Галіна Калмук, начальнік аддзела загс райвыканкама: “Cям’я — вялікі дар, уласная крэпасць”

545

Сям’я — галоўная справа жыцця. І калі яна моцная — сапраўднае шчасце. Пра гэта і гавару пастаянна маладым людзям, якія прымаюць рашэнне ўступіць у шлюб. Расказваю пра правы і абавязкі мужа і жонкі. Ад душы жадаю закаханым пранесці сваё вялікае і светлае пачуццё праз выпрабаванні і не страціць яго ў віхуры штодзённых рэалій. Бо сям’я — вялікі дар, уласная крэпасць, дзе хораша і ўтульна тым, каго лёс з’яднаў пад адным дахам. З павагай стаўлюся да нарачоных, якія пражылі ў каханні і згодзе не адзін дзясятак год, выхавалі годных дзяцей і сталі прыкладам для іх ва ўсім. А цяпер і ўнукаў дапамагаюць гадаваць у любові да роднай зямлі, дзе жывём у міры і спакоі. Таму заўсёды з задавальненнем праводжу цырымоніі сярэбраных, залатых, брыльянтавых вяселляў.

Сёлета за 6 месяцаў сямейны саюз на Мядзельшчыне заключылі 37 пар. У высакосны год, а бягучы менавіта такі, вяселляў заўжды менш. Перашкодай для заключэння шлюбаў стала і распаўсюджванне каранавіруса. А калі пандэмія пайшла на спад, зноўку загучаў марш Мендэльсона ў сценах загсаў, што не можа не радаваць.

Паўнавартасная сям’я тая, дзе чуцен шчаслівы дзіцячы смех. Штораз з’яўленне на свет маленькага чалавека — падзея радасная і вельмі чаканая. Як для матуль з татамі, так і для іх родных. “Без дзяцей немагчыма адчуць усю паўнату шчасця, — кажу, звяртаючыся да бацькоў нованароджаных. — Цяпер кожны з вас адказвае не толькі са сябе, адзін за аднаго, іншых членаў сваёй сям’і, але і за гэтае бездапаможнае, але такое дарагое немаўлятка”.

Калі малое хварэе, сум агортвае сэрца. І якое шчасце, калі дзіцятка пры дапамозе медыкаў і падтрымцы бацькоў папраўляецца. І далей расце здаровым, жыццярадасным. А колькі прыемных хвілін дастаўляе сынок ці дачушка, калі сустракае стомленую матулю на парозе дома і пяшчотна абдымае, туліцца да грудзей. Па сабе ведаю, што даражэй за такія хвіліны нічога на свеце няма. Ды і стомленасць тады як рукой здымае.

Дарэчы, і дзяржаўная палітыка ў Беларусі накіравана на павышэнне нараджальнасці. Сем’і, якія выхоўваюць дзяцей, адчуваюць пастаянную падтрымку з боку кіраўніцтва нашай краіны. Асабліва вялікая ўвага надаецца мнагадзетным сем’ям. І ў нас у раёне шмат робіцца па ўшанаванні матуль. У практыку работы загса ўваходзіць наладжванне ўрачыстай рэгістрацыі нованароджаных перад выпіскай іх з радзільнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы.

Стала традыцыяй і вітанне сумесна з грамадскімі фарміраваннямі азёрнага краю жанчын, якія да Дня маці і Дня сям’і сталі матулямі. А ўвогуле за I паўгоддзе бягучага года на Мядзельшчыне зарэгістравана з’яўленне на свет 82-х новых грамадзян Беларусі. Як сведчыць статыстыка, дзяўчынак апошнім часам нараджаецца больш, чым хлопчыкаў. А значыць, і надалей быць міру ў краіне. Ва ўсялякім разе, такая прыкмета існуе здаўна.

Цудоўны падарунак зрабіла нашаму гораду дзяржава напярэдадні абласнога свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018” — новы, сучасны, прыгожы будынак загса. Пра такі мы і марыць раней не маглі. У нас цяпер светла, прасторна, вельмі прыгожа. Рэгістраваць шлюбы, нара­джэнні дзяцей у такіх выдатных умовах — сапраўднае задавальненне. Далёка не кожны гарадок раённага ўзроўню, ды і не ўсе
загсы ў сталіцы могуць пахваліцца настолькі адметнымі, з густам абсталяванымі памяшканнямі. Гэта, дарэчы, адзначаюць і многія ўдзель­нікі ўрачыстых цырымоній, якія праводзім. Трэба сказаць, што ў Нарацкім сельвыканкаме таксама пакой для вядзення роспісу прыгожы, прасторны, абсталяваны па-сучаснаму. Таму ён нават у мінчан запатрабаваны.

А якія ў нас на Мя­дзельшчыне спрыяльныя ўмовы для фотасесій! Які наш горад чысты, прыгожы, утульны! Скверыкі, новыя тратуарныя дарожкі, шмат кветак, зялёных насаджэнняў, пафарбаваныя фасады будынкаў арганізацый, устаноў, жыллёвага фонду. Вось і ў райцэнтры, як толькі выйшаў з загса, можна зрабіць здымак на памяць каля карэты, што ўпрыгожвае тэрыторыю нашай установы. Непадалёку плешчуць хвалі Мястра. Па азёрнай гладзі плывуць белакрылыя лебедзі. Яны, дарэчы, і сімвалізуюць трываласць сямейнага агменю, які нараджаецца і будуецца на ўзаемнай вернасці і каханні.

У народзе сцвярджаюць: “Моцная сям’я — моцная дзяржава!” І гэта так, калі дарослыя і дзеці будуюць свой дом на любові і павазе. Калі ім добра і ўтульна побач, калі жывуць пад мірным небам. А чым больш у нас дружных, трывалых сем’яў — тым больш моцнай і квітнеючай будзе і наша краіна пад белымі крыламі — Беларусь.

Запісала Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.