Дзяніс Сыракваша звязаў лёс з міліцыяй

214

МОЙ суразмоўца — курсант І курса факультэта міліцыі грамадскай бяспекі Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Дзяніс СЫРАКВАША. Гутарка наша — пра шлях у прафесію, якую выбраў хлопец.

— Дзяніс, чаму ты вырашыў паступаць у Акадэмію Міні­стэрства ўнутраных спраў?

— Сам я з Мядзела. Яшчэ ў старэйшых класах вызначыўся з прафесіяй і ішоў да яе асэнсавана. Заканчваў Мя­дзельскую СШ №1 імя Ула­дзіміра Дубоўкі. Лічу службу ў міліцыі важнай і прэстыжнай, бо яна прадугледжвае ахову грамадскага парадку, забеспячэнне, абарону законных правоў грамадзян.

— Як рыхтаваўся да паступлення?

— Пачаў падцягваць прадметы, якія патрэбна было здаваць на цэнтралізаваным тэсціраванні. Гэта важны момант для будучых курсантаў, бо вынікі ЦТ значна ўплываюць на агульны бал, неабходны для паступлення на дзённую форму навучання на той ці іншы факультэт. А здаваць мне трэба было рускую або беларускую мову (па выбары), замежную мову і грамадазнаўства. Акрамя таго, стараўся трымаць сябе ў выдатнай фізічнай форме, займаўся спортам, вёў здаровы лад жыцця, што таксама вельмі важна для будучага работніка праваахоўных органаў.

— Хто можа стаць кандыдатам для паступлення ў Акадэмію МУС на дзённую форму навучання за бюджэтныя сродкі і якімі якасцямі ён для гэтага павінен валодаць?

— Паступаць у Акадэмію МУС на конкурснай аснове могуць пераважна юнакі ва ўзросце 17-25 год, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю, а таксама супрацоўнікі органаў унутраных спраў радавога і малодшага начальніцкага складу і ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў, за выключэннем тых, што праходзяць тэрміновую ваенную службу, ва ўзросце да 30 год (лічыцца на 1 верасня 2022 года), здольныя па сваіх асабістых маральных і дзелавых якасцях, па стане здароўя выконваць задачы, што стаяць перад праваахоўнымі органамі. Калі малады чалавек прынцыповы, настойлівы, сумленны і камунікабельны, ён — выдатная кандыдатура для будучага работніка міліцыі. З уласнага вопыту ведаю, што абітурыент не павінен зацягваць з падачай заявы, бо, акрамя збору патрэбных дакументаў, давядзецца прайсці ваенна-медыцынскую камісію, каб атрымаць дазвол па стане здароўя для праходжання службы ў міліцыі.

— Не расчараваўся ў сваім выбары?

— Не, мне ўсё падабаецца. Чым больш знаёмлюся з асновамі прафесіі, тым выразней разумею, што гэта маё. Дарэчы, сёлета стаў курсантам і знаёмы хлопец з Мядзела Ігар Анішкевіч. Ён заканчваў гімназію, а зараз займаецца на факультэце крымінальнай міліцыі. Таксама не шкадуе аб сваім выбары.

— А ці цяжка было напачатку? Жыццё ж курсантаў грунтуецца на дысцыпліне.

— Пасля паступлення мы яшчэ раз праходзілі заключную ваенна-медыцынскую камісію. А 31 ліпеня прыбылі ў распалажэнне факультэта, дзе назаўтра пачаўся вучэбны збор: прывыкалі да распарадку і рыхтаваліся да прысягі. Прыносілі прысягу на вернасць краіне і беларускаму народу 26 жніўня. Гэта вельмі важны і адказны момант у жыцці кожнага з нас. Яго будзем памятаць, спа­дзяюся, доўга. А 29 жніўня пачалася ўжо вучоба. Што датычыць прадметаў, то многія з іх спецыфічныя. У мяне зараз найбольшай увагі патрабуюць асновы аховы грамадскага парадку і канстытуцыйнае права.

— Раскажы, калі ласка, пра ўмовы для падрыхтоўкі і пражывання.

— Умовы для навучання ў нас добрыя. Аўдыторыі абсталяваны ўсім неабходным. Ёсць профільныя, спецыялізаваныя кабінеты. Вялікая ўвага надаецца практычным заняткам. Ёсць і лекцыі, семінары. Падрыхтоўкай курсантаў займаюцца прафесіяналы сваёй справы. Сярод выкладчыкаў — кандыдаты, дактары навук. Многія ў свой час працавалі на высокіх кіраўніцкіх пасадах у сілавых ведамствах, у тым ліку і ў нашай акадэміі: ім ёсць што расказаць сваім будучым калегам. Да паслуг курсантаў бібліятэка, можам браць патрэбную літаратуру і ў Нацыянальнай бібліятэцы. Першакурснікі нашага факультэта, як і астатніх, знаходзяцца на палажэнні казарменнага тыпу. Бытавыя ўмовы добрыя. Задавальняе харчаванне. А што датычыць распарадку дня, ён падобны на армейскі, пачынаючы ад пад’­ёму да адбою. Ёсць і зарадка, і ранішні туалет, і вячэрняя паверка. Гэта дысцыплінуе, што, упэўнены, спатрэбіцца падчас самастойнай працы.

— Напэўна, шмат увагі надаецца фізкультуры, спорту?

— Так. А ўсё таму, што нам па роду сваёй дзейнасці патрэбна быць вынослівымі, пастаянна знаходзіцца ў добрай фізічнай форме. Створана выдатная спартыўная база. Ёсць магчымасць не толькі займацца рознымі відамі спорту, аднак і пры жаданні праявіць сябе на спаборніцтвах. Праводзяцца ў нас і культурна-масавыя мерапрыемствы. Працуюць розныя гурткі.

— У чым бачыш плюсы вучобы ў Акадэміі МУС?

— Курсанты на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Выдаецца форма, абутак. Забяспечаны бясплатным трохразовым харчаваннем. Час навучання ў акадэміі залічваецца ў тэрмін праходжання воінскай службы і ў выслугу год. Падчас вучобы мы маем магчымасць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Пасля заканчэння вучобы гарантаванае працаўладкаванне. Кожнаму прысвойваецца званне “лейтэнант міліцыі”. Ёсць магчымасці і для кар’ернага росту.

— Дзякуй за размову. Жадаю поспехаў у вучобе і далейшай службе.

Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ. Фота Кацярыны Каваленка