Працуюць студэнцкiя атрады

308

p7120002Сёлета ўпершыню да студэнцкага працоўнага лета далучы­ліся школьнікі азёрнага краю. Як расказала начальнік штаба працоўных спраў пры раённым камітэце ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Кацярына Пятроўна Роліч, напачатку сабралі банк даных пра юнакоў і дзяўчат, якія пажадалі падчас летніх канікулаў і карысць дзяржаве прынесці, і крышку падзарабіць. Затым вызначыліся з наймальнікамі, гатовымі прыняць падлеткаў на работу. На сёння заключана 6 дагавораў з кіраў­ніцтвам асобных прадпрыемст­ваў і сельскагаспадарчых аргані­зацый, куды працаўладкоўваюцца падлеткі. Такім чынам будзе функцыянаваць на працягу лета 7 атрадаў. У тым ліку два на базе прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Дарэчы, адзін з іх днямі закончыў сваю работу. Акрамя таго, па адным атрадзе будзе створана пры ўнітарным прадпрыемстве «Мядзельская ЖКГ», птушкафабрыцы «Новая зара», ААТ «Будслаўскае», «Свір-Агра», «Сват­кі». У Свіры, напрыклад, будуць задзейнічаны навучэнцы сель­скагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Як даведалася, не ўсе жадаючыя змаглі патрапіць у студэнцкія атрады. Найважнейшай перашкодай на гэтым шляху стала медыцынская камісія, якая адсеяла тых, у каго былі супраць­паказанні па стану здароўя.

— На якіх работах былі і надалей будуць задзейнічаны школь­нікі? — пацікавілася ў Кацярыны Пятроўны. У адказ пачула:

— Першы з атрадаў — экала­гічнага накірунку. А таму моладзь займалася ў асноўным добраўпарадкаваннем тэрыторыі прадпрыемства. Акрамя таго, частка падлеткаў працавала на вытворчых участках. У прыватнасці, на ачыстцы  ад карчоў меліярацыйнага аб’екта ў Кавалях, узвядзенні новай фермы ў Старлыгах і малочнага цэха на ферме «Лук’янавічы». Астатнія — будуць задзейнічаны на жніве: памочнікамі камбайнераў, на збож­жатоках. А працуючыя ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы зоймуцца добраўпарадкаваннем горада.

— Ці ажыццяўляеце кантроль за работай падлеткаў? — запыталася ў сваёй суразмоўцы.

— Так, абавязкова. Наш штаб пастаянную сувязь падтрымлівае з кіраўнікамі прадпрыемстваў,  дзе працаўладкаваны юнакі і дзяўчаты, з замацаванымі за імі майстрамі. Бываючы на аб’ектах, цікавімся і ў саміх падлеткаў умовамі работы, ці ёсць якія праблемы. Дарэчы, згодна  з артыкулам 114 Працоўнага кодэкса для  іх устаноўлена скарочаная працягласць рабочага часу: ва ўзросце ад 14-ці да 16-ці год не больш 23, а ад 16-ці да 18-ці год —  не больш 35 гадзін у тыдзень.

Падчас нядаўняга наведвання ПМС пацікавілася ў членаў студэнцкага атрада, як  ім працуецца на прадпрыемстве. Яго камандзір Наталля Бажэлка, вучаніца гімназіі-інтэрната г. Мядзел, прызналася, што ім увогуле падабаецца дапамагаць дарослым і  адчуваць сябе патрэбнымі. Задаволена сваёй работай у атрадзе і Вераніка Таразевіч.

Добрыя выказванні ў адрас падлеткаў давялося пачуць ад загадчыка майстэрань ПМС Аляксандра Іванавіча Кавальчука, які, у прыватнасці, сказаў наступнае:

— Прыемна, што студэнцкія атрады зноў адрадзіліся. У свой час і я быў актыўным удзельнікам гэтага руху, пра што ўспамі­наю і зараз з вялікім задавальненнем. А што датычыць школьнікаў, якія працавалі ў мех­майстэрні, то нараканняў у іх адрас няма. Наадварот, значную дапамогу аказалі нам падлеткі.  І добраўпарадкаваннем тэрыторыі займаліся, і пафарбоўчыя работы выкон­-
ва­лі. Прычым шчыра, з душой. І на скла­дзе металалому дзякуючы менавіта ім цяпер выключны парадак. Зной­дзец­ца справа і членам другога атрада, які бу­дзе ў хуткім часе зноў працаваць на прадпрыемстве. Мя­не асабіста радуе, што клопат пра нашу будучыню — моладзь — у краіне праяўляецца. Бачна гэта і ў нашым раёне, у тым ліку на прыкладзе студэнцкіх атрадаў, якія, перакананы, з’яўляюцца добрай школай выхавання ў падрастаючага пакалення руплівасці, адказнасці, гаспадарлівых адносін да даручанай справы.

Перад тым, як развітацца, Кацярына Пятроўна Роліч паведаміла, што ў вобласці  аб’яўлены па выніках трэцяга працоўнага семестра конкурс на лепшыя студэнцкі атрад і наймальніка. Прапанавана 10 намінацый. Дык вось, у трох з іх,  а гэта: «Лепшы экалагічны атрад», «Лепшы камандзір атрада», «Лепшы наймальнік» збіраюцца ўдзельнічаць і мядзельцы. Пажадаем ім поспехаў у такім добрым пачынанні!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: група ўдзельнікаў першага студэнцкага атрада.

Фота Таццяны Несцярэнка.