Моладзь не падводзіць

244

dsc09105

НЯДАЎНА калектыў работнікаў Крывіцкага сельвыканкама папоўніўся маладым спецыялістам. На пасаду галоўнага бухгалтара прыйшла працаваць Анастасія Віктараўна Дзяконская.

— Гэта старанная, акуратная дзяўчына. З адказнасцю адносіцца да даручанай справы. Пасада ў яе клапатлівая — галоўны бухгалтар. Працуе ў нас з 11 студзеня бягучага года. Часу зусім мала. Але для Анастасіі яго было дастаткова, каб сваёй добразычлівасцю, працаві­тасцю заваяваць аўтарытэт і павагу іншых членаў нашага нешмат­лікага калектыву, — гаворыць старшыня сельвыканкама Наталля Ва­сільеўна Бялоўская. — Моладзь не падводзіць…

Прыемна, калі кіраўнік дае добрую характарыстыку маладому спецыялісту, цёпла і шчыра адгукаецца пра яго. Таму вырашыў пагутарыць з А. В. Дзяконскай.

З размовы высветлілася, што нарадзілася і вырасла Анастасія ў вёсцы Кальчуны, што ў Ашмянскім раёне. Абраць будучую прафесію было ёй не проста. Мама жадала, каб дачушка стала працягваць яе справу. Сама яна настаўніца — выкладае біялогію і хімію.

— А мне падабалася прафесія бухгалтара. Гэта на першы погляд, бухгалтар працуе толькі з лічбамі. На самай справе за гэтымі лічбамі хаваецца дзейнасць кожнага работ­ніка і ўсяго калектыву. Вось і падала дакументы ў Ашмянскі аграрна-эканамічны каледж, — кажа Анастасія Віктараўна. — Пасля размеркавання працаваць накіравалі ў «Пруднікі-Агра».

— Як прыняў калектыў?

— Вельмі добра. Прызначылі на пасаду бухгалтара па зарплаце. Зразумела, на першым часе многага не ведала. Але мяне не пакінулі сам-насам з усімі праблемамі. Заўсёды адчувала і адчуваю дапамогу і падтрымку старэйшых таварышаў…

— Як вам падаліся Крывічы?

— Цудоўнае месца. Пасёлак ціхі, чысты. Ёсць школа, бальніца, пошта, Дом культуры, шмат магазінаў. Непадалёку працякае рэчка, праходзіць чыгунка. Не шкадую, што лёс закінуў менавіта сюды, — чую ў адказ. — Тут мне падабаецца…

Не лішнім будзе сказаць, што ў Крывічах Анастасія сустрэла сваё каханне. Запаў ёй у сэрца малады аграном Аляксандр Яўгенавіч Дзяконскі. Пакахалі адзін аднаго, а ў чэрвені мінулага года і вяселле згулялі.

— Дзе жывяце?

— Гаспадарка выдзеліла Аляксандру дыхтоўны катэдж па вуліцы Багдановіча. Зараз паціху абжываемся: набываем мэблю, нават жыўнасць завялі — трусоў, ката і сабаку. Магчыма з часам гаспадарку павялічым, — адказвае Анастасія Віктараўна.

— А як складваюцца адносіны са свяк­роўю і свёкрам? — цікаўлюся.

— Добра. Я ўдзячна Богу, што ён звёў з такімі чулымі і спагадлівымі людзьмі. Свякроў працуе поварам у спецвучылішчы, свёкар — вадзіцелем аўтамабіля на Крывіцкім вытворчым участку «ДРБУ-133». Мы дапамагаем ім, яны — нам. Жывём дружна. Я езджу на сесіі, яны дапамагаюць Сашу гаспадарыць. Завочна вучуся на другім курсе Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Набываю спе­цыяльнасць эканаміста, — з гонарам гаворыць суразмоўца. — Работа падабаецца, ёсць жыл­лё, каханы муж. Што яшчэ трэба?!

— Напэўна, каб вашу хату напоўніў дзіцячы смех.

— Згодна. Дасць Бог, будуць і дзеці…

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымку: галоўны бухгалтар Крывіцкага сельвыканкама А. В. Дзяконская.

Фота аўтара.