Патрыятычная акцыя “Мама, імя тваё я нясу праз жыццё як святыню”ПА ініцыятыве БРСМ 8 кастрычніка прайшла патрыятычная акцыя “Мама, імя тваё я нясу праз жыццё як святыню”, прымеркаваная да Тыдня маці. У рамках яе маладзёжныя лідары — в. а. першага сакратара райкама грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Кацярына Якубоўская і педагог-арганізатар ДУА “Гімназія-інтэрнат г. Мядзела” Анастасія Гансецкая наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу в. Занарач. Там дружнай сям’ёй пражываюць разам з удачаронай Кацяй 9 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, — падапечных Жанны Станіславаўны Кавальскай і 4 дзяцей з прыёмнай сям’і Пятра Дзмітрыевіча Івашчука. Прыёмнай маме былі ўручаны кветкі, невялікі падарунак і як сімвал падтрымкі і разумення — дрэва. Яго затым гаспадыня дома сямейнага тыпу разам са сваімі выхаванцамі пасадзіла на прысядзібным участку. Будзем спадзявацца, што яно прыжывецца і будзе расці, набірацца сіл, каб кожны год з прыходам вясны радаваць насельнікаў дома, дарыць ім добры настрой, веру і надзею ў светлае заўтра.