«Дзеткі не з казкі» паспрабавалі сілы ў КВЗ

260

Прадстаўнікі нашага раёна ўдзельнічалі ў гульнях Клуба вясёлых і знаходлівых. Як праходзіла іх выступленне, расказала начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Таццяна Хацяновіч:

— 12 кастрычніка 2012 года ў вялікай зале Маладзечанскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа прайшлі адборачныя гульні абласнога конкурсу каманд КВЗ-2012. На поле гумарыстычнай бітвы выйшлі «З намі не засумуеш» (Вілейскі ра­ён), «Выключэнне з правілаў» (Валожынскі), «За намі не займаць» (Маладзечанскі) і «Дзеткі не з казкі» (Мядзельскі). Наша каманда складалася з вучняў першай і другой школ райцэнтра.  Тэма гульні была такая — «Год кнігі».

Першым праходзіў конкурс «Візітоўка», дзе на працягу пяці хвілін каманды жартавалі на тэму «В некотором царстве, в некотором государстве…». Каманды «Дзеткі не з казкі» і «За намі не займаць» выступілі на роўных, атрымаўшы па 4,4 бала. Можна з упэўненасцю сказаць, што першае выступленне каманд удалося.

Працягнуў спаборніцтвы конкурс «Біятлон». Кожная каманда павінна была прадставіць на суд журы па пяць жартаў. Лепш жартаваў капітан нашай каманды. У гумарыстычнай бітве відэаконкурс «Экранізацыя літаратурнай кнігі» перамаглі хлопцы з Вілейскага раёна. І, на­рэшце, апошні конкурс. Хатняе заданне было прысвечана кнізе, бо яна — лепшы падарунак. Пераможцам стала каманда з Маладзечна.

На працягу ўсіх гульняў балельшчыкі дружна падтрымлівалі свае каманды. Яркія песенныя і танцавальныя нумары нікога не пакінулі абыякавымі.

Вынікі падведзены, каманды пад вясёлую музыку пастроіліся на сцэне. Старшыня журы аб’яўляе вынікі: пераможцам гульняў стала каманда «За намі не займаць» (16,2 бала), трохі адсталі «Дзеткі не з казкі» (16 ба­лаў), «З намі не засумуеш» (16 балаў) і «Выключэнне з правілаў» (15,4 бала).

А самае галоўнае, што каманды з чатырох раёнаў згулялі ў КВЗ і падарылі гледачам незабыўныя хвіліны радасці і добрага настрою.

Запісаў

Аляксандр ВЫСОЦКІ.