У лагеры «Сонейка» — настрой сонечны

314

dsc00779ЛЕТА — самая спрыяльная пара для адпачынку і аздараўлення. Многія хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем бавяць час у аздараўленчых лагерах. Адзін з іх, «Сонейка», створаны і працуе на базе ДУА «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі». Чым займаюцца дзеці, якія мерапрыемствы тут ладзяцца? Адказаць на гэтыя і іншыя пытанні папра­сіў дырэктара аздараўленчага лагера Я. С. ЧАРНЯЎСКУЮ.

— Размову хачу распачаць радкамі верша:

«Семь чудес у радуги,

Семь чудес на свете,

Но есть чудо главное —

Это наши дети!».

Менавіта такі падыход да арганізацыі адпачынку школьнікаў у педагогаў, якія тут працуюць. У Цэнтры творчасці прыярытэтнае месца заўсёды займае яе вялікасць — Творчасць. Крэатыўны, неардынарны падыход прад’яўлены да планавання работы. Педагогі засяродзілі ўвагу на цікавых гульнявых праграмах. На працягу змены яны змяняюць адна адну: «Здаровым будзеш — усё здабу­дзеш», «Рознакаляровая гульня», «Парад загадак», «Ці­каўная Варвара», «У гасцях у Бабкі Ёжкі», «Турнір для сапраўд­ных рыцараў», «Злёт Ва­сіліс» і іншыя.

Для кемлівых і цікаўных хлопчыкаў і дзяўчынак, а цяперашнія дзеці ўсе такія, праводзяцца пазнавальныя мерапрыемствы: вік­тарыны, турніры, пазнавальна-конкурсныя праграмы. Ужо самі назвы («Жи­тели леснога царства, зелёного государства», «Падарожжа ў краіну здароўя», «Краіна Светлафорыя запрашае…», «Носікі-курносікі», «Па старонках кнігі рэкордаў Гінеса») выклікаюць жаданне паказаць сябе сапраўдным знаўцам.

Паколькі ў Цэнтры, як казала раней, сапраўднай гаспадыняй з’яўляецца творчасць, то пад кіраўніцтвам майстроў-педагогаў паціху, але з вялікім цярпеннем, дзеці плятуць саламяныя кветкі, удасканальваюць сваё ўменне ў маляванні, знаёмяцца з тэхнікай «квілінг», спрытна авалодваюць ніцяной графікай, арыгамі. Спрабуюць яны сябе і ў ролі артыстаў лялечнага тэатра.

— Ядвіга Савельеўна, а ці прадугледжаны рухомыя гульні, экскурсіі і падарожжы?

— А як жа! Рух — гэта жыццё. Але рух патрэбна накіроўваць у правільнае рэчышча. Таму кожны дзень у лагеры пачынаецца з энергічнай зарадкі. А потым арганізоўваем цікавыя спартыўныя спаборніцтвы, рухомыя гульні на свежым паветры, адпачынак на пляжы. Не здзіўлюся, калі бацькі пасля заканчэння змены не пазнаюць сваіх дзетак. Дзяўчынкі стануць грацыёзнымі, хлопчыкі надзвычай галантнымі. Гэтаму іх вучаць у танцавальным гуртку. Дарэчы, адзін дзень у змене нават носіць назву «У стылі танца».

Цэнтр духоўна-маральнага развіцця «Гармонія» гасцінна адчыняе дзверы для нашых дзетак. Тут яны знаёмяцца з бібліяй, з цікавасцю глядзяць фільмы, якія накіраваны на выхаванне дабрыні, міласэрнасці, спагады. Сустрэча са святаром таксама выклікае цікавасць.

Упэўнена, што экскурсія ў дэндрасад надасць толькі станоўчыя эмоцыі. Тут хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі палюбуюцца прыгажосцю нарачанскай прыроды, але і ўбачаць шмат экзатычных раслін з розных куточкаў зямнога шара.

Кінафільмы, экскурсіі, прагулкі па экалагічнай сцяжынцы ўздоўж  возера Мястра, гутаркі ў дзіцячай бібліятэцы, знаёмства з выставай творчых работ у Цэнтры… Гэта далёка не поўны пералік таго, што арганізавана для дзяцей, што зробіць іх адпачынак цікавым і запамінальным.

Вялікі дзякуй варта сказаць поварам за каларыйнае і смачнае харчаванне ў сталовай гімназіі-інтэрната г. Мядзел. Шчырая падзяка і яе адміністрацыі за прадастаўленую магчымасць арганізаваць пасляабедзенны сон, які так важны для паўнацэннага адпачынку.

— Чаму лагер назвалі «Сонейка»?

— Таму, што з сонечнай усмешкай мы сустракаем дзетак і, вядома ж, атрымліваем такую сонечную ўсмешку ў адказ. А гэта азначае, што адпачынак арганізаваны на ўзроўні.

Гутарыў

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: юныя гараджане падчас адкрыцця змены ў аздараўленчым лагеры «Сонейка».

Фота аўтара.