Уражанне — цудоўнае

236

Уражанне - цудоўнаеЮЛІЯ Шадзько прыехала на Мядзельшчыну па размеркаванні. Больш года адпрацавала ў Крывічах у тамтэйшым таварыстве, а затым “перавялася” ў ААТ “Свір-Агра”. Займае пасаду інжынера па тэхніцы бяспекі.

— Родам з Віцебска, — расказвае Юлія Уладзіміраўна. — Закончыла Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці тэхнік-электрык. Мой тата энергетык, і маці звязана з электронікай, працуе на прадпрыемстве па выпуску тэлевізараў. Вось і я вырашыла прадоўжыць дынастыю. А што атрымаецца, будучыня пакажа.

— І як працуецца?

— Пакуль асабліва мяне не нагружаюць, унікаю ў курс справы. Але прыйдзе вясна, і клопату значна дабавіцца. Бо работы на такой пасадзе ў напружаны перыяд сельскагаспадарчай кампаніі, вядома ж, нямала. Дапамагаюць асвоіцца старэйшыя таварышы. У прыватнасці, Люцына Іосіфаўна Дубко — інспектар аддзела кадраў. Яна шмат год працуе ў гэтай гаспадарцы, добра ведае людзей. І, увогуле, да мяне тут ставяцца добразычліва, падказваюць, раяць. Дзякуй ім за гэта.

— А якое ўражанне ад новых мясцін?

— Цудоўнае! Нарачанскі край прыгожы, непаўторны. Так што, тут і пэўнага вопыту назапашуся, і на мясцовыя краявіды падзіўлюся. І, думаю, застануцца яны ў памяці надоўга.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: малады спецыяліст Юлія Шадзько.

Фота Георгія Прысмакова.