Залаты запас нацыі

273

У ГІСТОРЫІ любога грамадства заўсёды важную ролю адыгрывала маладое пакаленне. Так было, ёсць і будзе надалей. Напярэдадні Дня моладзі пацікавілася ў начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама
Т. У. ХАЦЯНОВІЧ жыццём і справамі юнакоў і дзяўчат азёрнага краю. У адказ пачула:
— Сапраўды, сёння моладзь — важнейшы сацыяльны рэсурс грамадства, яго залаты запас. Ад яе ў многім залежаць працяг жыцця, будучыня краіны.
— Таццяна Уладзіміраўна, скажыце, калі ласка, колькі моладзі пражывае на Мядзельшчыне?
— 4985 маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 31 года. На жаль, амаль на 500 чалавек менш, чым было на гэты час летась. Найбольш моладзі налічваецца ў Нарацкім, найменш — у Слабодскім сельсавеце.
— Чым у асноўным займаецца моладзь?
— Яна задзейнічана практычна ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі. Летась толькі на прадпрыемствы і ў арганізацыі Нарачанскага краю прыбылі 152 маладыя спецыялісты. Удзяляецца ўвага таксама і часоваму працаўладкаванню навучэнцкай моладзі ў летні перыяд. У гэтым працоўным семестры запланавана накіраваць на работу 170 маладых грамадзян у складзе 11 студэнцкіх атрадаў. Звыш 70 чалавек будзе працаўладкавана праз аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Акрамя таго, сваю дзейнасць ажыццяўляюць валанцёрскія атрады. Можна працаўладкавацца і індывідуальна.
— Якія асноўныя мерапрыемствы на рахунку маладых асоб?
— Мерапрыемствы для моладзі праводзяцца ў цесным супрацоўніцтве з рознымі раённымі службамі, грамадскімі фарміраваннямі. Традыцыйнымі сталі сямейны сельскагаспадарчы праект «Уладар вёскі», патрыятычныя гульні «Зарніца», «Бастыёны мужнасці», мерапрыемствы ў рамках маладзёжнага перасоўнага шматпрофільнага цэнтра «Ініцыятыва», конкурсы прафесійнага майстэрства сярод моладзі розных спецыяльнасцей, «Спатканне пакаленняў» на комплексе «Партызанскія базы». Вынікі работы па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі будуць разгледжаны на раённым форуме «Маладзёжны алімп Мядзельшчыны», які запланавана правесці ў снежні бягучага года.
— Таццяна Уладзіміраўна, назавіце, калі ласка, лепшыя маладзёжныя калектывы.
— Сярод найбольш актыўных НДЦ «Зубраня», установы адукацыі раёна, унітарнае прадпрыемства «Ілаўскае», птушкафабрыка «Новая зара», райаддзел Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
— А цяпер крышку раскажыце пра свае планы на перспектыву.
— У раёне праводзіцца работа па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Ёсць і пэўныя станоўчыя вынікі. На 2012 год запланаваны новыя праекты, якія дапамогуць актывізаваць моладзь, прыцягнуць яе да грамадска-палітычных мерапрыемстваў. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да жыхароў азёрнага краю. Калі ў вас ёсць цікавыя задумкі, новыя ідэі па развіцці маладзёжнай палітыкі, чакаем вашых прапаноў. Сумеснымі намаганнямі мы многае зможам ажыццявіць.
Гутарыла
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.