Такіх педагогаў называюць проста — Настаўнік з вялікай літары

317

Педагагічнае майстэрства нельга ацаніць разрадамі і кваліфікацыямі. Такіх педагогаў называюць проста — Настаўнік з вялікай літары. Размова пра настаўніцу Нарацкай сярэдняй школы №1 Тарэзу Вячаславаўну Таразевіч. Яна мая калега, дарадчык, надзейны сябар.

Тарэза Вячаславаўна працуе ў школе з 1983 года. Спачатку — настаўніцай пачатковых класаў, потым намеснікам дырэктара, з 2005-га па 2012 год — дырэктарам. Зараз зноў вучыць пачаткоўцаў.

Нарадзілася Тарэза Вячаславаўна ў Паставах 6 сту­дзеня 1957 года. У 30-градусны мароз, на праваслаўную куццю. Праз месяц пераехалі жыць да маміных бацькоў у вёску Мельнікі. Там прайшло дзяцінства і юнацтва. Закончыла нашу школу. Падчас вучобы захаплялася біялогіяй, хіміяй, матэматыкай. Настаўнікі гэтых прадметаў у значнай меры паўплывалі на выбар прафесіі: Тарэза Вячаславаўна стала педагогам.
Настаўнік — гэта стан душы, лад жыцця. Прысвяціўшы сябе педагагічнай дзейнасці, ён адчувае вялікую адказнасць за свой выбар. Усё жыццё Тараза Вячаславаўна ўпэўнена нясе свет ведаў, ведучы за сабой падрастаючае пакаленне.

Добрая, чулая, спагадлівая, адказная, добразычлівая. Заўсёды можна звярнуцца да яе па параду. І, што самае галоўнае, настаўніца любіць сваіх вучняў. На яе ўрокі дзеці хо­дзяць з нейкім асаблівым настроем. Тарэза Вячаславаўна выкарыстоўвае разнастайныя метады і прыёмы, каб больш даходліва растлумачыць матэрыял.

Яе галоўная мэта — навучыць дзяцей не толькі чытаць, пісаць, лічыць, а і быць сапраўднымі людзьмі.

На пытанне, што галоўнае ў працы настаўніка, Тарэза Вячаславаўна, сціпла ўсміхнуўшыся, адказвае:
— Патрэбна проста любіць сваю прафесію і дзяцей, любіць такімі, якія яны ёсць на самай справе, а таксама сваім прыкладам рабіць іх лепшымі, узбагачаць ведамі, даваць пуцёўку ў жыццё.

Пра Тарэзу Вячаславаўну бацькі вучняў гавораць з цеплынёй, спагадай.
Паважаная Тарэза Вячаславаўна, ад усяго сэрца віншую Вас і ўвесь калектыў нашай школы з прафесійным святам.

Ганна Блажэвіч, настаўнік пачатковых класаў, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Нарацкай СШ №1.

Тарэза Вячаславаўна неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі аблвыканкама. Па выніках 2002 года прызнана Лепшым работнікам адукацыі з занясеннем на раённую Дошку гонару, па выніках работы за 2012 год — з занясеннем на Дошку гонару Нарацкага сельсавета.