У вядучага юрысконсульта Таццяны Пашкевіч — праца па спецыяльнасці і да душы

200

З нагоды прафесійнага свята сустрэлася з вядучым юрысконсультам камунальнага даччынага ўнітарнага прадпрыемства “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мядзельскага раёна” Таццянай ПАШКЕВІЧ. І размова наша — пра працоўныя будні і прафесію ўвогуле.

Таццяна родам з Ляшчынска.

— Чаму спыніліся менавіта на прафесіі юрыста?

— Ды ўсё проста. Пад уплывам роднай цёткі Валянціны, — прызнаецца Таццяна Мікалаеўна. — Яна зараз на пенсіі. Аднак увесь час працавала юрыстам на Віцебскім дывановым камбінаце. Як толькі прыязджала ў госці да нас або мы ездзілі да яе, пастаянна вяла аповеды пра прафесію юрыста. Гаварыла, што яна цікавая і патрэбная ў сучасным свеце. Вось і вырашыла пасля школы паступаць у Навапольскі сельскагаспадарчы тэхнікум на аддзяленне правазнаўства, дзе пасля заканчэння атрымала кваліфікацыю юрыста.

Дарэчы, у жанчыны гэта толькі другое месца працы. Першым быў свінакомплекс “Брусы”, куды патрапіла ў 2001 годзе па накіраванні. Працавала там і інжынерам па ахове працы, і юрысконсультам, і інспектарам па кадрах.

— Што б не даручалі, старалася добрасумленна выконваць, — кажа Таццяна Пашкевіч.

— Работа падабалася, ды і адносілася да яе з душой. Мела справу не толькі з дакументацыяй, але і з людзьмі. А гэта заўсёды цікава і адказна. З усімі імкнулася быць добразычлівай і прыязнай. Так весці сябе нас яшчэ ў дзяцінстве бацькі навучалі. На культуру зносін, паважлівыя адносіны да людзей, асабліва старэйшага пакалення, пастаянна звярталася ўвага і ў школе.

— Калі прыйшлі на працу ва ўпраўленне капітальнага будаўніцтва раёна і чым гэта было выклікана?

— У 2013 годзе. На свінакомплекс трэба было ездзіць. А хацелася мець працу на месцы, у горадзе. Калі ёсць сям’я, дзеці, даражыш кожнай хвілінкай.

— Але ж вам давялося пачынаць практычна з нуля, бо жывёлагадоўля і будаўніцтва — сферы розныя?

— Так, часу на раскачванне не было. Давялося адразу ўнікаць у свае непасрэдныя абавязкі. Нават адпаведную тэрміналогію вывучаць, каб ведаць, як правільна афармляць дагаворы, на якіх умовах. Чытала ўважліва нарматыўныя дакументы і да спецыялістаў упраўлення звярталася па дапамогу. Яны тлумачылі, падказвалі, раілі, на што найперш звярнуць увагу. Дзякуй вялікі ўсім за гэта. Вядома ж, напачатку было не проста. Аднак уседлівасць, жаданне і шчырая дапамога калег з часам зрабілі сваю справу. Хачу сказаць, што і цяпер даводзіцца пастаянна вывучаць дакументацыю. Заканадаўства ў будаўніцтве змяняецца. Каб быць у курсе ўсяго, патрэбна валодаць нарматыўна-прававой базай. А яна дзякуючы дырэктару ўпраўлення капітальнага будаўніцтва раёна Аляксандру Анатольевічу Звяругу ў нас ёсць, ды і абнаўляецца пастаянна, што вельмі важна. Адкрывай камп’ютарную праграму — праводзь маніторынгі, вывучай ўсё, што трэба. Па незразумелым пытанні можна нават па кансультацыю звярнуцца: напісаць пытанне — і атрымаць на яго адказ.

— Таццяна Мікалаеўна, чым даводзіцца ў асноўным займацца?

— У мае абавязкі ўваходзіць арганізацыя і правядзенне закупак, а таксама работа з кліентамі. Як з арганізацыямі — заказчыкамі інжынерных паслуг на праектаванне і будаўніцтва аб’ектаў, так і з падрадчыкамі — па іх праектаванні і будаўніцтве. Даводзіцца мець справу і з фізічнымі асобамі, асабліва пры долевым будаў­ніцтве. Работа звязана з асваеннем бюджэтных сродкаў на будаўніцтва новых аб’ектаў, пераважна жыллёвага, сацыяльнага і культурнага прызначэння. Таму даводзіцца займацца праверкай дагавораў, кантраляваць своечасовасць унясення платы за выкананыя аб’ёмы работ. Акрамя таго, займаюся прэтэнцыёзна-іскавай работай па спагнанні доўга. Стараемся не даводзіць справы да суда, вырашыць усё мірным шляхам. Аднак за перыяд працы ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва раёна давялося рыхтаваць у суд дакументы на спагнанне грашовых сродкаў.

— Не надакучыла быць юрыстам?

— Не, вельмі люблю сваю работу. Задаволена, што працую па спецыяльнасці. Гэта сапраўды маё. Падабаецца, што работа не манатонная, а разнастайная і разам з тым цікавая і творчая. Мала ад­крыць заканадаўства і пагля­дзець, часам даводзіцца нават задачкі вырашаць — так зрабіць ці інакш? Трэба думаць, аналізаваць. На дапамогу нярэдка прыходзяць і школьныя прадметы — фізіка, матэматыка. А любоў да малявання, як упэўнілася, са­дзейнічае творчасці.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ. Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 3.12