“Дастукацца да нябёсаў”

219

“Дастукацца да нябёсаў”ПАД такой назвай у мінулую нядзелю, 1 снежня, адбылася маладзёжная акцыя. Яе мэта — публічная дэманстрацыя гатоўнасці юнакоў і дзяўчат аб’яднаць агульныя намаганні ў барацьбе з небяспечным захворваннем не толькі XX, але і ХXI стагоддзя — СНІДам.

Пра хваробу даведаліся прыкладна 20 гадоў таму. Тады яшчэ ніхто з нас не задумваўся, якую пагрозу яна нясе чалавецтву. А зараз дакладна ведаем, што глабальная эпідэмія забрала жыцці ўжо 20 мільёнаў чалавек. 36 мільёнаў — пакутуюць ад захворвання альбо з’яўляюцца яго носьбітамі. Не зважаючы на тое, што ўсе ведаюць шляхі перадачы ВІЧ-інфекцыі, тым не менш, звыш 16 тысяч чалавек штодзённа падвяргаюцца рызыцы заражэння. Большасць інфіцыраваных за гэты час у Беларусі — маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 29 гадоў.“Дастукацца да нябёсаў”СНІД — гэта агульная трагедыя, якая датычыць не толькі тых, хто хварэе, але і іх родных, блізкіх, сяброў. Як правіла, яны імкнуцца ўтаіць дыягназ, баючыся папрокаў і неразумення грамадства. А таму Дзень барацьбы са СНІДам закліканы паламаць стэрэатыпы, якія ўсталяваліся ў грамадстве, і аказваць усе віды падтрымкі людзям, якіх напаткала жудасная хвароба.

Пра ўсё гэта ўдзельнікі мерапрыемства даведаліся ад вядучых — рэжысёра раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Кацярыны Купрэвіч і вучняў навучальных устаноў горада Дар’і Пацкевіч (Мядзельская СШ №1 імя У. Дубоўкі), Алены Купрэвіч (СШ №2 г. Мядзел) і Лізаветы Карабейнік (гімназія-інтэрнат г. Мядзел).

Сімвалам барацьбы са СНІДам з’яўляецца чырвоная стужачка, без якой цяпер не абыходзіцца ніводная акцыя з гэтай нагоды. Яе ідэя належыць мастаку Франку Муру. Менавіта ён вясной 1991 года прыдумаў яе ў якасці сімвалу разумення і суперажывання тым, хто пацярпеў ад хваробы. Стужачку пунсовага колеру прымацаваў падчас акцыі кожны з яе ўдзельнікаў: хто на куртку, хто на шапку ці рукавічку…

1 снежня ў кожным горадзе Беларусі роўна ў 15 гадзін моладзь запускала ў неба белыя шары, як сімвал душ, што памерлі ад СНІДу. Не сталі выключэннем і юныя гараджане. Яны выстраіліся на пляцоўцы перад ГДК, утвараючы стужку, і таксама ў вызначаны час запусцілі ў неба геліевыя шары белага колеру. Спрабуючы такім чынам “дастукацца да нябёсаў” з надзеяй, што яны пачуюць звернутыя да іх просьбы і дапамогуць у барацьбе са смяротным захворваннем.

Прадстаўнікі навучальных устаноў райцэнтра сталі ўдзельнікамі акцыі, лозунг якой: “Моладзь супраць СНІДУ”. А гэта значыць, што яны праявілі неабыякавасць да трагедыі, якая пагражае чалавецтву, і выступілі ў падтрымку ўсіх, хто даражыць сваім жыццём і жыццём будучых пакаленняў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: удзельнікі маладзёжнай акцыі.

Фота Георгія Прысмакова.