Ларыса Севярын: Кавід прайшла па лёгкім маршруце

657

НЕ губляе каштоўнасці вопыт людзей, якія выйшлі з сустрэчы з кавідам пераможцамі. Сёння сваю гісторыю хваробы і выздараўлення расказвае метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ларыса СЕВЯРЫН:

— На каранавірус я захварэла напрыканцы кастрычніка. Да гэтага працавала, актыўна наведвала школы, розныя мерапрыемствы: меркавала, што кавід мяне не закране. Што захварэць можа хто заўгодна, толькі не я. А калі пачалі хварэць калегі, таксама адчула сябе няважна. Тэмпература была невысокая — 37,1-37,2 градуса. Вырашыла падстрахавацца, бо знаходжуся ў групе рызыкі: у мяне цукровы дыябет і гіпертанія. Пайшла да ўрача, ён адкрыў бальнічны. Пабыла дома, тэмпература больш не падымалася. На пяты дзень пайшла на прыём, і бальнічны закрылі (гэта было ў пятніцу). А вечарам стала падымацца тэмпература. Ноччу было ўжо 38,5. Самаадчуванне кепскае. У суботу — амаль 39. Вырашыла ў выхадныя не турбаваць медработнікаў. Піла парацэтамол, а ў панядзелак выклікала ўрача дадому. Прыехаў мой участковы ўрач — Яўген Антонавіч Рамяніца. Агледзеў, паслухаў і кажа: “Праз два дні прыходзьце на здымак”. Заходзіць у паліклініку трэба было ўжо праз асобны ўваход для людзей з прыкметамі вострых рэспіраторных захворванняў. Пайшла, мне зрабілі здымак. На ім была бачна левабаковая пнеўманія. Адразу ўзялі мазок на ПЛР, а праз тры дні патэлефанавалі, што кавід пацвердзіўся. Захвалявалася спачатку, а тады вырашыла: хай будзе як будзе. Распісалася ў тым, што не буду нідзе хадзіць (можна толькі ў масцы ў найбліжэйшы магазін і аптэку). Да мяне прыязджалі медыцынскія работнікі, замяралі сатурацыю. Кісларод быў у норме. Прымала дваякія антыбіётыкі, піла журавінавы морс, кампот з сухафруктаў. Тэмпература больш не падымалася, адчуванне паху і смаку не знікала.

Можна сказаць, я прайшла па лёгкім маршруце. Дзякуй Богу і ўрачам! Ужо ў другой палове лістапада была на працы. Раю ўсім чытачам раёнкі берагчыся і берагчы сваіх блізкіх. Раз такое ўжо здарылася на нашай планеце, трэба быць узаемнаветлівымі, прытрымлівацца правіл перасцярогі, каб не захварэць самому і не заразіць іншых.

Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота аўтара.