Надзея Мішчанка: Усё да лепшага!

236

90-гадовы юбілей адзначае 6 снежня ветэран педагагічнай працы, чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і вялікім сэрцам Надзея Мішчанка.

Надзея Мішчанка родам з мядзельскіх Навасёлак. У тыя гады ў вёсцы дзяўчаты самай лепшай лічылі прафесію настаўніка. Вось і Надзея Васільеўна паступіла завочна ў педагагічны інстытут і пачала працаваць старшай піянерважатай у Мядзельскай сярэдняй школе. Дзеці яе любілі, і Надзея іх таксама. Арганізоўвала шмат цікавых мерапрыемстваў: зборы, канцэрты, паходы. У кожнае з іх укладала душу і сэрца.
А калі закончыла вышэйшую навучальную ўстанову, стала настаўніцай геаграфіі. Урокі маладога педагога, па словах вучняў, былі цікавымі і змястоўнымі падарожжамі па розных краінах свету. Любоў да чытання ў Надзеі Васільеўны з маленства. Шмат вершаў ведае на памяць. Вось і выкарыстоўвала іх на ўроках. Практычна пра ўсё — пра моры і пра горы — магла расказаць школьнікам радкамі з вершаў. Прычым так прыгожа, эмацыянальна, што яны заслухоўваліся, лавілі кожнае слова настаўніцы!
Як паведаміў на адным з вечароў сустрэчы з выпускнікамі былы вучань Надзеі Мішчанкі, ваенны-пагранічнік, менавіта дзякуючы атрыманым на ўроках геаграфіі ведам па арыентаванні і руху па азімуце ён змог вывесці сваю групу з дрымучай тайгі. Ці не гэта і ёсць лепшы доказ таго, як самаахвярна працавала настаўніца, як старалася даць сваім выхаванцам грунтоўныя веды?

І дагэтуль былыя вучні Надзеі Васільеўны яе не забываюць. Штогод наведваюцца, тэлефануюць. Расказваюць пра сябе, сяброў па школе, пра сваё жыццё, поспехі і захапленні.

Узгадваюць урокі геаграфіі, а таксама паходы, у якія іх вадзіла педагог. Чаго варты шматдзённы паход, які называўся “Куды цячэ Нарачанка?”! Пазнавальны, адметны, а галоўнае — па родным краі! Менавіта такія мерапрыемствы давалі веды па гісторыі Мядзельшчыны, яе ўнікальнай прыродзе, прыгожых мясцінах. А іх было шмат.
Зведала Надзея Мішчанка і няпростую ношу адказнай дырэктарскай пасады. Многа год запар узначальвала Вузлянскую школу, якая лічылася ўстановай перадавога вопыту. Педагогі не толькі з вобласці, але і з усёй рэспублікі прыязджалі сюды на нарады, семінары.

Надзея Васільеўна была строгім і патрабавальным кіраўніком. Але разам з тым з павагай, клапатліва вучыла настаўнікаў працаваць бескарысліва, творча, з агеньчыкам. З цеплынёй ставілася і да маладых кадраў, якія пакрысе набіраліся ведаў, вопыту ад старэйшых і ў кароткі час годна ўліваліся ў слаўную кагорту “сейбітаў разумнага, добрага, вечнага”.

Надзея Мішчанка, калі яшчэ працавала ў Мядзельскай СШ, пачала збіраць экспанаты для школьнага музея. А калі ўзначаліла Вузлянскую васьмігодку, задумку сваю дзякуючы педагогам-аднадумцам ажыццявіла поўнасцю. З часам музей, які складаўся з некалькіх аддзелаў, стаў гонарам не толькі школы, але і ўсёй сістэмы адукацыі азёрнага краю. Нават калі не стала ў вёсцы навучальнай установы, яшчэ працяглы час функцыянаваў. Надзея Васільеўна ўсім гасцям вельмі цікава расказвала пра экспанаты, дапаўняючы празаічны аповед задушэўнымі вершаванымі радкамі. Часта прыязджалі ў Вузлу на экскурсіі дзеці, якія адпачывалі ў “Зубраняці”. Нават унучка нашага Прэзідэнта там пабывала.

Больш за 40 год славіцца на Мядзельшчыне народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Вузлянка”, адным са стваральнікаў якога была Надзея Мішчанка. Напачатку яго ўдзельнікамі былі выключна настаўнікі. Гэта значна пазней у калектыў уліліся культработнікі, іншыя спецыялісты. Збіраліся ў школе на рэпетыцыі, развучвалі народныя песні, вывучалі мясцовыя абрады, а пасля ўмела прапагандавалі багатую культуру продкаў насельніцтву.

Надзея Васільеўна была выдатным сцэнарыстам. У многім дзякуючы яе неабыякавасці, выдатным арганізатарскім здольнасцям і любові да культурнай спадчыны роднай зямлі атрымліваліся цікавыя пастаноўкі, якія цёпла ўспрымалі гледачы. “Вузлянка” са сваёй адметнай праграмай, поўнасцю пабудаванай на мясцовым матэрыяле, пабывала з выступленнямі ў многіх куточках Беларусі, была ў Польшчы, здымалася на тэлебачанні.

Ужо на пенсіі Надзея Васільеўна атрымала запрашэнне папрацаваць у Вузлянскай сельскай бібліятэцы. З радасцю пагадзілася стаць гаспадыняй кніжнага царства, якое прываблівала з дзяцінства. Не зніклі нікуды з гадамі цяга да ведаў, любоў да літаратуры, паэзіі. Дзякуючы шчырасці, камунікабельнасці Надзея Мішчанка стварыла ва ўстанове ауру, напоўненую добразычлівасцю і цеплынёй. Вось і прыходзілі з задавальненнем туды вясковыя жанчыны пагартаць газеты і часопісы, пагуляць у шашкі і проста пагаварыць на жыццёвыя тэмы.

Надзея Васільеўна — даўні і пастаянны падпісчык раённай газеты. Прычым не толькі яе актыўны чытач, але і аўтар многіх цікавых публікацый пра людзей, мерапрыемствы. Уздымала неаднойчы на старонках выдання і хвалюючыя пытанні. Чытачы старэйшага пакалення, напэўна, памятаюць пра жартоўна-крытычную перапіску Надзеі Мішчанкі з рыбаком Гатаўскім (былым супрацоўнікам выдання Міхаілам Чарняўскім). Любімай тэмай Надзеі былі аповеды пра родныя Навасёлкі і іх жыхароў. Асабіста ў мяне і цяпер у памяці яе пранікнёны, цікавы артыкул “Навасельскія бываліцы”. Нельга было без слёз чытаць матэрыял “Навасельскія мадонны” — пра лёс жанчын, чые мужы не вярнуліся з вайны. А легенду пра Чорную гару (старажытнае паселішча XI стагоддзя) надрукавалі “Аргументы і факты”. І цяпер яшчэ ў Надзеі Васільеўны шмат задумак і планаў, якімі яна хоча падзяліцца з чытачамі выдання.

За сваю працоўную дзейнасць Надзея Мішчанка неаднаразова адзначалася граматамі розных узроўняў. Яна — выдатнік народнай асветы БССР.

Разам з мужам Пятром Фёдаравічам, якога, на жаль, даўно няма побач, Надзея Васільеўна выгадавала двух сыноў. У яе пяць унукаў і тры праўнукі. Калі на выхадныя збяруцца родныя, за сталом — чалавек дзесяць, а то і больш. На пачэсным месцы — баба Надзя. Усе частуюцца, вядуць размовы. Надзея Васільеўна радуецца за дарагіх сэрцу людзей, асабліва цешыцца з праўнукаў Мішы і Міланы, у якіх цудоўна атрымліваюцца сучасныя танцы.

А яшчэ Надзея — наша стрыечная сястра. Яна заўсёды падтрымае, падбадзёрыць, дасць слушную параду: “Што з намі здараецца, усё да лепшага!” Успамінаюцца традыцыйныя восеньскія сустрэчы ў Сватках у Зоі Лубешкі. Туды звычайна прыязджалі я, Надзя, Ліна і Марыя Захарэвіч — народная артыстка Беларусі. Вельмі цешыліся, што зноў сабраліся. Сядзелі, падоўгу размаўлялі пра жыццё, спявалі песні, бралі ў Марыі інтэрв ю — цікавіліся, як там у тэатры імя Янкі Купалы, якія спектаклі ідуць, што ў бліжэйшых планах… І так было цёпла, добра і ўтульна…

Хачу пажадаць сваёй сястры, калегу, выдатнаму Педагогу моцнага здароўя, дабрабыту, заставацца і надалей бадзёрай, жыццярадаснай, усімі любімай і паважанай.

Галіна РОЎДА, жыхарка аг. Нарач. Фота забяспечана Галінай Роўда.