У Віталія — 100 балаў па матэматыцы

262

d0b1d0b0d0bbd0b0d188d0bad0b0Нядаўна стала вядома, што выпускнік гімназіі-інтэрната г. Мядзел Віталій Балашка набраў 100 балаў са 100 магчымых на цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы, якое праводзілася ў Маладзечанскім політэхнічным каледжы. Днямі сустрэлася з хлопцам і пацікавілася наконт уражанняў, якія перапаўняюць яго пасля такога ашаламляльнага выніку.

— Віталій, скажы, калі ласка, як ты лічыш, чым выкліканы твой поспех на цэнтралі­заваным тэсціраванні?

— Найперш працай. Шмат чытаў спецыяльнай літаратуры. Многія кнігі мне давала мая бабуля Марыя Іванаўна, якая ўсё жыццё да выхаду на пенсію адпрацавала настаўніцай матэматыкі на Гродзеншчыне, дзе жыве і зараз. Не прапалі дарэмна заняткі на ўроках, дадатковыя, а таксама факультатыўныя. Многім абавязаны і настаўнікам: напачатку Мядзельскай СШ №1 імя У. М. Дубоўкі, а пасля гімназіі №1 г. Мядзел. І асабліва майму апошняму педагогу па гэтым прадмеце Таццяне Васільеўне Казельскай. Добрай школай стаў для мяне і ўдзел у алімпіядах раённага і абласнога ўзроўню.

— А як часта даводзілася выступаць на алімпіядах?

— Практычна з чацвёртага класа. Менавіта тады ўпершыню браў удзел у раённай алім­піядзе па матэматыцы, дзе заняў першае месца. І ў наступныя гады таксама неаднаразова выходзіў пераможцам раённай алімпіяды па матэматыцы. Нават выступаў на вобласці за раён. Сёлета, напрыклад, там зноў увайшоў у дзясятку мацнейшых.

— Значыцца, матэматыка, самы любімы твой прадмет?

— Так. Захапіўся ёй, як ужо і казаў, практычна з маленства. Мне заўсёды падабалася лі­чыць, рашаць задачы. Памятаю, як у дзяцінстве мне ў вольны час тата часта называў даволі вялікія лікі, якія я павінен быў у памяці скласці ці адняць. Коль­кі было радасці, калі тата хваліў за правільны адказ!

— Віталій, ці хваляваўся перад тэсціраваннем?

— Адразу не. Аднак, калі трэба сядзець у чаканні выпрабавання гадзіну, думкі ў галаву прыходзяць розныя. У такой сітуацыі наступае, вядома, і хваляванне.

— Ці цяжкімі табе падаліся заданні?

— Улічваючы тое, што пастаянна рыхтаваўся да алімпіяд па матэматыцы, шмат займаўся на занятках і дадаткова, большасць заданняў для мяне цяжкасці не ўяўляла. А вось над двума і асабліва над Б12 давялося пакарпець. Але, як бачна, і з імі справіўся. Так што ўсё нармальна.

— Матэматыка — навука канкрэтная, там вады не нальеш. Згодзен са мной?

— Зразумела. Па матэматыцы трэба ведаць формулы, тэарэмы, умець рашаць задачы. А таму неабходны не толькі грунтоўныя веды па прадмеце, але і разуменне яго. Ніякае завучванне не дапаможа, калі не бу­дзеш ведаць, у чым справа, і не зможаш прымяняць формулы ў рашэнні задач.

— Ці чакаў ад сябе сам такога высокага выніку?

— Па праўдзе кажучы, не.  Для мяне і самога такі вынік быў неспа­дзяваным. Затое парадаваўся гэтаму ад душы.

— І як паводзіў сябе ў той момант?

— Ад эмоцый не знаходзіў сабе месца. Радасны і ўзрушаны ха­дзіў з аднаго канца пакоя ў другі. Потым патэлефанаваў маме, тату, дзядулю з бабуляй, бабулі на Гро­дзеншчыну, расказаў пра вы­ні­кі тэсціравання. Усе мяне шчыра віншавалі, радаваліся за мяне.

— Віталій, а як здаў ты ін­шыя тэсты?

— Таксама нармальна. Па фізіцы ў мяне 82 балы, а ўвогуле разам з атэстатам набраў 361 бал.

— Цікава, а  як твае сябры справіліся з няпростым выпрабаваннем?

— Таксама, лічу, нядрэнна. Многія атрымалі па матэматыцы 76, 75, 71 бал, па фізіцы — таксама ў гэтым дыяпазоне, па беларускай мове — і 83, і 79…

— А куды, калі не сакрэт, ты збіраешся паступаць?

— Яшчэ дакладна не вызначыўся: ці ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, ці ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектро­нікі. Аднак маім прызваннем была і застанецца матэматыка. Дарэчы, веды па інфарматыцы ў маёй будучай спецыяльнасці таксама спатрэбяцца.

— Дзякуй за размову. Ад душы жадаю ўдачы, поспехаў і, вядома, ажыццяўлення мар.

Гутарыла

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: Віталій Балашка.

Фота Ігната Лубнеўскага.