Молада — не зелена!

224

Молада — не зелена!ЗВЫЧАЙНА, гледзячы на юнакоў і дзяўчат, кажуць: “Молада — зелена!”. А вось да Кацярыны Роліч, як мне здаецца, гэта сцвярджэнне не падыходзіць.

Не зважаючы на малады ўзрост, нязначны вопыт работы, дзяўчына змагла праявіць сябе. Яна ўвогуле паказала свае выдатныя арганізатарскія здольнасці, актыўную жыццёвую пазіцыю, адказнасць, неабыякавасць.

Кацярына — карэнная мядзяльчанка. Нарадзілася 3 лістапада 1987 года ў сям’і рабочых. У 2005 годзе закончыла Мядзельскую СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Адразу ж паступіла вучыцца ў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт на факультэт “Хімічнай тэхналогіі і тэхнікі”. Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы атрымала кваліфікацыю “інжынера-хіміка-эколага”.

Калі вярнулася на радзіму, маладому спецыялісту прапанавалі папрацаваць на грамадскай рабоце. Так і стала дзяўчына ў верасні 2011 года другім сакратаром раённага камітэта

ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Першым сакратаром райкама “БРСМ” была на той час Галіна Красоўская, а Кацярына — яе галоўным дапамагатым. Шмат цікавых спраў на рахунку названага грамадскага аб’яднання, і ва ўсіх іх самы непасрэдны ўдзел прымалі сакратары райкама. Сярод іх усебеларускія акцыі “Моладзь — за незалежную Беларусь”, “Мы — грамадзяне Беларусі”, розныя дабрачынныя акцыі, конкурсы: маладых сем’яў “Уладар сяла”, мнагадзетных сем’яў, Дзень прызыўніка, іншыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да адметных дат календара, Тыдня маці, навагодніх святаў і г. д. Вялікая ўвага пастаянна надавалася выхаванню ў падрастаючага пакалення патрыятычных, грамадзянскіх пачуццяў і, найперш, любові да Беларусі, да мясцін, дзе юнакі і дзяўчаты нарадзіліся, жывуць. Гэтаму садзейнічалі ваенна-патрыятычныя гульні “Бастыёны мужнасці”, “Зарніца”, сустрэчы падрастаючага пакалення з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, воінамі-інтэрнацыяналістамі, афіцэрамі запасу і ў адстаўцы. Адметны след у юных душах пакідалі мерапрыемствы, арганізаваныя напярэдадні Дня Перамогі, а таксама вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Самае значнае з іх — сустрэча пакаленняў: ветэранаў вайны Мядзельскага і Вілейскага раёнаў са школьнікамі на комплексе “Партызанскія базы”, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаліся штаб партызанскай брыгады імя Варашылава і падпольныя Вілейскія абкамы Кампартыі і камсамола Беларусі. На гэтым святым месцы прымаюць у піянеры і члены “БРСМ” лепшых вучняў навучальных устаноў азёрнага краю. Дарэчы, часта другі сакратар райкама ГА “БРСМ” выступала ў ролі вядучай многіх раённых мерапрыемстваў. Прычым атрымлівалася гэта ў Кацярыны даволі нядрэнна.

Цеснае супрацоўніцтва склалася ў апошнія гады паміж моладдзю нашага і Рузскага раёна Маскоўскай вобласці. Дэлегацыя з Мядзельшчыны, у склад якой уваходзіла таксама Кацярына Роліч, наведвала і Падмаскоўе. Юнакі і дзяўчаты з Рузы прыязджалі ў Беларусь, арганізоўвалі сумесныя спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты, займаліся добраўпарадкаваннем месцаў пахавання рускіх салдатаў часоў Першай сусветнай вайны. “Такое супрацоўніцтва, — расказвала неяк Кацярына Пятроўна Роліч, — дапамагала лепш зразумець, што беларусы і рускія — братнія славянскія народы з агульнай гісторыяй, каранямі, культурнымі традыцыямі. І моладзі абедзвюх краін патрэбна сябраваць, як гэта рабілі ў свой час і зараз робяць нашы дзяды, бацькі”.

Добра зарэкамендаваў сябе і маладзёжны атрад аховы правапарадку, які актыўна па выхадных і святочных днях выходзіў на дзяжурства і дапамагаў несці падчас правядзення дыскатэк, іншых мерапрыемстваў службу супрацоўнікам міліцыі. Нездарма Кацярына Пятроўна ўзнагароджвалася па хадайніцтве раённага аддзела ўнутраных спраў граматай раённага выканаўчага камітэта за дапамогу работнікам праваахоўных органаў па ахове правапарадку ў райцэнтры. А ў ходзе абласнога конкурсу актыўных дапамагатых міліцыі граматай Мінскага абласнога камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” была адзначана Кацярына як лепшы камандзір маладзёжнага атрада аховы правапарадку.

Вялікую ўвагу ўдзяляла таксама другі сакратар райкама грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” працаўладкаванню юнакоў і дзяўчат азёрнага краю ў летні перыяд. Менавіта на яе долю выпала адраджэнне студэнцкіх атрадаў на Мядзельшчыне. І з гэтай задачай важак моладзі справілася дастойна. Калі ў 2011 годзе было працаўладкавана на летні час каля 20 чалавек, то ў наступныя 2012 і 2013 гады гэта лічба перавысіла 100. У адзначаны перыяд пад кіраўніцтвам начальніка Мядзельскага тэрытарыяльнага штаба студэнцкіх атрадаў Кацярыны Роліч дзейнічала звыш 14 студэнцкіх атрадаў, у ліку іх і экалагічны. Дарэчы, менавіта экалагічны атрад з Мядзела быў пазалетась прызнаны лепшым на Міншчыне і ўзнагароджаны граматай абласнога камітэта ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

З 1 верасня мінулага года па цяперашні час Каця з’яўляецца слухачом Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (Інстытут дзяржаўнай службы) на факультэце “Падрыхтоўка і перападрыхтоўка кіраўніцкіх кадраў” (форма навучання дзённая). Пасля заканчэння ўстановы атрымае дзяўчына спецыяльнасць “Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне”. Збіраецца вярнуцца на радзіму, каб атрыманыя падчас вучобы веды актыўна прымяняць на практыцы дзеля росквіту любай Мядзельшчыны, паляпшэння жыцця і дабрабыту яе жыхароў. Хачу пажадаць Кацярыне поспехаў і ажыццяўлення ўсіх запаветных мар. Няхай усё задуманае ёю збываецца!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: Кацярына Роліч.