“Ракфорці” ад Ірыны Янкоўскай

270

НА Нарачанскім вытворчым участку Маладзечанскага малочнага камбіната працуе шмат руплівых, адказных спецыялістаў. Некаторых з іх ушанавалі на сходзе актыву па падвядзенні вынікаў работы народнай гаспадаркі Мядзельшчыны за 2021 год. У тым ліку намеснік начальніка ўчастка па вытворчасці Ірына Янкоўская.

Ірына прыехала на Мядзельшчыну ў 1998 годзе пасля заканчэння Пінскага мяса-малочнага тэхнікума. З таго часу параднілася і з Нарачанскім краем, і з прадпрыемствам. І дагэтуль не здрадзіла ім.

— На той час Нарачанскі масласырзавод выпускаў каля 70-ці найменняў малочнай прадукцыі. Працавала пад 200 чалавек, — расказвае Ірына Іванаўна. — Апынуцца ў такім калектыве было вельмі прэстыжна і адказна. Пачынала на заводзе майстрам цэха плаўленых сыркоў. Потым была майстрам цэха цэльнамалочнай прадукцыі. У 2006 года завочна закончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання. Дванаццаць год працавала тэхнолагам. А пасля рэарганізацыі, калі тут застаўся толькі вытворчы ўчастак, перайшла на пасаду майстра. Апошнія тры гады з’яўляюся намеснікам начальніка ўчастка па вытворчасці.

— Бачу, што прыкіпела ваша сэрца да прадпрыемства…

— Так, не ўяўляю сябе без завода, дзе праходзіць значная частка жыцця. Вядома, цяпер не тыя маштабы, што некалі. Выпускаем толькі сыр з блакітнай цвіллю “Ракфорці” і малако стэрылізаванае. Аднак працуем, і гэта галоўнае.

— Што ўваходзіць у вашы абавязкі?

— Клопатаў хапае. Займаюся арганізацыяй вытворчасці. Расстаўляю пазменна работнікаў. Забяспечваю іх малочнай сыравінай, дапаможнымі кампанентамі і ўвогуле ўсім неабходным. Ажыццяўляю кантроль за выкананнем тэхналагічных патрабаванняў, санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму і якасцю прадукцыі, якая сыходзіць з канвеера. Цяпер працую ў маладзёжным калектыве, а таму больш увагі стараюся ўдзяляць падначаленым: нешта параіць, падказаць, калі трэба — то і дапамагчы. Калі і мы пачыналі, нам прыходзілі на выручку вопытныя кадры. Так і павінна быць.

— Напэўна, любіце сваю працу?

— Вядома. Мая работа мне вельмі падабаецца. Выконваю яе добрасумленна, з радасцю і любоўю. А што можа быць лепш, чым ісці на працу і вяртацца з яе ў добрым настроі?

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.