Калі на Мядзельшчыне быў пік захворвання на каранавірусную інфекцыю і якая сітуацыя зараз

229

СТАТЫСТЫКА сведчыць, што цяжка хварэюць на каранавірус пераважна непрышчэпленыя. Тыя, хто не пагрэбаваў вакцынацыяй, пераносяць захворванне нашмат лягчэй, а то і наогул бессімптомна. Можна зрабіць выснову — прышчапляцца патрэбна! Самы час падумаць і пра рэвакцынацыю.

Калі на Мядзельшчыне быў пік захворвання на каранавірусную інфекцыю і якая сітуацыя зараз— Пік захворвання, — расказвае выконваючы абавязкі галоўнага ўрача Мядзельскай ЦРБ Андрэй Палягошка, — назіраўся ў сярэдзіне кастрычніка, калі ў нас было разгорнута пад 100 ложкаў для лячэння пацыентаў з COVID-19. Працавалі на мяжы магчымасцей, а прышчэпленых у стацыянары былі адзінкі.

— Неяк жа выходзілі са складанага становішча?

— Усяго ў нас у раёне 560 медработнікаў, з іх 81 урач. У сувязі з вялікім патокам каранавірусных пацыентаў для аказання ім дапамогі прыцягваліся ўсе ўрачы агульнай практыкі, тэрапеўты, рэаніматолагі, інфекцыяніст, з вузкіх спецыялістаў — неўролагі, акушэр-гінеколагі, хірургі, псіхіятр-нарколаг, педыятры. З вялікай нагрузкай працавалі дыягнастычныя падраздзяленні, у тым ліку ў начны час — урачы лабараторнай дыягностыкі, лабаранты, урачы-рэнтгенолагі і рэнтген-лабаранты. У час піку пераводзілі ў Мядзел урачоў агульнай практыкі з Занарачы і Слабады. Бо трэба было забяспечыць поўнасцю персаналам перапрафіляваныя аддзяленні, кантактныя групы, а яшчэ і лячыць хворых з іншымі паталогіямі. Дарэчы, медыцынскіх работнікаў прышчэплена ў раёне больш за 90%, а яны пастаянна знаходзяцца на перадавой.

— А якая зараз сітуацыя? Куды накіроўваюцца пацыенты, калі ім патрэбна тэрмінова шпіталізацыя?

— У нас выдзелены тры ложкі ў аддзяленні рэанімацыі. Інфекцыйнае і астатнія аддзяленні функцыянуюць у штатным рэжыме. Таму пацыенты з каранавірусам лечацца амбулаторна. У выпадку цяжкага цячэння захворвання, калі патрэбна шпіталізацыя, — хуткай медыцынскай дапамогай накіроўваюцца ў стацыянары вобласці, дзе выдзелены ложкі і ёсць свабодныя месцы. Калі хворы паступае ў вельмі цяжкім стане і мае патрэбу ў інтэнсіўнай тэрапіі і назіранні, шпіталізуецца ў рэанімацыйнае аддзяленне нашай ЦРБ.

— Якімі вакцынамі зараз робяцца прышчэпкі?
— І кітайскай, і “Спутник V”. Іх маецца у дастатковай колькасці. Пры вакцынацыі ўлічваецца пажаданне пацыента.

— А што такое рэвакцынацыя і для чаго яна?

— Праз паўгода пасля прышчэпкі ў чалавека можа не застацца антыцелаў. Вось і патрэбна рэвакцынацыя — для падтрымання іх у арганізме ў дастатковай колькасці. Праводзіцца яна вакцынай “Спутник Лайт” не раней, чым праз 6 месяцаў пасля ўвядзення другога кампаненту. Пераносіцца, як правіла, лягчэй за асноўны этап прышчэпак. У раёне прайшлі рэвакцынацыю 582 чалавекі.

Разам са старшай медсястрой паліклінікі Аленай Ніцынскай накіроўваемся ў працэдурны кабінет, размешчаны на пятым паверсе. Сустракае нас там медсястра Кацярына Зайцава.

— У сярэднім штодзень па 20-30 чалавек праходзіць праз наш кабінет, — расказвае Кацярына Андрэеўна. — Перш, чым да нас патрапіць, кожнага абследуе ўрач. І толькі пры адсутнасці супрацьпаказанняў адпраўляе на вакцынацыю. Але і да нас у пацыентаў яшчэ бывае шмат пытанняў, на якія цярпліва адказваем. Каб эфектыўна выкарыстоўваць вакцыны, абзвоньваем пацыентаў і запрашаем прыйсці на адпаведны час. Гэта дазваляе таксама зменшыць чэргі пад кабінетам.

— Нам вельмі дапамагае ў змяншэнні нагрузкі ў ходзе вакцынацыі дадатковы кабінет для прышчэпак на другім паверсе, дзе працуюць урач-тэрапеўт і медсястра, — у размову ўключаецца Алена Вітальеўна. — Туды ўваход з боку “Медтэхнікі”. Прымае пацыентаў гэты кабінет з 10.00 да 12.00 і з 14.00 да 16.00. Мы ж працуем да 17.00. Дарэчы, там можна пры жаданні пацыента прышчапіцца і ад каранавіруса, і ад грыпу. Рэкамендуецца напачатку зрабіць прышчэпку ад кавіду і праз 14 дзён пасля яе — ад грыпу. Аднак пры жаданні пацыента і адсутнасці супрацьпаказанняў гэтыя дзве прышчэпкі можна зрабіць і адначасова — у розныя рукі і рознымі шпрыцамі, вядома.
Заўважыла ў працэдурным кабінеце маразільнік, халадзільнік і вялізны тэрмакантэйнер. Пацікавілася іх прызначэннем і тут жа пачула:

— Вакцына кітайскай вытворчасці захоўваецца ў халадзільніку пры сярэдняй тэмпературы +5 градусаў, “Спутник V” — у замарожаным выглядзе пры тэмпературы ніжэй за -18 градусаў у маразільных камерах, якія ёсць у Мядзеле, Нарачы і Крывічах, — апавядае Алена Ніцынская. — Тэрмакантэйнераў у нас пяць. Самы вялізны — экстранны — на 600-800 доз — і прадугледжаны на выпадак, калі адключыцца ў працэдурным кабінеце электраэнергія. Астатнія тэрмакантэйнеры выкарыстоўваюцца для дастаўкі вакцыны на любы ўчастак раёна, у тым ліку на прадпрыемствы. На выезд звычайна хапае аднаго кантэйнера, дзе на працягу 5-7 гадзін захоўваецца дзякуючы холадаэлементам “Спутник V” пры тэмпературы -20 градусаў. У раёне даволі эфектыўна ў працэсе вакцынацыі задзейнічаны перасоўны медыцынскі комплекс, які дазваляе даехаць у любы населены пункт, нават на дом, каб прышчапіць жадаючых любой вакцынай: як першым, так і другім кампанентам, а таксама супраць грыпу.

На здымку: Кацярына Зайцава дэманструе тэрмакантэйнеры.