Маладыя супрацоўніцы інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС

224

Маладыя супрацоўніцы інспекцыі па справах непаўналетніх РАУСІНСПЕКЦЫЯ па справах непаўналетніх існуе з чэрвеня 1935 года. І ўвесь гэты час яе супрацоўнікі займаліся папярэджаннем безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, абаронай іх законных правоў і свабод. За гады існавання падраздзялення добрую школу жыцця тут прайшлі многія ўчастковыя інспектары. У бягучым годзе сюды на службу прыйшлі новыя супрацоўнікі — Таццяна Харэвіч і Надзея Сідаровіч.

Напрыклад, Надзея ў 2011 годзе закончыла Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж па спецыяльнасці правазнаўства. Пачынала самастойную працу ў раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры юрыстам. Пэўны вопыт работы з непаўналетнімі, якія апынуліся па прычыне п’янства бацькоў у сацыяльна небяспечным становішчы, мае і стараецца прымяніць яго ў сваёй новай рабоце.

Таццяна Харэвіч закончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Два гады працавала настаўнікам хіміі і біялогіі ў Занарацкай СШ. Але дзяўчына з маленства марыла працаваць у міліцыі, дапамагаць непаўналетнім, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Таму яна кожнае лета прыходзіла ў інспекцыю і цікавілася працай тут. Нарэшце мара Таццяны ажыццявілася: яе запрасілі сюды на работу, чаму яна вельмі рада. Праўда, яшчэ сумуе па калектыву, дзе працавала, па дзецях, якіх вучыла. Тры месяцы маладая супрацоўніца праходзіла навучанне ў Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў МУС Рэспублікі Беларусь, атрымала званне лейтэнанта. Дарэчы, у іх радні яна не першы міліцыянер. Брат дзяўчыны служыць ва ўнутраных войсках. Стрыечны брат бацькі, яго жонка, іх дачка таксама звязалі свой лёс з міліцыяй.

Мяркую, што ў маладых супрацоўніц інспекцыі па справах непаўналетніх усё атрымаецца ў жыцці. І яны знойдуць задавальненне ад такой пачэснай і, разам з тым, вельмі напружанай, адказнай працы.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: маладыя супрацоўніцы інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Таццяна Харэвіч і Надзея Сідаровіч.

Фота Георгія Прысмакова.