Алена ПАРШУТА, намеснік дырэктара Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя Уладзіміра Дубоўкі: “Даступнасць і якасць адукацыі на першым месцы”

497

— У Беларусі склалася цэласная і збалансаваная сістэма адукацыі, якая дазваляе кожнаму грамадзяніну краіны рэалізаваць сваё права на адукацыю для таго, каб быць паспяховым і запатрабаваным у грамадстве. Ролю сістэмы адукацыі ў жыцці дзяржавы і грамадства сёння проста немагчыма пераацаніць. У ёй закладзены патэнцыял сацыяльна-эканамічнага развіцця і маральнага дабрабыту. Мэта нацыянальнай сістэмы адукацыі — фарміраванне свабоднай, творчай, маральна, інтэлектуальна і фізічна развітой асобы. І гэта мэта дасягаецца паслядоўным і бесперапынным удасканаленнем усіх вучэбна-выхаваўчых структур: ад дзіцячага садка і школы да ўніверсітэта.
Будучыня школы ў Беларусі звязваецца з далейшым павышэннем якасці адукацыі, укараненнем інфармацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс. Асаблівая ўвага надаецца захаванню здароўя школьнікаў праз далучэнне да спорту і фарміраванне здаровага ладу жыцця.

Кіраўніцтвам краіны неаднаразова падкрэслівалася, што пытанні павышэння якасці працы школьнай сістэмы — гэта справа дзяржаўнай важнасці. І сёння працуе шэраг дзяржаўных праграм, прынятых у адпаведнасці з агульнымі за­дачамі і прынцыпамі рэфармавання.

На прыкладзе сваёй школы, іншых устаноў адукацыі раёна бачу, што ствараюцца ўсе ўмовы, каб моладзь рэалізоў­вала свае таленты і імкненні. Пасля заканчэння навучання ў школе дзеці ўжо маюць уяўленне аб тым, кім хочуць быць. Профільная падрыхтоўка дапамагае дзіцяці вызначыцца са сваімі схільнасцямі, выявіць перавагі і да канца навучання ўжо сфарміраваць свой інтарэс, які потым можна будзе развіць на наступнай прыступцы. Што тычыцца ўзроўню школы, то адукацыйныя запыты ўсіх дзяцей задавальняюцца ў поўнай меры. Адукацыя Беларусі даступная і якасная. Нам ёсць, чым ганарыцца! І мы павінны імкнуцца гэта зберагчы!