Дземідовічы: прафесія ў спадчыну

310

ТРЫ пакаленні педагогаў прасочваюцца ў сям’і Дземідовічаў з Будслава — дзядуля, тата з матуляй, дачка і сын. У кожнага з іх свой шлях у прафесію настаўніка. Але па-свойму цікавы і адметны.

Першапачынальнік — Фёдар Васільевіч

Дземідовічы: прафесія ў спадчынуФёдар Дземідовіч нарадзіўся 3 сакавіка 1922 года ў в. Крамок Старадарожскага раёна. Потым жыў у в. Замосце, што на Случчыне, куды пераехала іх сям’я. Там закончыў школу, паступіў вучыцца ў Слуцкае педвучылішча. У 1940 годзе маладога настаўніка накіравалі на працу ў Валожынскі раён, у в. Высокае, дзе яго і застала Вялікая Айчынная вайна. Хлопец наладзіў сувязь з партызанамі, выконваў іх даручэнні. Пасля ваяваў у партызанскім атрадзе “Зні­шчальнік” брыгады імя Варашылава, што базіравалася на Мядзельшчыне.

Нявестка Яніна дагэтуль беражліва захоўвае ўспаміны свёкра пра тыя далёкія часы — пра баі, дыверсіі на чыгунцы, нялёгкі перыяд блакады, радасную сустрэчу з савецкай разведкай 3 ліпеня 1944-га… Сярод сямейных рэліквій і блакнот, у якім партызан запісваў вершы, песні ваеннай пары. Як сведчаць зробленыя ім запісы, шмат добрых спраў на рахунку народных мсціўцаў. Неаднаразова разам з баявымі таварышамі хадзіў і Фёдар на чыгунку, пускаў пад адхон варожыя эшалоны. Глядзеў і смерці ў твар, быў паранены.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Фёдара Васільевіча накіравалі ў в. Старыя Габы аднаўляць школу. Па дарозе туды яму давялося 19 ліпеня 1944 года ўступіць у бой з гітлераўцамі. Гэты бой стаў апошнім у яго ваеннай біяграфіі. Пра храбрасць партызана сведчаць узнагароды: ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медалі “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, “Партызану Вялікай Айчыннай вайны”.
Па волі лёсу ў Старых Габах Фёдар Дземідовіч застаўся. Там і сям’ю стварыў, карані пусціў. Гэта быў першы пасляваенны дырэктар мясцовай школы (1944-1950), якая яго высілкамі адраджалася з руін, адбудоўвалася. Закончыў Віцебскі педінстытут.

Далейшае яго жыццё было звязана з працай настаўнікам у гэтай жа ўстанове адукацыі.
— Свёкар быў чалавекам крыштальнага сумлення, высокаадукаваным, праўдзівым, інтэлігентным, — расказвае Яніна Дземідовіч. — Увесь час горда нёс высокія званні — Настаўніка і Чалавека, быў прыкладам для навакольных. Ад яго сыходзіла нябачнае святло, якое запальвала і нашы сэрцы, натхняла іх на дабро, чысціню, чалавечнасць. Ніхто і ніколі ў Старых Габах не сказаў пра Фёдара Васільевіча дрэннага слова. З ім лічыліся як з выдатным педагогам і прыстойным, сціплым, мудрым чалавекам, адданым школе, вучням. Пра яго там і цяпер гавораць з удзячнасцю. Апошнія гады жыцця ён правёў у нас у Будславе. Тут і памёр у 2006 го­дзе. Дагэтуль з павагай успамінаю свёкра. Цаню ўсё, чаму навучыў.

Сын Васіль

Дземідовічы: прафесія ў спадчыну

Васіль Фёдаравіч нарадзіўся ў Старых Габах. Пасля школы закончыў Віцебскі педінстытут па спецыяльнасці “настаўнік фізікі і матэматыкі”. Працоўную дзейнасць пачынаў на Пастаўшчыне ў Савіцкай школе. Потым жыццёвая дарога прывяла яго ў Будслаўскую СШ. Адразу быў настаўнікам фізікі. Пасля пяць год — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце і амаль 20 узначальваў навучальную ўстанову.
Спатканне маладога настаўніка з Янінай стала лёсавызначальным. Яны пакахалі адзін аднаго, стварылі сям’ю. Роўна 33 гады крочылі поруч, дзелячы ўсё папалам. Пра той час у Яніны Вацлаваўны самыя светлыя ўспаміны:

Дземідовічы: прафесія ў спадчыну

— Муж быў вельмі добрым чалавекам, клапатлівым, уважлівым. Шмат чытаў. Нашы погляды на свет, жыццё поў­насцю супадалі. Была між намі ўзаемная павага, не гасла і каханне. І бацькам ён быў цудоўным. Калі вучыўся ў інстытуце, закончыў курсы кінамеханікаў, кіраўнікоў фотагурткоў і радыётэлемайстроў, атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Гэтыя захапленні актыўна выкарыстоўваў і падчас педагагічнай працы. Мог і тэлевізар адрамантаваць. Муж усяго сябе аддаваў школе, вучням, любімай справе. Ці не таму заўчасна і “згарэў”? Дзеці, калегі, бацькі паважалі Васіля Фёдаравіча. Ён — выдатнік народнай асветы, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. Пасля Чарнобыля здароўе мужа стала рэзка пагаршацца. А 12 гадоў таму яго не стала. Для мяне гэта была вялікая страта. Адразу пуста, сіратліва стала ў хаце…

Нявестка Яніна

Дземідовічы: прафесія ў спадчыну

Яніна — ураджэнка Будслава. Тут прайшлі дзяцінства, юнацтва. Пасля школы закончыла Маладзечанскі по­літэхнічны тэхнікум. Працавала тэхнікам-тэхнолагам, інжынерам-тэхнолагам на мясцовым спіртзаводзе.

Творчую натуру ў сваёй каханай запрыкмеціў муж і параіў змяніць прафесію. Так і прыйшла Яніна ў школу. Пачынала сакратаром, потым увесь час працавала настаў­нікам беларускай мовы і літаратуры. Завочна атрымала вышэйшую адукацыю. Неаднаразова яе вучні займалі прызавыя месцы на раённых, абласных і нават рэспубліканскіх алімпіядах, паказвалі добрыя вынікі на прадметным конкурсе “Буслік”, на цэнтралізаваным тэсціраванні, перамагалі на конкурсах.

І сёння расказваюць калегі, як яна шмат год кіравала гуртком “Паэтычны ветразь” і драматычным. Што ў многім дзякуючы ёй вучні далучаліся да свету мастацтва. А Міхаіл Світа, прайшоўшы добрую школу, стаў прафе­сійным акцёрам і працуе ў купалаўскім тэатры.

Нямала сцэнарыяў падрыхтавала настаўніца для розных мерапрыемстваў, дасылала артыкулы ў раёнку. Піша яна і вершы. Трапна выказаўся пра іх супрацоўнік “Нарачанскай зары”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Павел Жукаў: “Калі чытаеш нізку вершаў Яніны Дземідовіч, на душы становіцца светла. Відаць, таму, што ў аўтара адчуваецца любоў і замілаванасць да роднага слова. А яшчэ — да тых маляўнічых прыродных абшараў, дзе пашчасціла жыць, працаваць…

Унук Андрэй

Дземідовічы: прафесія ў спадчыну

Звязаў свой лёс з выхаваннем падрастаючага пакалення і сын Яніны і Васіля — Андрэй. Пасля школы закончыў Белдзяржуніверсітэт, дзе была ваенная кафедра. Напэўна, гэта акалічнасць, а таксама тое, што ва ўсім любіў парадак, і прадвызначылі яго далейшае жыццё, якое звязаў з міліцыяй. Застаўся ў сталіцы. Пачынаў службу ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Дапамагаў дзецям, якія спатыкнуліся, стаць на правільны шлях. Яго партрэт неаднаразова змяшчаўся на Дошцы гонару. Зараз Андрэй
Дземідовіч — падпалкоўнік міліцыі, працуе ў Спецыялізаваным ліцэі МУС началь­нікам курса.

— Хлопцы вучацца там, — расказвае Яніна Вацлаваўна, — з 7-га па 11-ты клас. Іх жыццё ідзе ў адпаведнасці з распарадкам: ад пад’ёму да адбою. Працаваць з імі і цікава, і адказна. Сёлета выхаванцы сына, былыя пяцікурснікі, перамаглі ў рэспубліканскім конкурсе па страявой падрыхтоўцы. Пра іх у газеце “На страже” пісалі, і міністр адукацыі прыязджаў, віншаваў. З 47-мі выпускнікоў ліцэя звыш паловы (35 чалавек) зараз працягвае вучобу ў ВНУ сілавога блока, з іх большасць — у Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь. У гэтым, лічу, ёсць і заслуга Андрэя. Цяпер у сына новы набор — першакурснікі, якім вельмі патрэбны яго ўвага, падтрымка і дапамога. Мяркую, што разам у іх усё атрымаецца!

Неаднаразова Андрэй Дземідовіч заахвочваўся за сваю службу правамі міністра ўнутраных спраў. Адзначаны ён і медалём “За бездакорную службу ІІІ ступені”. Не зважаючы на занятасць, не забывае родны дом. У вольны час захапляецца рыбнай лоўляй. Ён, як і бацька, — заўзяты грыбнік, любіць і ягады збіраць.

Да пары мужу і жонка-будслаўчанка Ірына — прыгожая, статная, інтэлігентная. Яніна Вацлаваўна можа гадзінамі апавядаць пра сына з нявесткай, пра іх дачушку-разумніцу Яну, якая сёлета закончыла БДУ, пра слаўнага чатырохгадовага ўнука Уладзіка.

Унучка Алена

Дземідовічы: прафесія ў спадчыну

Алена з дзяцінства марыла стаць гісторыкам. І яе мара спраўдзілася. Закончыла Будслаўскую СШ з залатым медалём, а Белдзяржуніверсітэт — з чырвоным дыпломам. Потым вучылася ў магістратуры, ас­пірантуры. Кіраўніком яе навуковых работ быў вядомы беларускі гісторык Павел Алегавіч Лойка. Сёння Алена Васільеўна — кандыдат гістарычных навук, дацэнт, працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на кафедры міжнародных адносін. Прычым не толькі са студэнтамі прэстыжных факультэтаў, але і з аспірантамі. У кожным з іх стараецца бачыць асобу, якая прыйшла па веды, хоча даведацца новае, удасканаліцца. У сувязі з гэтым і будуе з імі свае адносіны.

Алена вельмі любіць сваю работу. Мае шэраг уласных навуковых прац. Большасць іх датычыць гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Часта запрашаецца ў склад журы розных конкурсаў, у тым ліку старшынёй. У дасканаласці ведае польскую, англійскую мовы. З задавальненнем працуе ў ар­хівах, бібліятэках. Любіць падарожнічаць, вывучаць жыццё ў іншых краінах. Ужо шмат дзе была — у Швецыі, Аўстрыі, Чэхіі, Балгарыі, Італіі, Германіі, на Мальце, Кіпры…

Па словах маці, дачка ўпарта ішла да сваёй мэты. І хоць шлях у навуку не быў просты і лёгкі, не збочыла з яго. І пра гэта ніколькі не шкадуе. Наадварот, вельмі задаволена, што мае працу, якая падабаецца і прыносіць плён.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ. Фота з сямейнага архіва Дземідовічаў.