчак. Фота аўтара.
Цалкам матэрыял чытайце ў нумары за 16 снежня.