Моладзь і ініцыятыва

226

У пачатку жніўня дзіцячы аздараўленчы лагер «Русалачка» прыняў у сваіх сценах маладзёжны шматпрофільны перасоўны цэнтр «Ініцыятыва», арганізатарамі якога выступілі  ад­дзел па справах моладзі райвыканкама і раённы камітэт грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі». Першым этапам «ініцыятыўнай» конкурснай праграмы стаў чэмпіянат па зборы пазлаў «Беларусь і Я». Удзел у ім прынялі 6 каманд. Спачатку дзеці наперабой  расказвалі пра славутасці нашай Радзімы, якія з’яўляюцца візітнай карткай Беларусі. А затым з азартам збіралі з фрагментаў Нацыянальную бібліятэку, Мінск-арэну, карту Рэспублікі Беларусь і іншыя значныя аб’екты і збудаванні.

Другі этап праграмы — брэйн-рынг пад назвай «Здароўе — гэта здорава». Дзецям задавалі пытанні з раздзелаў «Азбука харчавання, «У царстве гігіены», «Курыць не модна», «Зялёная аптэка» і іншых. Прыемна было назіраць, як яны горача абмяркоўвалі розныя версіі і правільна адказвалі. Усе засталіся задаволенымі, з усмешкамі на тварах, з масай эмоцый, а на памяць пра мерапрыемства кожны ўдзельнік атрымаў прызы.

К. РОЛІЧ.

Выконваючая абавязкі першага сакратара РКГА «БРСМ».