Зінаіда МАЦКО, былы галоўны эканаміст адкрытага акцыянернага таварыства “Будслаўскае”: “Прагрэс відавочны”

428

— Сумнавата ўспры­маць, аднак летась ужо канчаткова аформілася на заслужаны адпачынак. Як прыйшла пасля Навапольскага тэхнікума ў тагачасны саўгас “Будслаўскі” ў 1972 го­дзе на пасаду эканаміста, так і адпрацавала на ёй усё жыццё. Спадарожна закончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, стварыла сям’ю. І хаця зараз на пенсіі, тым не менш цікаўлюся жыццём і вытворчымі справамі сваёй гаспадаркі.

Прыемна ўсведамляць, што апошнім часам у ёй адбываюцца прыкметныя перамены да лепшага. У першую чаргу мяне цікавіць рэалізацыя прадукцыі, тое, што дае грошы. Дык вось, калі ў мінулым годзе ў апошнія дні ліпеня продаж малака дзяржаве складаў чатыры з палавінай тоны, то сёлета — больш за шэсць! Закладзены механізатарамі добры падмурак і на перспектыву: сена і сенажу ў пераводзе на кармавыя адзінкі ў разліку на ўмоўную галаву жывёлы назапашана ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года больш ажно ў два разы! Было — 11,8 цэнтнера, стала — 23,1.

Гэта вынік добрасумленнай і стваральнай працы ўсяго калектыву гаспадаркі, у якім на першае месца выходзіць дысцыплінаванасць, строгае захаванне тэхналагічных параметраў. Лічу, што рабіць добрую справу лепш за ўсё ў стабільнай абстаноўцы без палітычных узрушэнняў. Таму і не падзяляю пазіцыю тых, хто заклікае сёння пад выглядам перамен да злому ўсяго таго добрага, што мы стваралі ўсё жыццё, клічуць людзей на вуліцы. Я выбіраю захаванне міру ў краіне, парадку, законнасці і грамадскую ўстойлівасць да ўсялякіх рэвалюцыйных праяў! Дарэчы, і муж мой Антон Юльянавіч, які таксама ўсё жыццё адпрацаваў у гаспадарцы, прытрымліваецца такой жа пазіцыі.