З нагоды прафесійнага дэбюту

259

З нагоды прафесійнага дэбютуНА Мядзельшчыну сёлета прыехала 208 маладых спецыялістаў. З іх 15 працуюць ва ўстановах адукацыі, 33 — у сферы медыцыны, у ПМС — 19 чалавек, а сама болей у НДЦ “Зубраня” — 42. У мінулую пятніцу моладзь, якая робіць першыя крокі ў працоўнай біяграфіі, запрасілі ў Мядзел на традыцыйны раённы Дзень маладых спецыялістаў. Змаглі прыехаць больш за 50 чалавек. А трынаццатай гадзіне іх чакалі ў музеі Народнай славы. Адразу навуковыя супрацоўнікі ўстановы Валянціна Карзяёнак і Таццяна Пісарчык пазнаёмілі прысутных з фрагментам выставы “Гаспадыня ў хаце — лепшае багацце”. Моладзь з цікавасцю слухала пра тое, як быў арганізаваны быт нашых продкаў: якія месцы ў хаце для чаго прызначаліся, чым даўней карысталіся, як называліся прадметы ўжытку. Некаторыя ўпершыню ўбачылі прыладу для стварэння знакамітай пальцам піханай каўбасы. А некаторых здзівілі вельмі паважаныя і трапяткія адносіны нашых бабуль да дзяжы. Паказалі прысутным самавар, даўнейшую кавамолку, шчыпчыкі для цукру, іншыя рэчы, характэрныя ўжо для гарадскога побыту. Расказ аздобілі загадкамі пра традыцыйныя стравы беларусаў. Далей экскурсію павяла навуковы супрацоўнік Наталля Бурак, якая звярнула ўвагу хлопцаў і дзяўчат на экспанаты літаратурна-дакументальнай выставы “Гартаючы жыцця свайго старонкі…”, прысвечанай Народнаму паэту Беларусі, нашаму земляку Максіму Танку. Наталля Міхайлаўна правяла моладзь і па іншых залах музея, расказваючы пра гісторыю нашага краю. Мясцовыя мелі магчымасць узгадаць пра нейкія факты, прыезджыя — знаёміліся з Нарачанскай зямлёй.Лагічным працягам мерапрыемства стала наведванне помніка Максіму Танку на плошчы Шаранговіча райцэнтра. Ганаровае права ўскласці кветкі ад імя прысутных было дадзена выпускнікам Сваткаўскай сярэдняй школы імя Максіма Танка, у якой калісьці вучыўся знакаміты паэт, Алене Кулёнак і Раману Стрэжу.

Далей маладых спецыялістаў чакалі ў гарадскім Доме культуры, у фае якога размясцілася выстава творчых работ навучэнцаў і выкладчыкаў установы адукацыі “Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў”. У чатырнаццаць гадзін распачалася сустрэча працоўнай моладзі з кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі зацікаўленых служб, каб высветліць хвалюючыя пытанні, акрэсліць пастаўленыя задачы, стварыць умовы для дыялога і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

З нагоды прафесійнага дэбютуСтаршыня раённага выканаўчага камітэта Ілья Шацько, звяртаючыся да маладога папаўнення, перш за ўсё звярнуў іх увагу на адметнасць мясцін, куды яны прыехалі:

— Думаю, тыя з вас, хто ўпершыню сюды трапіў, ужо змог ацаніць прыгажосць і адметнасць Мядзельшчыны. Таму, спадзяюся, што веды, атрыманыя вамі ў розных навучальных установах, дапамогуць эфектыўнай рабоце на карысць нашаму рэгіёну, нашай радзіме. Мы на вас разлічваем. Праяўляйце свае станоўчыя якасці. Мы са свайго боку максімальна пастараемся стварыць вам умовы для самарэалізацыі, каб змаглі тут замацавацца, дасягнуць значных вышынь у абраных прафесіях. Вывучайце гісторыю гэтага краю, каб лепш яго разумець. Звярніце ўвагу на знакамітага Максіма Танка, на яго словы, выбітыя на валуне каля помніка паэту: “Ёсць адна песня песняў — Пра Радзіму”.

Алена Демяшкевіч, вядучы спецыяліст па рабоце з банкаўскімі плацежнымі карткамі аддзела рознічных паслуг РКЦ № 37 у г. Мядзел філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”, расказала прысутным пра паслугі, якія аказвае банк кліентам, пра сучасныя прапановы і зручныя новаўвядзенні, пра неабходнасць павышаць сваю фінансавую граматнасць, каб быць упэўненым у заўтрашнім дні.

Загадчык юрыдычнага сектара кіраўніцтва справамі райвыканкама Аляксей Купрэвіч спачатку нагадаў прысутным, прыехаўшым на працу з іншай мясцовасці, пра іх магчымасць атрымаць льготны крэдыт. Для гэтага трэба звярнуцца ў райвыканкам. Тут таксама дапамогуць і з пастаноўкай на ўлік маючых патрэбу ў жыллі. Далей Аляксей Аляксандравіч пабудаваў размову па прынцыпу “пытанні-адказы”. У прыватнасці, ён патлумачыў, што, для таго, каб маладому спецыялісту пабудаваць жыллё і атрымаць для гэтага льготны крэдыт, спачатку трэба стаць на чаргу маючых патрэбу ў жыллі ці па месцы працы, ці па месцы рэгістрацыі. Памер заработнай платы не будзе падставай для адмовы ў крэдыце пры наяўнасці паручыцеляў. А восьЗ нагоды прафесійнага дэбюту стаўкі крэдытавання будуць адрознівацца ў залежнасці ад месца пастаноўкі на ўлік і месца будаўніцтва жылля. У населеным пункце з колькасцю жыхароў да 20 тыс. малады чалавек атрымае сёння крэдыт у памеры 10 працэнтаў ад стаўкі рэфінансавання, але не менш за 3 працэнты на 20 гадоў. Крэдытуецца 90 працэнтаў ад кошту нарматыву крэдытавання ў залежнасці ад месца будаўніцтва і колькаснага складу сям’і. Цікавіла працоўную моладзь і наяўнасць у раёне арэнднага жылля. Але такога, па словах Аляксея Аляксандравіча, пакуль у нас няма. У будучым, пры яго наяўнасці, інфармацыя будзе публікавацца ў раённай газеце, а атрымаюць яго тыя, хто стаіць на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Назваў юрыст і яшчэ адзін важны момант. Каб аблегчыць цяжар фінансавых праблем маладых работнікаў, у калектыўных дагаворах многіх арганізацый прадугледжана кампенсацыя аплаты (поўная ці частковая) за жыллё, якое здымае малады спецыяліст у прыватных ці юрыдычных асоб. На заканчэнне Аляксей Аляксандравіч аптымістычна зазначыў, што “невырашальных пытанняў не бывае”, таму параіў не саромецца і па неабходнасці звяртацца як да яго, так і ў іншыя структуры.

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Пазняк паведаміла пра магчымасць творчай рэалізацыі ў раёне, арганізацыі вольнага часу.

На Мядзельшчыне 22 бібліятэкі, 21 установа клубнага тыпу, пры іх працуюць аматарскія фарміраванні. Ірына Рышардаўна заклікала хлопцаў і дзяўчат быць не толькі гледачамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, якія там праходзяць, ініцыятарамі, не саромецца паказваць таленты, дзяліцца ідэямі. Таксама нагадала пра магчымасць займацца фізічнай культурай і спортам, наведваць фізкультурна-аздараўленчы цэнтр “Мядзел”.

На сустрэчы з моладдзю прысутнічалі таксама начальнік арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Таццяна Хацяновіч, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анжаліка Раскова, вядучы спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мая Семяновіч.

З нагоды прафесійнага дэбютуСур’ёзны тон мерапрыемства змяніў канцэрт, які прывезлі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Ён уразіў гледачоў нумарамі розных жанраў, прыгожымі касцюмамі, прафесійнымі пастаноўкамі. Усім спадабалася выступленне аркестра народных інструментаў “Ліра” пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Стэльмаха — уладальніка прэміі спецыяльнага Фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, чацвёртакурсніка Яўгена Канашонка, які нядаўна прывёз з Масквы званне “Залаты голас Расіі-2014”, прыняўшы ўдзел у аднайменным тэлевізійным конкурсе. Артысты прымушалі захапляцца галасамі, акцёрскім майстэрствам, цудоўнай харэаграфіяй. А за сцэнай падтрымлівалі і хваляваліся за іх выкладчыкі: старшыня цыклавой камісіі баяна і акардэона Юрый Гальчэня, намеснік старшыні камісіі “Харэаграфічнае мастацтва (народная песня)” Марына Драпеза і іншыя.

Уладзімір Мазалеўскі, акампаніятар гарадскога Дома культуры, як аказалася, таксама малады спецыяліст і зусім нядаўна з’яўляўся навучэнцам гэтага каледжа. Таму свята стала для яго яшчэ і прыемнай сустрэчай з выкладчыкамі, сябрамі.

Дзень маладых спецыялістаў прайшоў на адным дыханні. Мерапрыемства атрымалася разнапланавым, цікавым і запамінальным. Хочацца спадзявацца, што кожны пачуў для сябе нешта карыснае і цікавае, убачыў увагу і клопат, з якімі адносіцца да іх мясцовая ўлада. Мядзельшчына — прыгожы і перспектыўны раён. Няхай жа ў пераліку яго будучых здабыткаў будзе і ўклад тых, хто сёння толькі пачаў тут свой працоўны шлях.

Іна ЯРЧАК.

На здымках: 1. Марыя Мацук, праграміст УП “Ілаўскае”, Уладзімір Мазалеўскі, акампаніятар гарадскога Дома культуры, і Анастасія Козел, выхавальнік НДЦ “Зубраня”; 2. Юлія Кныш, выхавальнік НДЦ “Зубраня”; 3. Навучэнкі Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў; 4. Падчас наведвання музея Народнай славы.

Фота аўтара.

Галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Анжаліка РАСКОВА:

— У арганізацыі аграпрамысловага комплексу Мядзельшчыны ў гэтым годзе працаўладкавана 26 маладых спецыялістаў. Сярод іх 15 — з вышэйшай адукацыяй: 4 эканамісты, па столькі ж заатэхнікаў і інжынераў, ветурач, аграном, бухгалтар. Адзінаццаць чалавек маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Усім ім выплачана грашовая дапамога ў памеры месячнай стыпендыі, разавую дапамогу ў памеры месячнай тарыфнай стаўкі (аклада) па месцы працы ў сувязі з пераездам у іншую мясцовасць атрымалі 18 чалавек (8 працаўладкаваны па месцы жыхарства), усім устаноўлены штомесячныя даплаты ў падвоеным памеры тарыфнай стаўкі першага разраду, якія выплочваюцца на працягу першых двух гадоў працы. Акрамя гэтага, маючым патрэбу ў жыллі прадастаўлена 10 дамоў, кватэра, 4 месцы ў інтэрнаце.