Школа мужнасці і вынослівасці

294

Школа мужнасці і вынослівасціНАПЯРЭДАДНІ Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прыйшоў у чарговы адпачынак дадому Валерый Касеяненка з к. п. Нарач. Юнак служыць у Віцебскай асобнай гвардзейскай брыгадзе сіл спецыяльных аперацый і гэтым вельмі ганарыцца.

Да арміі хлопец вучыўся ў Пастаўскім сельскагаспадарчым каледжы. Пасля некаторы час працаваў у складзе брыгады «Нарачпрафбуда» на будаўніцтве мядзельскай гасцініцы.

— Служыць у войску, — расказвае, — хацелася. Тым больш у такім прэстыжным родзе войскаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Лічыць, што кожны юнак павінен прайсці праз гэта. Дзівіцца, як можна, не трымаючы ніколі ў руках зброі, стаць пры неабходнасці абаронцам сваёй Айчыны.

— Ці проста быць салдатам? — пацікавілася ў Валерыя.

— Няпроста толькі напачатку, бо складана адразу з грамадзянкі прывыкнуць да жыцця па распарадку, да строгай дысцыпліны. Шмат увагі ўдзяляецца і фізічнай падрыхтоўцы.

З размовы з Валерыем даведалася, што яму засталося служыць толькі тры месяцы. Разам з ім тады прызываліся ў армію Вячаслаў Карпечанка з к. п. Нарач і Уладзімір Казлоўскі з вёскі Камарова, што на Свіршчыне. Землякі ёсць землякі, падтрымліваюць адзін аднаго, дапамагаюць. Валерый і Вячаслаў служаць у адной роце, абодва маюць званне гвардыі старшы сяржант, выконваюць абавязкі намеснікаў камандзіраў узводаў. Уладзімір — гвардыі малодшы сяржант. У апошні прызыў Віцебская асобная гвардзейская брыгада сіл спецыяльных аперацый папоўнілася новымі салдатамі. Ёсць сярод іх і мядзяльчане: Пётр Міронаў і Іван Бажэлка.

— А што армія табе асабіста дала? — папыталася ў Валерыя.

— Лічу, што не толькі мне, але і ўсім хлопцам армейская служба прынесла толькі добрае. Яна навучыла дысцыплінаванасці, адказнасці, калектывізму, уменню падставіць адзін аднаму плячо. Увогуле гэта выдатная школа мужнасці і вынослівасці.

На развітанне Валерый папрасіў абавязкова напісаць у газеце, каб юнакі не баяліся арміі. Толькі да службы, па яго меркаванні, трэба загадзя рыхтавацца: загартоўваць сябе фізічна, актыўней займацца спортам, весці здаровы лад жыцця. А што датычыць майго суразмоўцы, то ён пасля звальнення ў запас збіраецца прысвяціць сябе службе ў сілавых структурах. Дык няхай жа мары юнака ажыццявяцца, і ён знойдзе для сябе дастойнае месца ў жыцці.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: Валерый Касеяненка.

Фота Георгія Прысмакова.