«Лепш прышчапіцца ад каранавіруса, а не гуляць у рускую рулетку са сваім здароўем»

262

ДНЯМІ пра кавід і яго прафілактыку гутарыў з работнікамі культуры выконваючы абавязкі галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Андрэй ПАЛЯГОШКА. Магчыма, адказы на пытанні з залы дапамогуць і вам прыняць правільнае рашэнне.

— Двойчы лёгка перахварэў на каранавірус. Ці ёсць сэнс вакцынавацца? Навошта стымуляваць арганізм, калі ён і сам добра спраўляецца?
— Сэнс ёсць. Вакцынацыя дае атрыманне антыцелаў без захворвання. Навошта рызыкаваць, думаючы, што, калі двойчы перахварэў лёгка і не маеш спадарожных паталогій, дык і наступны раз усё будзе добра? Гарантыі няма. Мы бачылі выпадкі, калі ад кавіду паміралі маладыя людзі без спадарожных паталогій. Зноў жа, на прыкладзе медыцынскіх работнікаў, якія перахварэлі па два разы, бачым — другі раз было цяжэй. Так што лепш прышчапіцца, а не гуляць у рускую рулетку са сваім здароўем — гэта вельмі небяспечна.

— А раптам на кампаненты вакцыны праявіцца алергія?
— Якраз на такі выпадак вакцынаваны не ідзе дадому адразу ж, а некаторы час знаходзіцца пад назіраннем урача. Ён атрымае своечасовую медыцынскую дапамогу, калі спатрэбіцца. Але алергічных рэакцый мы пакуль не бачылі. Хоць, калі ўвогуле гаварыць пра магчымыя пабочныя эфекты, — пра іх можна прачытаць у інструкцыях да любога прэпарата, нават да вітаміна С — усім вядомай аскарбінкі.

— А калі пасля кавіду павышаны трамбацыты? Або хварэеш на дыябет? Можна рабіць прышчэпку?

— Кожнага перад вакцынацыяй урач аглядае і прымае рашэнне ў індывідуальным парадку. І калі маеце нейкія сумненні, абавязкова трэба пра іх сказаць: ці пра трамбацыты, ці пра дыябет, ці яшчэ пра што. Само па сабе хранічнае захворванне — не супрацьпаказанне для вакцынацыі. Напрыклад, калі дыябет кампенсаваны, рабіць прышчэпку можна. Ці вось артэрыяльная гіпертэнзія. Адна справа, калі ціск крыху павысіўся, бо перахваляваліся. І зусім іншая — калі прызначаныя прэпараты ўжо не дапамагаюць і патрабуецца змяніць дазіроўку або падабраць іншыя. У першым выпадку варта крыху пасядзець, супакоіцца і яшчэ раз вымераць ціск. У другім — звярнуцца да свайго ўрача, каб прызначыў новае лячэнне. І калі ціск будзе прыведзены ў норму — вакцынавацца.

Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ.