На п’едэстале славы

257

Звычайны вясковы хлопец з Лушчыкаў (Свірскі пассавет) Сяргей Багуцкі ў свае 25 год мае званне майстра па гіравым спорце, неаднаразова выходзіў чэм­піёнам сталічнай вобласці сярод юніё­раў, чатырохразовым прызёрам рэспублікан­скіх спаборніцтваў сярод служачых Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і, нарэшце — чэмпіёнам Рэспублікі.

Спартыўных тытулаў багата. А ўзнагарод, сярод якіх кубак за 1-ае месца, дыпломы, граматы, медалі, у калекцыі спартсмена яшчэ больш. Адны захоўваюцца на пажарным аварыйна-выратавальным пасту № 15 пасёлка Свір, дзе Сяргей служыць камандзірам аддзялення. Іншыя — дома. На ганаровым месцы — медаль, які ў мінулым годзе заваяваў на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Мінску. Прыемнымі ўспамінамі нагадвае ён пра тое, якой цаной дасталося спартсмену званне чэмпіёна.

— Штодзённыя напружаныя трэніроўкі і… хваляванні. Без іх, на жаль, не абыходзіцца, — расказвае Сяргей. — Калі бачыш падчас спаборніцтваў дастойных сапернікаў, складана не разгубіцца. Тут важна сканцэнтравацца, сціснуць сябе, як кажуць, у кулак і дасягнуць пастаўленай мэты. Я, безумоўна, задаволены вынікамі і самім сабой. Але найбольш удзячны тату, які заўсёды быў для мяне добрым прыкладам.

Нямала славы і прызавых месцаў у свой час прынеслі
А. А. Багуцкаму спаборніцтвы па гіравым спорце, лыжных гонках, боксе… І сёння ён не здраджвае свайму захапленню. Кажа, што актыўны лад жыцця дапамагае быць у добрай фізічнай форме. «А эстафета кубкаў, грамат і па­дзяк цяпер па праву перайшла да сына», — усміхаецца Аркадзь Аркадзьевіч.

А пачыналася ўсё вельмі проста. Вучыўся тады Сяргей у сёмым класе. Аднойчы запрасілі хлопца адстаяць гонар сваёй школы — прыняць удзел у спартыўных спаборніцтвах. На шчасце, яны прайшлі паспяхова. Пачэснае трэцяе месца стала той прыступкай, якая паступова і вывела юнака на п’едэстал славы. Пайшлі абласныя, рэспубліканскія спаборніцтвы… І прызавыя месцы. Давялося за званне мацнейшага гіравіка змагацца з чатырохразовым чэмпіёнам свету, заслужаным майстрам спор­ту Рэспублікі Беларусь Ва­дзімам Сігневічам.

Колькі часу лёс будзе пры­хільным да Багуцкага, адкрываючы перад ім цікавыя, пакуль не зведаныя шляхі-дарогі ў вялікі спорт, пакажа жыццё. Ва ўсялякім разе шчыра яму гэтага жадаем. Але ёсць верагоднасць, што праз коль­кі год добрая справа спартсмена пакліча да сябе і яго, цяпер пакуль маленькага, сыночка Фабіяна…

Таццяна НЕСЦЯРЭНКА.