Мікалай Варанец: Былых супрацоўнікаў міліцыі не бывае

270

10 лістапада — Дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС. У шэрагах гэтай слаўнай кагорты людзей у пагонах і Мікалай ВАРАНЕЦ з аграгарадка Нарач.

Мікалай Міхайлавіч — карэнны жыхар Мядзельшчыны. Прыйшоў у міліцыю ў снежні 1974 года. Пачынаў на пасадзе інспектара дарожнай службы ведамаснай міліцыі па дарожным наглядзе раённага аддзела ўнутраных спраў. З 1976-га па 1991-шы — участковы інспектар міліцыі, старшы ўчастковы інспектар міліцыі. Пасля ўзначальваў Нарачанскае аддзяленне мілі­цыі. У сакавіку 1999 года ў званні падпалкоўніка міліцыі звольнены з органаў.

За гады службы Мікалай Міхайлавіч неаднаразова заахвочваўся правамі міністраў унутраных спраў СССР і Рэспублікі Беларусь, начальніка ўнутраных спраў аблвыканкама. Узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік міліцыі” (1978), медалямі “ За бездакорную службу” трэцяй і другой ступеняў (1983, 1988), медалём “Ветэран працы” (1991), памятным медалём “80 год беларускай міліцыі” (1998). Заахвочваўся і як актывіст ветэранскага руху — Ганаровай граматай абласнога савета ветэранаў (2009).

Па татавых слядах пайшлі і дзеці: абое звязалі лёс з міліцыяй. Сын Дзмітрый у 2003 го­дзе закончыў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь, а ў 2017-м — магістратуру пры гэтай навучальнай установе. Дагэтуль служыць у органах, мае званне падпалкоўніка. У 2014 го­дзе Дзмітрый Мікалаевіч узнагароджаны медалём “За бездакорную службу” трэцяй ступені. Жыве ў Мінскім раёне. Разам з жонкай выхоўвае дзвюх дачок — Паліну і Марыю.

Дачка Вольга Храпан нясе службу на роднай Мядзельшчыне. У 2009 годзе закончыла Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь. Пачынала адразу следчым у аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама, пасля — у Следчым камітэце Рэспублікі Беларусь. У лістападзе 2017 года зноў перайшла на службу ў аддзел унутраных спраў райвыканкама. Займала розныя адказныя пасады. Цяпер маёр Храпан — начальнік штаба аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Вольга Мікалаеўна неаднаразова заахвочвалася правамі начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама — Падзякамі ведамства. Узнагароджана яна і медалём “100 год міліцыі Беларусі”. Замужам, выхоўвае дачку Алесю і сына Данііла.

— Станоўчы прыклад таты ў нас з братам заўсёды быў на вачах. Мы бачылі, як ён рана ішоў на службу і позна вяртаўся. Часта і выхаднымі быў на рабоце, — успамінае дачка Вольга. — І нават дома вырашаў неаднойчы розныя службовыя пытанні. Нікому, хто да яго звяртаўся па дапамогу, ніколі не адмаўляў. Нават і цяпер, хоць даўно на пенсіі, пастаянна цікавіцца справамі райаддзела, лёсамі супрацоўнікаў. Гледзячы на яго, выдатна разумею, што, як былых настаўнікаў, так і былых работнікаў праваахоўных органаў не бывае. Працяглыя гады службы кожнага прывучылі да дысцыпліны, парадку, адказнасці. Таму людзі ў пагонах і на пенсіі востра рэагуюць на несправядлівасць, гатовы ўсім дапамагчы. І між сабой ветэраны па-ранейшаму падтрымліваюць сувязь: тэлефануюць, абменьваюцца меркаваннямі, сустракаюцца.

Мікалай Варанец: Былых супрацоўнікаў міліцыі не бывае

Па словах дачкі, бацька часта ўспамінае гады службы. Любіць ён і пагартаць альбом з фотаздымкамі мінулых год. Дзе ўсе супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў маладыя, поўныя сіл і разам з тым адкрытыя да людзей…

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ. Фота забяспечаны Вольгай Храпан.

Цалкам матэрыял чытайце ў нумары "Нарачанскай зары" за 12.11