Прышчэпка супраць каранавіруснай інфекцыі — досведам дзеліцца Казімір Русак

357

Прышчэпка супраць каранавіруснай інфекцыі - досведам дзеліцца Казімір РусакКазімір РУСАК, дырэктар Свірскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў:

— Не зважаючы на тое, што нас закранула першая хваля каранавіруснай інфекцыі і многія работнікі на сабе адчулі, наколькі гэта цяжкае і небяспечнае захворванне, далёка не ўсе яшчэ прайшлі вакцынацыю. Пакуль што зрабілі прышчэпкі разам са мной восем чалавек. У тым ліку ўрач, галоўны бухгалтар, сястра-гаспадыня, чатыры санітары. Людзі яшчэ разважаюць, прышчэплівацца ім ці не.

Асабіста я адразу прыняў станоўчае рашэнне. Бо перакананы, што толькі так магу засцерагчы сябе, сваіх блізкіх, знаёмых, калег ад гэтай каварнай і непрадказальнай хваробы. Сваімі адносінамі да імунізацыі хачу і іншых падштурхнуць да прыняцця правільнага рашэння.

Акрамя работнікаў, на сёння прайшлі вакцынацыю 75% насельнікаў нашага дома-інтэрната. Перанеслі яны прышчэпку нармальна, без наступстваў.
Я зараз у чаканні другога этапа вакцынацыі. Першую прышчэпку атрымаў 30 сакавіка.

Нават не адчуў болю ад укола. Не было і ніякіх пабочных сімптомаў. Спадзяюся, што ўсё будзе добра і пасля другой прышчэпкі. Лічу, што вакцынацыі баяцца не трэба. Больш за тое, перакананы, што прышчэплівацца трэба, каб спакойна і ўпэўнена адчуваць сябе надалей.

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.