І шкло загаварыла, ажыло

303

p1200009Днямі ў раённай дзіцячай бібліятэцы адбылася прэзентацыя выставы карцін на шкле вучаніцы 5 класа гімназіі-інтэрната Анастасіі Курніцкай. А называецца яна: «Планета дзяцінства  — планета радасці».

Жаданне бліжэй пазнаёміцца з працамі Насці прывяло сюды яе аднакласнікаў на чале з класным кіраўніком Наталляй Анатольеўнай Клімовіч. Ад убачанага ўсе былі проста ў захапленні. Многія нават не ведалі, што існуе такі від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як «Беларускія маляванкі на шкле».

Дарэчы, дзяўчынка ўжо год працуе ў гэтым накірунку. А параіла ёй заняцца не вельмі вядомым у нашай мясцовасці відам мастацтва яе бабуля Раіса Мікалаеўна Панамарова. Неяк у размове з унучкай яна прыгадала сваё дзяцінства. Ёй было гадоў сем-восем, калі бабуля падаравала ў рамцы карціну. Вельмі прыгожая была работа! Яна некаторы час вісела над акном у яе пакоі, а потым выпадкова разбілася. І калі Раіса пачала шукаць малюнак, які, па яе меркаванні быў пад шклом, то, вядома ж, не знайшла. Як жа можна ўбачыць тое, чаго на самай справе няма?! Затое валяліся на падлозе рамка, асколкі шкла, месцамі размаляванага, і фольга. Тады і зразумела Раіса, што работа, якую ёй падаравала бабуля, незвычайная. Значна пазней і пра новы від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва даведалася. Праўда, сама ім не захапілася. А вось ва ўнучкі цікаўнасць да яго прабудзіла.

За непрацяглы час свайго занятку гэтай разнавіднасцю народнай творчасці ў Насці Кур­ніцкай назбіралася даволі шмат работ, якія яна і вынесла на суд гледачоў. Дзяўчынка паведаміла падчас  прэзентацыі выставы сваім сябрам па гімназіі, што яна спачатку прыдумвае сюжэт. Потым «кладзе» яго на паперу. І толькі пасля гэтага пераносіць на шкло, дзе яго затым і размалёўвае спецыяльнымі фарбамі. Калі малюнак гатовы, ззаду пад шкло яна падкладвае рознакаляровую фольгу. Работа змяшчаецца ў рамку.

Захапленне Насці падтрымліваюць бабуля з дзядулем. Раіса Мікалаеўна дапамагае ўнучцы больш у афармленні карцін, а Аляксандр Віктаравіч — дастае і наразае шкло і такім чынам стварае для яе фронт работ.

Першая праца Насці — «Ледзяны пакемон». Па яе словах, не адразу атрымалася задуманае. Але вя­лікае жаданне, уседлівасць і падтрымка родных людзей зрабілі сваю справу. Цяпер яна ўвогуле не ўяўляе сябе без любімага занятку. Як толькі выдаецца вольная часінка, бярэ шкло, фарбы і малюе… Радасць перапаўняе юнае сэрца, калі бачыць, як шкло пакрысе ажывае…

Работы сапраўды цікавыя і адметныя. Любую з іх можна на дзень нараджэння ці ін­шае свята падарыць маме, бабулі, сяброўцы… Сюжэты на іх самыя розныя. Прадстаўлена прыродная тэматыка, ёсць і кветкі, і героі любі­мых мультсерыялаў… Ды і назвы карцін падабраны адпаведныя: яны поў­насцю адлюст­роўваюць намаляваную кампазі­цыю. Асобныя з іх прывяду: «Зайчаня на катку», «Матроскін і Шарык», «Вясен­ні букет», «Макі», «Васількі», «Цюльпаны», «Начная ружа», «Лілія», «Мама-лебедзь», «Вясёлыя кацяняты», «Чырвонае лісяня», «Лось у ле­се», «Дзюймовачка», «Нара», «Герб роднага Мя­дзела»… У большасці сваёй работы якраз і адлюстоўваюць, як спалучэнне фантазіі з увішнасцю рук здольна ствараць сапраўдныя цуды. Трэба гэтага толькі захацець!

На заканчэнне прэзентацыі аднакласнікі зычылі Насці натхнення, цярпення, а самае галоўнае — каб у яе юнай душы яшчэ доўга жыло жаданне займацца любімай справай і, вядома, знаходзіліся тэмы для новых цікавых работ. Падвяла вынікі размовы, якая адбылася, загадчыца раённай дзіцячай бібліятэкі С.Ч. Кайко.

— Вельмі важна жыць і бачыць вакол сябе прыгожае, — зазначыла Святлана Чаславаўна. — Глядзіце на навакольны свет адкрытымі вачамі і заўважайце ўсё незвычайнае побач. А яшчэ старайцеся перанесці ўбачанае на паперу, тканіну, паказаць хараство нашых мясцін з дапамогай дрэва, бісеру, вышыванак… Існуе шмат відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, варта толькі падабраць да іх ключык, знайсці, як кажуць, сабе занятак па душы. Мы ж, бібліятэчныя работнікі, гэтаму будзем толькі рады. Паверце, і дапаможам, і падтрымаем…».

Хто ведае, можа хто і з наведвальнікаў выставы «Планета дзяцінства — планета радасці», прыйшоўшы дадому, захоча паспрабаваць сябе ў такім цікавым відзе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва» як «Беларускія маляванкі на шкле»? А магчыма і палюбіць яго?! Гэта ж будзе проста выдатна!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: вучаніца 5 класа гімназіі-інтэрната Анастасія Курніцкая ля выставы сваіх маляванак на шкле.

Фота Таццяны Несцярэнка.