Прызванне хлопца — геаграфія

301

p6080215Сёлетні выпускнік Нарацкай СШ №2 Піліп Путра прызнаецца, што жаданне паглыблена вывучаць геаграфію з’явілася ў яго пасля таго, як разам са сваім былым аднакласнікам Лёшам Саковічам, яшчэ будучы сямікласнікамі, сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага конкурсу навукова-практычных работ.

— Нашымі  сапернікамі тады былі дзевяці-, дзесяці- і адзінаццацікласнікі, —  апавядае юнак. — Тым не менш, работа была прызнана адной з лепшых. Прысвячалася яна тыповай для Нарачанскага рэгіёну праблеме  —  вывучэнню цэркарыёзу. Такую ідэю прапанавала настаўніца геаграфіі Таццяна Уладзіміраўна Пракоп. А мы яе з Лёшам падхапілі і паспрабавалі не толькі прааналізаваць, але і прапанаваць свае шляхі вырашэння хвалюючага многіх пытання. Першае месца на прэстыжным конкурсе сапраўды натхніла нас на працяг работы ў сферы навукова-практычнай дзейнасці. З таго часу я ўжо неаднаразова са сваімі працамі ўдзельнічаў у абласных і рэспубліканскіх конкурсах. А летась мяне зноў чакаў поспех: трэцяе месца на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі. Дзякуючы гэтаму стаў і стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі  Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

— З якой работай ты там выступаў? — пацікавілася ў Піліпа.

— «Экалагічнае  даследаванне ручаёў, якія ўпадаюць у возера Нарач», —  адказаў мой суразмоўца. — Матэрыял выкарыстаны поў­насцю мясцовы. За гэта вельмі ўдзячны свайму навуковаму кіраўніку Таццяне Ула­дзіміраўне Пракоп. Гэта менавіта яна пасеяла ў маёй душы  любоў да геаграфіі.

Як высветлілася ў ходзе размовы, Піліп рознабакова развітая асоба. Ён нядрэнна іграе на гітары і нават сам спрабуе пісаць песні. Некалькі год таму падлетак удзельнічаў у конкурсе бардаўскай песні. Прычым гэтаму хобі ён прысвячае свой вольны час і зараз. А яшчэ юнак захапляецца спортам. Ён увогуле прыхільнік здаровага ладу жыцця.

— Кім збіраешся стаць? — запыталася ў хлопца.

— Бачу сябе географам, — адразу ж адказаў ён. — А таму збіраюся стаць студэнтам геафака Белдзяржуніверсітэта. Чаму паступаю туды?  Усё даволі проста: мне падабаецца вывучаць краіны, штосьці новае і цікавае даведвацца пра свет. Ну а ў будучым мару стаць вучоным. Мяне хвалююць праблемы змяншэння запасаў прыродных рэсурсаў і глабальнага  пацяплення. Многія б’юць трывогу, аднак шляхоў вырашэння дадзеных праблем адшукаць яшчэ нікому не ўдалося. Магчыма, мне пашанцуе штосьці зрабіць у гэтым накірунку. Атрымаецца ці не — час пакажа.

Юнак удзячны свайму навуковаму кіраўніку, іншым настаўнікам Нарацкай СШ №2  за прывіццё яму і астатнім вучням цягі да ведаў, адказнасці за свае ўчынкі і паводзіны, а таксама жадання мэтана­кіравана ісці да сваёй мэты. А яшчэ Пі­ліп удзячны за падтрымку бацькам і сяб­рам. Усе яны верылі ў яго і шчыра жадалі ўдачы і поспехаў. Напрыклад, мама Марыя Пі­­лі­паўна напачатку, калі сыну іншы раз хацелася пабегаць з дзецьмі, а не садзіцца за даследаванні, старалася пераканаць яго ў важнасці гэтай справы. Яна вучыла яго не спыняцца на дасягнутым, ніколі не кідаць пачатае на паўдарозе. Такога мер­кавання прытрым­лі­ваўся і тата Віталій Ва­сільевіч. Цяпер Пі­ліп вельмі рады, што бацькі таксама асэнсавана падштурхоў­валі яго да заняткаў
сур’ёзнай навуковай працай. А самае галоўнае, што, дзякуючы сумесным намаганням урэшце і атрымаўся доўгачаканы вынік, якім ён поўнасцю задаволены.

На развітанне пажадала юнаку ажыццяўлення задуманага. У адказ пачула наступнае:

— Дабіцца нечага ў жыцці, лічу, усім хочацца. Таксама і мне. Вядома, цудоўна, калі мары збываюцца. Але кім бы мы не сталі, якую б дарогу для сябе не выбралі, галоўнае ісці па ёй Чалавекам. Так-так, менавіта Чалавекам з вялікай літары. Гэта нашмат каштоўней любых званняў і пасад.

Да слоў Піліпа Путры і дабавіць няма чаго. Ім усё сказана. Разумна і правільна. Хочацца толькі, каб такога меркавання прытрымліваліся і іншыя маладыя людзі.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: Піліп Путра.

Фота Таццяны Несцярэнкі.