Прафілактыка атручвання грыбамі

265

Прафілактыка атручвання грыбаміКАБ пазбегнуць атручвання ўмоўна-ядомымі грыбамі, іх неабходна добра абчысціць, парэзаць і пракіпяціць у вадзе не менш двух разоў па 10-15 хвілін. Адвар выліць, не каштуючы, бо ў яго падчас варкі пераходзяць ядавітыя рэчывы. Пасля грыбы трэба памыць, адціснуць і толькі тады ўжываць для прыгатавання супоў і іншых страў. Смаржковыя грыбы таксама абясшкоджваюцца сушкай на паветры на працягу аднаго-двух месяцаў, у залежнасці ад надвор’я.

Для папярэджання атручванняў неабходна, ідучы ў лес, ведаць відавы склад грыбоў і збіраць толькі ядомыя. Перабіраць і сартаваць іх трэба адразу, займацца гэтым павінны дарослыя. Старыя неабходна выкідаць, бо ў іх тканках адбываюцца складаныя хімічныя працэсы з утварэннем ядавітых рэчываў. Не рэкамендуецца купляць грыбы па-за рынкамі. Бацькі павінны памятаць, што дзецям да 3 год няможна есці грыбы. Нельга смажыць грыбы і без папярэдняй варкі. Марынаваць рэкамендуецца баравікі, падбярозавікі, маслякі, шампіньёны, лісічкі, зялёнкі… Засольваць можна ўсе ядомыя грыбы. Нельга набываць на рынках і ў неўстаноўленых для гандлю месцах кансерваваныя грыбы ў герметычных слоіках . Пры з’яўленні першых сімптомаў атручвання (рэзкі боль у жываце, няспынныя ваніты, слабасць, галаўны боль) неадкладна звярнуцца за медыцынскай дапамогай.

Ю. МАЛЯЁНАК.

Урач-валеолаг Мядзельскай ЦРБ.