А за ўчынкі давядзецца адказваць

184

А за ўчынкі давядзецца адказвацьЗараз вельмі востра стаіць праблема занятасці дзяцей у пазаўрочны час. Часам нават можна ўбачыць падлеткаў, якія кураць альбо распіваюць спіртныя напоі. Гэта адбываецца таму, што дзеці мала займаюцца сацыяльна значнай дзейнасцю, дрэнна арганізаваны іх вольны час, а таксама рэзка скараціліся матэрыяльныя, тэхнічныя і духоўныя каштоўнасці, якія традыцыйна належалі дзяцінству.
Падлеткі ўспрымаюць свет па-свойму. Аднак асаблівасці псіхалагічнага стану не дазваляюць большасці з іх выказваць свае погляды на многія рэчы ў адзіночку. Таму яны аддаюць перавагу кампаніям, дзе “пачуццё локця” ўяўляецца як адзіна магчымы спосаб выжывання ў грамадстве. І прыналежнасць да такіх суполак была і застаецца для падлеткаў прыцягальнай.
Маладзёжная субкультура ўзнікла таму, што дазваляе юнакам і дзяўчатам задавальняць многія жыццёва важныя патрэбы. Па меркаванні спецыялістаў, асноўнымі фактарамі, якія садзейнічаюць прыходу моладзі ў нефармальныя групы, з’яўляюцца немагчымасць самарэалізацыі ў сям’і, школе, грамадскіх арганізацыях, канфлікты з выкладчыкамі і бацькамі. Матывы дастаткова традыцыйныя: жаданне правесці свой вольны час, адсутнасць кантролю з боку дарослых, незвычайныя прыгоды і перажыванні, агульныя захапленні, магчымасць зносін.
Аб’яднанні нефармалаў нідзе не зарэгістраваны, свайго статута альбо палажэння яны не маюць. Умовы членства ў іх не агучаны, колькасны склад змяняецца. Часта падлеткі, якія ўступаюць у розныя арганізацыі, нават не ўсведамляюць таго, што іх там чакае. І нярэдка, патрапіўшы туды, не ведаюць, як выйсці.
Усе супрацьпраўныя дзеянні караюцца законам. Так, у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях у главе 17 дакладна прапісаны пакаранні за тыя ці іншыя дзеянні супраць грамадства. Артыкул 17.8 сцвярджае, што выраб альбо захоўванне з мэтай распаўсюджвання ці рэкламавання альбо распаўсюджванне ці рэкламаванне, а таксама публічная дэманстрацыя кіна- і відэафільмаў ці іншых твораў, якія прагандуюць культ насілля і жорсткасці, вядуць да накладання штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 10 да 100, а на юрыдычную асобу — да 500 базавых велічынь (ва ўсіх выпадках — з канфіскацыяй названых твораў).
У артыкуле 17.11 дакладна ўказана, што распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць, а таксама выраб, захоўванне ці перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма саставу злачынства, вядуць да накладання штрафу ў памеры да 20 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 20 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а на юрыдычную асобу — ад 50 да 200 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння. А распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне ці перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма саставу злачынства, — вядуць да накладання штрафу ў памеры ад 10 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прылад і сродкаў учынення ўказанага парушэння ці без канфіскацыі такіх прылад і сродкаў, ці адміністрацыйны арышт з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прылад і сродкаў учынення ўказанага правапарушэння ці без канфіскацыі такіх прылад і сродкаў, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад 50 да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прылад і сродкаў учынення ўказанага парушэння ці без канфіскацыі такіх прылад і сродкаў, а на юрыдычную асобу — ад 100 да 500 базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама прыладаў і сродкаў учынення ўказанага парушэння ці без канфіскацыі такіх прыладаў і сродкаў. І гэта, дарэчы, толькі малая частка таго, чым і як вас пакараюць, нават калі вы і па няведанні парушылі закон. За свае ўчынкі адказваць усё роўна давядзецца.
Паважаныя матулі і таты! У дзяцей працягваюцца летнія канікулы. Самы час адпачыць ад школьных спраў, пазагараць, пакупацца, прайсціся па турысцкіх маршрутах, знайсці новых сяброў. Пры гэтым вельмі важна, каб названы перыяд прайшоў спакойна, без траўм і няшчасцяў. А таму не пакідайце сваіх сыноў і дачок без увагі. Цікаўцеся іх справамі, заняткамі, з кім сябруюць, у якія камп’ютарныя гульні гуляюць, якія інтэрнэт-сайты наведваюць… Напамінайце пра неабходнасць выканання правілаў бяспекі на дарогах, вадаёмах, пры карыстанні агнём і электрапрыборамі. Растлумачце, што самае каштоўнае — здароўе. Менавіта яно — залог поспеху і дабрабыту чалавека ў будучыні. Давяраючы падлеткам, не пакідайце іх без увагі. Сачыце, у якім стане і з якім настроем яны вярнуліся дадому. Калі заўважылі, што штосьці не так, паспрабуйце далікатна высветліць, што здарылася, а пры неабходнасці — звярніцеся да спецыяліста.

Т. ХАРЭВІЧ.
Участковы інспектар інспекцыі
па справах непаўналетніх РАУС, старшы лейтэнант міліцыі.