Вярнуўся з арміі салдат!

290

Вярнуўся з арміі салдат!ЗНАЁМСТВА з Вадзімам Бялько адбылося хутка пасля яго дэмабілізацыі з арміі.  Хлопец ахвотна падзяліўся ўражаннямі пра  вайсковую службу, расказаў пра свае планы.

Пытання “Ісці альбо не ісці ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь” у Вадзіма ніколі не было. Юнак пасля заканчэння БНТУ мэтанакіравана туды збіраўся. Прычым у такі род войск, каб прыносіць сваім знаходжаннем там пэўную карысць. Дарэчы, хлопцу ў гэтым плане, можна сказаць, пашанцавала, бо ён патрапіў на службу ў Гродзенскую пагранічную групу.
— Як толькі прызвалі ў армію, мяне адразу чакала “вучэбка”, — апавядае мой суразмоўца. — Стажыраваўся на пятай заставе. Там вывучыўся і на кулямётчыка. Служыць жа накіравалі на пятнаццатую заставу інспектарам (камендатура “Парэчча”). Гэта на мяжы Беларусі з Літвой. Участак наш працягласцю 32 кіламетры. Правы фланг — сухапутны, пераважна ў лясным масіве, левы — па рацэ Нёман. Застава знаходзіцца на ўскрайку вёскі. Несці службу даводзілася па 8 гадзін у суткі. Па пятнаццаць кіламетраў за дзень пераадольвалі. Аднак мне не было цяжка, бо шмат займаўся спортам (любімыя віды — армрэслінг, тайскі бокс, гіравы спорт). У нарадзе звычайна па два, у выпадку ўзмоцненага рэжыму — па тры чалавекі, а ў “трывожнай” групе — чатыры-пяць. У абавязковым парадку выдаецца зброя, прысутнічае і кінолаг з сабакам. Дазор мяжы вядзецца пастаянна як днём, так і ноччу. Ёсць дзяжурства і на заставе. Адзін з нарадаў пастаянна нясе службу на пункце пропуску “Прывалка”, які знаходзіцца на ўчастку пятнаццатай заставы. Там амаль заўсёды вялікі паток машын. У абавязкі пагранічнікаў уваходзіць праверка прапускнога рэжыму, дакументаў, пастаноўка ў іх адзнакі аб перамяшчэнні праз мяжу…
— А ці даводзілася выступаць па трывозе?
— А як жа. Нават не адзін раз. Як толькі чуеш: “Застава — у ружжо!”, за лічаныя мінуты збіраешся, атрымліваеш зброю і заступаеш на службу. У нас марудзіць ніяк нельга. Гэта ведаюць нават навабранцы. Вось і вядзецца адлік на хвіліны.
— Што яшчэ ўспамінаецца? — цікаўлюся.
— У нарадзе трэба заўсёды быць пільным, рэагаваць на кожны шорах. Асабліва ўначы, калі навокал стаіць такая цемра, што нічога не бачна зусім. Працягваеш руку назад — і адчуваеш свайго напарніка… А іншы раз — на небе месяц, зоркі. Хоць і ноч на дварэ, а відно, нібы днём… Здаралася падчас службы і многіх звяроў каля самай мяжы сустракаць. Нават мядзведзя-парушальніка былі там, памятаю, сляды. Ідзеш, разглядаешся, а непадалёку ад цябе прабягае заяц альбо ліса. Часам рыжая хітрыца не ўцякае, а сядзіць і спакойна пазірае з-за кустоў, прыслухоўваецца. Гэта ж так цікава! Не адзін раз бачыў, калі хадзіў у нарад, ласёў, аленяў, казуль. Водзяцца таксама дзікі, ваўкі… Але з імі лепш не мець справы, асабліва калі там свінаматка з парасятамі…
— А ці даводзілася затрымліваць сапраўдных парушальнікаў? — пытаюся.
— Так, — чую ў адказ. — Сярод затрыманых былі неяк нават жыхары Балівіі, Казахстана… Пагранічны канвой дастаўляў іх у атрад, дзе яны знаходзіліся да дэпартацыі з нашай краіны. У некаторых выпадках парушальнікі пераносілі праз мяжу таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, у прыватнасці, цыгарэты. Прымененыя да іх пасля меры ўздзеяння залежалі ад сумы, на якую яны перапраўлялі тавар… Здаралася, і грыбнікоў затрымлівалі, якія адпраўляліся па грыбы і парушалі мяжу. І нават у літоўцаў іх забіралі. Вось чаму ўсе, хто адпраўляецца на рыбную лоўлю (дарэчы, лавіць рыбу можна толькі днём) альбо ў лес ў памежнай зоне, у абавязковым парадку павінны паведамляць пра гэта пагранічнікам. Праўда, на жаль, не ўсе так робяць, з-за чаго часам і бываюць праблемы. А ўвогуле ў нас вельмі добра арганізавана работа з мясцовым насельніцтвам, якое ў выпадку з’яўлення незнаёмцаў адразу паведамляе на заставу.
Расказаў таксама Вадзім, што пагранічнікам быў і яго стрыечны брат Дзмітрый Чарняўскі. Яго летам 2017-га наведваў на пятай заставе, а праз паўгода і сам там праходзіў стажыроўку. А калі брат дэмабілізаваўся, на гэтай жа заставе стаў праходзіць службу яго аднакласнік Ілья Гушча. Вось як у жыцці бывае!
Па словах Вадзіма, застава — як дом. А ўсе, хто нясе там службу, — адзіная вялікая сям’я.
— Інакш проста немагчыма выконваць свае абавязкі годна, — сцвярджае хлопец. — Важна давяраць кожнаму, з кім адпраўляешся ў дазор, як самому сабе. Мы ж не проста служым, а ахоўваем свяшчэнныя рубяжы нашай Айчыны, прычым надзейна. А таму баявое братэрства, узаемавыручка, дысцыплінаванасць пагранічнікам патрэбны, як сонца.
Паведаміў таксама мой суразмоўца, што нёс службу з талковымі хлопцамі, з якімі пасябраваў. Шмат добрага расказаў пра камандзіраў, некаторыя з якіх ненашмат былі старэйшыя за яго самога, пра асаблівасці службы. А таксама пра тое, што менавіта спорт вельмі дапамагаў падчас вайсковых выпрабаванняў. Таму і там па меры магчымасці ім займаўся. А яшчэ на заставе ад БРСМ адказваў за арганізацыю спартыўна-масавай работы.
— А што параіце маладым людзям, якіх яшчэ чакае армія?
— На сабе пераканаўся, што вайсковая служба з’яўляецца добрай школай. У плане вынослівасці, вытрымкі, — сцвярджае Вадзім. — Лічу, што дысцыпліна фарміруе характар. А таму раю хлопцам не баяцца арміі. Наадварот, трэба лічыць за гонар выкананне спрадвечнага абавязку кожнага мужчыны — абараняць сваю Айчыну, мір і спакой яе грамадзян.
Засталося дадаць, што сёлета юнак быў узнагароджаны нагрудным знакам адзнакі органаў пагранічнай службы “Выдатнік пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь”. Даведалася таксама, што ён у хуткім часе атрымае званне лейтэнанта запасу і збіраецца прадоўжыць службу ў атрадзе міліцыі асобага прызначэння (АМАПе). Хочацца ад чыстага сэрца пажадаць яму, каб усе мары спраўдзіліся. І, вядома ж, поспехаў і ўдачы!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.