Ірына Цыгельнікава: «Толькі вакцынацыя можа спыніць інфекцыю»

307

Ірына Цыгельнікава: "Толькі вакцынацыя можа спыніць інфекцыю"Меркаваннем аб вакцынацыі дзеліцца жыхарка райцэнтра, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Танка Ірына ЦЫГЕЛЬНІКАВА:

— Так атрымалася, што “родапачынальніцай” гэтай інфекцыі ў сям’і стала я. Перахварэла сама ды яшчэ і заразіла маму, мужа, дачку з зяцем, сястру… Не зважаючы на асабістую засцярогу і выкананне ўсіх санітарна-гігіенічных патрабаванняў на працы і дома, уберагчыся не ўдалося. Цяжка было ўсведамляць, што ад мяне ўсё пачалося. Матуля з пнеўманіяй ляжала ў бальніцы. А ёй сёлета ўжо 85 год будзе. Да таго ж, мае букет хвароб: гіпертанію, арытмію і гэтак далей. На шчасце, усё абышлося, паздаравела. Дзякуй Богу, паправіліся і іншыя родныя.

Часта прычынай распаўсюджвання хваробы бываем мы самі — па прычыне абыякавасці, нядбайнасці. За год з хвосцікам парадкам ужо надакучыла насіць маскі, у тым ліку ў грамадскіх месцах. Асобныя забыліся, што трэба захоўваць сацыяльнае дыстанцыяванне, апрацоўваць рукі, паверхню мэблі, ручкі дзвярэй, памяшканні… Паверце, што нярэдка менавіта з дробязей складаецца наша бяспека. Нездарма кажуць, што тых, хто шануецца, і Бог аберагае.

Пераканана, што толькі вакцынацыя можа спыніць інфекцыю. Абавязкова буду рабіць прышчэпку. Раю падумаць пра гэта і іншым.

Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць медыцынскім работнікам — цэнтральнай раённай бальніцы і Будслаўскай амбулаторыі. Парадавала, што неабыякавыя, кваліфікаваныя спецыялісты ёсць не толькі ў райцэнтры, але і ў глыбінцы. Маю на ўвазе будслаўскіх медыкаў, якія да апошняга змагаліся за жыццё таты, які, на жаль, адышоў з гэтага свету (аднак не па прычыне каранавіруса). Падтрымлівалі яны і матулю. Нізкі паклон вам, людзі ў белых халатах!

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.