Моладзь — будучыня краiны

305

brsm_emblo8-9 снежня бягучага года ў Мінску прайшоў 41 з’езд грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».  Мядзельшчыну на ім прадстаўлялі тры дэлегаты. У тым ліку першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Г. М. КРАСОЎСКАЯ. Сваімі ўражаннямі пра работу мала­дзёжнага форуму і папрасіла падзяліцца Галіну Міхайлаўну:

— Цяперашні 41 з’езд Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі быў, напэўна,  самым нефармальным за ўсю  гісторыю існавання грамадскага аб’яднання. Пляцоўка для  яго правядзення была выбрана, на мой погляд, удачна: сталічны Палац спорту і… ніякіх прэзідыумаў, доўгіх дакладаў і пасяджэнняў. Умовы для прэзентацыі творчых праектаў, якіх у юнакоў і дзяўчат з Беларусі шмат, самыя спрыяльныя. Пра дасягненні не расказвалі, іх паказвалі. Аўтары найбольш паспяховых творчых і тэхніч­ных праектаў змаглі прадставіць дэлегатам і гасцям з’езда свае працы. Скажу шчы­ра: паглядзець на самай справе было на што. Конкурс «100 ідэй для Беларусі», які БРСМ праводзіў на працягу некаль­кіх месяцаў, стаў сапраўдным «творчым узрывам». Журы выбрала 100 самых яркіх работ і паабяцала найбольш цікавыя распрацоўкі ўкараніць на практыцы. Не было раўнадушных і падчас дабрачыннага канцэрта «Усе фарбы жыцця для цябе» валанцёрскага руху «Добрае сэрца». Ён адбыўся ў першы дзень работы форуму і сабраў больш дзвюх тысяч гледачоў. Дарэчы, атрыманыя ў хо­дзе канцэртнай праграмы срод­кі пойдуць цяжка хворым дзецям, якія знаходзяцца пад апекай дзі­цячага хоспісу. Вельмі шмат уражанняў па­кінула, вядома, сустрэча з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Яшчэ і сёння ўспамінаюцца многія слушныя выказванні кіраўніка
нашай дзяржавы, якія, безу­моўна, з’яўляюцца для нас мудрай падказкай, як жыць і будаваць свае адносіны далей.

Прыемна, што з дэлегацыяй ад Міншчыны, у складзе якой налічвалася 100 дэлегатаў, сустрэўся старшыня абласнога выканаўчага камітэта Барыс Васільевіч Батура. Размова атрымалася цёплая і разам з тым дзелавая. Звяртаючыся да нас, Барыс Ва­сільевіч, у прыватнасці, ад­значыў: «Для вас, маладых, адораных, актыўных, не існуе невырашальных праблем. Вы шмат робіце для моладзі, аднак мы чакаем ад вас яшчэ больш ініцыятывы і творчасці». Мяркую, словы гэтыя трэба прымаць як кіраўніцтва да дзеянняў. Таму мы на пленарным пасяджэнні раённай арганізацыі БРСМ, якое збіраемся правесці напрыканцы гэтага года, абавязкова зоймемся планаваннем яркіх, цікавых праектаў для моладзі саюза, якія пастараемся рэалізаваць у 2012 годзе.

З’езд — гэта не толькі падвядзенне  вынікаў работы, але і выпрацоўка задач на пер­спектыву. Прыемным момантам з’яўляецца прынятае рашэнне аб тым, што надалей фінал рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі» бу­дзе пастаянна адбывацца ў рамках «Дажынак», а на «Славянскім базары» ў Віцебску Дзень моладзі набудзе статус афіцыйнага мерапрыемства. Шмат цікавых задум для саюзнай моладзі і ў планах раённай арганізацыі.

Мы ўжо дасягнулі таго ўзроўню, калі членства ў аб’яднанні трэба заслужыць.  Спажывецкія адносіны трэба выкараняць. А таму маладыя людзі, прымаючы рашэнне аб уступленні ў БРСМ, замест пытання: «А што гэта мне дасць?», павінны задаваць наступнае: «Што я магу прапанаваць саюзу моладзі, каб жыць яго жыццём і справамі?». Пераканана, што раз­віццё карпаратыўнага духу дапаможа згуртаваць нашу каманду і прыцягнуць у яе рады новых неабыякавых, ініцыятыўных юнакоў і дзяўчат.

Запісала

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.