Вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Мядзела Яўгеній Ефімаў — на ўсе рукі майстар

255

“САПРАЎДНАЯ мужчынская справа, зручны графік, добры калектыў, годны заробак, — пералічвае плюсы службы ў падраздзяленнях МНС вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Мядзела старшы сяржант Яўгеній ЕФІМАЎ. — Для маладых людзей, якія вырашылі застацца ў нашым горадзе, гэта адзін з самых перспектыўных варыянтаў. Магчыма, нават самы перспектыўны”.

Яўгеній — карэнны мя­дзяльчанін. Па адукацыі — эканаміст, але манатонная праца з лічбамі ў цішы кабінета хлопца зусім не прываблівае. Іншая справа — за рулём аўтамабіля! Спачатку Яўгеній быў вадзіцелем у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а каля чатырох год таму прыйшоў на службу ў пажарную аварыйна-выратавальную часць. За гэты час паспеў прыняць удзел у ліквідацыі многіх пажараў.

І кожны, кажа, добра памятае. Яшчэ на першым, на які выязджаў стажорам (у Мікасецку гарэлі хлявы), пераканаўся, што яму падабаецца прыходзіць на дапамогу. Час паказаў: не толькі падабаецца, а яшчэ і атрымліваецца (пра апошняе паведамілі ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях).

А яшчэ расказалі, што ў Яўгенія залатыя рукі. Талентам хлопца знаходзіцца прымяненне і на працы. Вось і нядаўна ў курортным пасёлку Нарач з’явіўся брэндавы аўтобусны прыпынак МНС, да стварэння якога прыклаў руку Жэня.

Наталля ЛІСІЦКАЯ. Фота аўтара.