Будні аўташколы

216

Будні аўташколыСТАРШЫНЯ Мядзельскай раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Мікалай Варабей неяк заўважыў: “Колькі часу ўжо працуем, а многія так і не ведаюць нічога дакладна пра нас”. Каб “выправіць” сітуацыю, дамовіліся падрабязна пагутарыць на ўзгаданую тэму. І вось сяджу ў яго “апартаментах” у курортным пасёлку Нарач.

— Чым канкрэтна займаецеся? — такім было першае пытанне да Мікалая Алегавіча.

— Адразу нагадаю, што галоўнай задачай добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту з’яўляецца патрыятычнае выхаванне моладзі. Адзін з яго напрамкаў — развіццё ваенна-тэхнічных відаў спорту, куды ўваходзіць і авалоданне прафесіяй вадзіцеля. Менавіта гэтым мы і займаемся. Арганізацыя створана як самастойная адзінка пяць год таму. Рыхтуем у аўташколе вадзіцеляў катэгорыі “В” (на легкавыя аўтамабілі). У гэтым будынку, памятаеце, некалі быў цір, потым — камерцыйная крама і шмат чаго іншага. Адразу прывялі да ладу памяшканне. Стварылі тут вучэбны клас для курсантаў, абсталявалі яго. Маецца невялікі адміністрацыйны пакой. Ёсць вытворчая база і ў Мядзеле, але зімой яе не задзейнічаем, бо існуюць пэўныя праблемы з ацяпленнем. Да таго ж, мядзельскую зону забяспечвае, у прынцыпе, міжшкольны вучэбны камбінат. Узначальвае яго Наталля Гірына. Зрэшты, мы робім адну справу, дапаўняючы, такім чынам, адзін аднаго.

— І як арганізавана работа ў аўташколе ДТСААФ?

— Адразу заўважу, што працуем поўнасцю на законнай падставе — як і належыць, атрымалі ліцэнзію, якая дзейнічае да 2017 года. Сертыфікаваны вучэбныя класы, а таксама (пасля праведзенага рамонту) аўтадром у Мядзеле, які арандуем у міжшкольнага камбіната. Жадаючых паступіць на курсы па падрыхтоўцы вадзіцеляў хапае. Курортны пасёлак разросся, шмат хто з моладзі атрымаў тут кватэры. Заняткі ў групах размеркаваны практычна на ўсе дні тыдня, акрамя нядзелі. Класы (яны разлічаны на 24 чалавекі) абсталяваны камп’ютарамі, нагляднымі дапаможнікамі. Маем таксама пяць легкавых аўтамабіляў, тры з якіх — Будні аўташколыіншамаркі. Вадзіцелі-інструктары — людзі вопытныя. Гэта Дзмітрый Мікалаевіч Паслед, які ў сваім жыцці ўжо нямала выпусціў груп, і Віктар Мікалаевіч Юрко. На іх і кладзецца асноўная нагрузка. А пры неабходнасці набіраем вадзіцеляў па сумяшчальніцтве. Сам сюды прыйшоў выкладаць у маі мінулага года. Да гэтага восем год адпрацаваў выкладчыкам у вучэбным камбінаце райсельгасхарчу, так што пэўныя напрацоўкі ўжо меў. А зусім нядаўна давялося ўзначаліць гэту арганізацыю і зараз сумяшчаю дзве пасады.

— На якіх умовах адбываецца навучанне?

— Найперш, заключаем з курсантамі адпаведныя дагаворы. Пры гэтым ідзём насустрач лю¬дзям, каб кошт навучання не быў для іх вельмі куслівым. Каштуе сёння падрыхтоўка на вадзіцеляў катэгорыі “В” тры з паловай мільёны рублёў. Плюс аплата за паліва. Тэрмін навучання — тры месяцы і адзін тыдзень. Працуем строга па зацверджанай праграме: 180 гадзін тэорыі і 40 гадзін практычных заняткаў на аўтамабілі. Гэты працэс строга кантралюецца вышэйстаячымі інстанцыямі. Дадам, што пры залічэнні ўносіцца адразу толькі палова сумы. Потым, пасля праходжання неабходнага курса тэарэтычнай падрыхтоўкі (мінімальна 13 гадзін), знаёмім курсантаў з аўтамабілем і пачынаем дапускаць да язды на аўтадроме. І толькі пасля месяца выпрабавальнага тэрміну (калі людзі самі ўжо бачаць, што ў іх нешта атрымоўваецца) яны ўносяць другую частку плацяжу. Да таго ж, у нас устаноўлена жорсткая дысцыпліна. Калі чалавек, да прыкладу, прапусціў 15 працэнтаў заняткаў, з аўташколай ён развітваецца.

— Наколькі паспяхова, калі можна так сказаць, працуе аўташкола?

— Прывяду нядаўні прыклад. 15 снежня наша група здавала экзамены прадстаўніку Маладзечанскага МРЭА. А прыехаў якраз самы строгі інспектар. Дык вось, з агульнай колькасці тых, хто быў дапушчаны да ваджэння, паспяхова справіліся 72 працэнты. Гэта лічыцца добрым паказчыкам, які суадносіцца з высокімі патрабаваннямі да якасці падрыхтоўкі вадзіцеляў. А варта дадаць, што надвор’е тады было неспрыяльным і асобныя залішне ўжо хваляваліся.

— Не магу не задаць, Мікалай Алегавіч, і такога пытання. Ці шмат жанчын сярод курсантаў?

— Пераважная большасць! На групу прыпадае ўсяго чатыры мужчыны. Праўда, не ведаю, у чым прычыны такой тэндэнцыі.

— Ці ўплывае гэта акалічнасць на вучэбны працэс?

— У плане практычнай падрыхтоўкі можа трохі складаней працаваць з імі. Але што тычыцца “тэорыі” — лягчэй. Дзяўчаты, як правіла, больш дысцыплінаваныя. Праграма насычаная, за 3 месяцы патрэбна здаць сем залікаў. І я заўважаю, як стараюцца пры падрыхтоўцы да чарговай тэмы. Учора, напрыклад, да 11 гадзін сядзелі. А праблем жыццёвых, зразумела, у кожнай і так хапае.

— Мікалай Алегавіч, падсу¬моўваючы сказанае, можна зрабіць выснову, што атрымаць вадзіцельскае пасведчанне можа практычна кожны, хто ў вас навучаецца. Абы толькі было жаданне і стараннасць, канечне.

— Менавіта так. Што пацвярджаецца ў практычнай рабоце. Нават калі не ўдалося здаць з першага разу правілы ці аўтадром, гэту спробу можна паўтарыць: у нас ці ў Маладзечне.

— Што ж, жадаем далейшага плёну аўташколе! І няхай на нашых дарогах будзе спакой і парадак.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымках: 1. Старшыня раённай арганізацыі ДТСААФ М. А. Варабей; 2. Праводзіць заняткі інструктар Д. М. Паслед.

Фота Георгія Прысмакова.